Святкаванне без здарэнняў

- 10:26Інфармацыйная гадзіна

У месцах святкавання Дня Незалежнасці не зафіксавана ніводнага надзвычайнага здарэння. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Дзмітрый Кур’ян.

“Дзякуючы правядзенню папярэдніх мерапрыемстваў, а таксама пераходу асабовага складу органаў унутраных спраў у час правядзення святочных мерапрыемстваў на ўзмоцнены варыянт нясення службы, у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў не зафіксавана ні аднаго надзвычайнага здарэння або злачынства. Яшчэ больш, хацелася б асабліва падкрэсліць, што сярэднестатыстычная рэгістрацыя злачынстваў у гэты дзень была ў тры разы ніжэйшая, чым звычайна”, — сказаў Дзмітрый Кур’ян.

Для гарантавання бяспекі жыхароў Беларусі і гасцей краіны органы ўнутраных спраў праводзілі нагляды за святочнымі пляцоўкамі з найбольш масавым знаходжаннем людзей. “Толькі ў Мінску функцыянавала больш за 140 пунктаў пропуску. Гэта дало магчымасць забяспечыць найбольш камфортны і хуткі праход да месцаў правядзення мерапрыемстваў”, — сказаў Дзмітрый Кур’ян.

Як адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Аляксей Іофе, у дзень правядзення святочных мерапрыемстваў 3 ліпеня ўся работа была пабудавана на аснове раней распрацаваных планаў. Баявыя разлікі дзяжурылі ў месцах правядзення асноўных мерапрыемстваў. Была гарантавана бяспека, у тым ліку і асобнымі нарадамі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Асноўныя мерапрыемствы праходзілі ў Мінску — у сталіцы была задзейнічана 21 адзінка тэхнікі на ранішнім мерапрыемстве, звязаным з правядзеннем парада, вечарам — 18 адзінак. За перыяд святочных мерапрыемстваў надзвычайных сітуацый не зарэгістравана”, — сказаў прадстаўнік МНС.

Начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук падкрэсліў, што практычна не было зваротаў на аказанне медыцынскай дапамогі. “Нашы брыгады дзяжурылі ва ўсіх месцах масавых мерапрыемстваў. Па ўсёй рэспубліцы, там, дзе ўдзельнічалі ветэраны, было арганізавана іх медыцынскае суправаджэнне. Гэта значыць, медработнікі былі замацаваны непасрэдна за ветэранамі — яны дастаўляліся з раёнаў Мінска да месца правядзення парада і назад”, — растлумачыў Алег Панчук.