Святлана Адамчук: “Урок музыкі — гэта ўрок задавальнення”

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Настаўніца музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі Святлана Адамчук у ліпені гэтага года ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”, і яе імя занесена на абласную Дошку гонару. Суперфіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020”, настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі Святлана Міхайлаўна любіць сваю прафесію, вучняў пачатковай школы, якім выкладае музыку і спевы, і ўпэўнена, што ўрок музыкі — гэта ўрок задавальнення.

— Святлана Міхайлаўна, раскажыце пра сябе, чаму менавіта выкладанне музыкі стала вашым прызваннем?

— Старажылы Гродна ведаюць, што некалі музычнае вучылішча знаходзілася на вуліцы Ваўковіча. Я з малых гадоў праходзіла пад яго вокнамі. Адтуль даносіліся гукі, і мне заўсёды было цікава, што гэта такое. Відаць, гэта нейкім чынам падштурхнула мяне займацца музыкай. Мама расказвала, як я, гуляючы па парку Жылібера, спявала песню Алы Пугачовай “Жанчына, якая спявае”.

Пяць гадоў займалася ў музычнай студыі ў 25-й школе, цяпер гэта гімназія № 6, а затым у вячэрняй школе пры Доме афіцэраў. Ужо калі ты займаешся музыкай, то і прафесію трэба выбіраць звязаную з гэтым. Так  вырашыла пайсці ў педагагічнае вучылішча, і мама падтрымала. Ніколькі не шкадую, што зрабіла такі выбар. Маім куратарам была Наталля Аляксандраўна Ваўковіч, цяпер дырэктар гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Выкладалі педагогі з вялікай літары Вера Іванаўна Ярошына, Таццяна Васільеўна Перасадзька, Тамара Іосіфаўна Агароднікава, Адам Сідаравіч Чопчыц, Надзея Іванаўна Бракала. Гэта людзі, якія пісалі падручнікі па музыцы.

На ІV курсе прыняла ўдзел у конкурсе “Лепшы па прафесіі”, а любы конкурс — гэта магчымасць вырасці. Я заняла 2-е месца сярод навучэнцаў педагагічных вучылішчаў краіны і затым без экзаменаў паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на завочнае аддзяленне. Скончыўшы вучылішча з чырвоным дыпломам, папрасілася на работу ў Гродзенскую гарадскую гімназію. Вельмі хвалявалася. Тады завучам па выхаваўчай рабоце была Г.М.Дулуб, яна расказвала, што я ўстала на крэсла і заспявала. І мяне ўзялі. Ужо 26 гадоў працую ў гімназіі. Педагог С.Я.Даўгіх, на месца дэкрэтнага якой я тады прыйшла, затым стала маім настаўнікам. У жыцці мяне заўсёды акружалі вельмі добрыя людзі, якія вучылі, падтрымлівалі.

— А чаму вы выбралі менавіта баян?

— Піяніна каштавала дорага, а мой першы і адзіны баян купіла мне бабуля. Любоў да гэтага інструмента прыйшла потым. Цяпер разумею, што баян — адзін з дзіўных інструментаў, як арган, ён можа і як флейта гучаць, і як трубы. Хаця я іграю і на фартэпіяна, а цяпер асвойваю ўкулеле — невялікую гавайскую гітару. Трэба было, і на дудачцы іграла, але баяну засталася верная. Калі на ўроку музыкі ты іграеш на баяне, не трэба працаваць над гукавядзеннем, баян сам мякка, пяшчотна вядзе гук, і дзеці пачынаюць спяваць. На фартэпіяна, напрыклад, такой звязнасці няма. Выкарыстоўваю і фанаграмы на ўроку, але больш хочацца спяваць пад баян.

— Як вядзецца выкладанне музыкі і спеваў у пачатковай школе?

— Гэта такі ж прадмет, як і ўсе астатнія. Дзеці слухаюць музыку, спяваюць, іграюць на дзіцячых музычных, на шумавых інструментах, вучацца адрозніваць музыку па настроі, па характары, атрымліваюць першапачатковыя звесткі пра музыку. Напрыклад, у 2 класе гутарка ідзе пра музычную мову — дынаміку, тэмп, рытм. У 3 класе вучні знаёмяцца з такімі паняццямі, як музычная форма, інтанацыя, песеннасць, танцавальнасць. У 4 класе дзеці адпраўляюцца ў “падарожжа” па краінах, вывучаюць музыку нашай краіны і розных народаў свету. Шкада, што такія ўрокі толькі да 4 класа. Пяцікласнікі прызнаюцца, што ім не хапае музыкі, хочацца паспяваць. І ўвогуле, гэта прадмет, на якім трэба і думаць, і працаваць. Магчыма, не так, як на матэматыцы, але музыка ненавязліва прымушае вучняў працаваць і ўключаць не толькі галаву, але і душу.

— Наколькі я ведаю, у Гродзенскай гарадской гімназіі і старшакласнікі займаюцца музыкай.

— У гімназіі ёсць факультатывы музычнай накіраванасці, якія дзеці наведваюць па-за ўрокамі. У нас дастаткова вялікая музычная школа, і сальфеджыа там праходзяць, і вакал, і інструменты ёсць. Такое адчуванне, што мы з выкладчыкамі музычнай школы дуем у адну дудку. Педагогі прызнаюцца, што дзеці пасля пачатковай школы прыходзяць у музычную з пэўным запасам ведаў. Ёсць і такія, хто пасля 9 класа паступае ў каледж мастацтваў ці ў музычнае вучылішча. Не скажу, што гэта мая заслуга, бо я з імі займаюся толькі да 4 класа. Але каго закранула музыка і ён працягвае займацца далей, гэта здорава.

— Вы працуеце з самымі маленькімі школьнікамі, бачыце, як на іх уплывае музыка. На ваш погляд, ці трэба, каб кожнае дзіця не толькі асвойвала асновы музычнай культуры, але і вучылася іграць на інструментах?

— Мае дзеці музыкай не займаліся, можа, таму, што я ведала, наколькі гэта цяжкая праца. А калі яны выраслі, зразумела, што памылялася. Заняткі музыкай развіваюць, вучаць адначасова рабіць некалькі спраў. Калі іграеш на інструменце, ты павінен чытаць ноты, чуць, што іграеш і думаць наперад. Калі спяваеш, вучышся правільна дыхаць. Пасля гэта можа дапамагчы ў размове з іншымі людзьмі, дае магчымасць выступаць на сцэне не толькі як спявак, але і як дыктар, развівае маўленне. Музыка развівае, узбагачае ў эмацыянальным плане, дапамагае больш тонка адчуваць іншага чалавека. Заняткі музыкай вучаць працаваць, правільна планаваць час.Ты можаш не стаць вядомым музыкантам, але займацца музыкай трэба.

— А бачна па маленькім дзіцяці, што гэта ўжо зорачка?

— Бачна. Яны розныя, адразу бачна, у каго завышаная самаацэнка, у каго заніжаная. Ёсць першакласнікі, якія яшчэ нічога сабой не ўяўляюць, але ўжо ўмеюць сябе падаць. Потым пачынаеш як алмаз іх апрацоўваць, каб былі крышачку больш сціплымі, давалі сабе правільную ацэнку. А бываюць дзеці вельмі таленавітыя, але сціплыя. І трэба дапамагчы ім паверыць у сябе. Але талент заўсёды бачна.

— А як раскрыць талент дзіцяці?

— На ўроках, якія праходзяць раз на тыдзень, гэта зрабіць цяжка. Я магу параіць педагогам музычнай школы ўзяць гэтае дзіця альбо бацькам — аддаць яго на такія заняткі.

— З якога ўзросту лепш пачынаць займацца музыкай?

— У кожнага інструмента свой узрост. Напрыклад, іграць на гітары ці акардэоне першакласнік не зможа. Гэта залежыць яшчэ і ад узроўню падрыхтоўкі самога дзіцяці, і ад педагога. Можна і ў 6 гадоў адбіць усю ахвоту займацца музыкай, калі настаўнік аўтарытарны, а можна падаваць усё праз гульню, выклікаць любоў да заняткаў, і яны стануць у радасць.

— Вы сталі суперфіналістам кункурсу “Настаўнік года — 2020”. Што даў вам удзел у такім значным прафесійным конкурсе?

— Гэта быў мой трэці ўдзел у конкурсе. Упершыню ўдзельнічала ў 2005 годзе, другі раз у 2010 годзе спынілася на абласным этапе. А ў мінулым годзе выйшла пераможцай на раённым, абласным этапах і восенню ў ліку каманды з васьмі педагогаў з Гродзенскай вобласці адправілася ў Мінск. У рамках конкурсу трэба было даць майстар-клас для студэнтаў музычнага факультэта педагагічнага ўніверсітэта, два ўрокі. У выніку я стала суперфіналістам конкурсу  “Настаўнік года — 2020”. Для мяне гэта вельмі значна.

Мой дэвіз па жыцці — словы пажа з “Папялушкі”: я не чараўнік, я толькі вучуся. Кожны раз я нечаму вучылася, а калі ты педагог, то не павінен стаяць на месцы, мусіш пастаянна развівацца. Я заўсёды ўдзельнічала ў розных конкурсах, гэта дапамагае атрымаць новыя веды, павучыцца. Конкурсы даюць магчымасць пашырыць свой кругагляд, убачыць сябе збоку і паназіраць, як калегі працуюць. І гэта потым адбіваецца на рабоце.

— Што асабіста вас натхняе, якую музыку слухаеце?

— Я вельмі люблю класічную музыку, у прыватнасці, Рахманінава, Шапэна, Грыга. Кожны раз, калі слухаеш музыку, як і чытаеш кнігу, знаходзіш нешта новае. Раптам пачуеш акорд, які раней не чуў, ці інструмент. Люблю паслухаць і папулярную музыку, і джаз, многа слухаю песень для дзяцей.

— А вашы вучні, яны ж не ў музычную школу прыйшлі, успрымаюць класіку?

— Усё залежыць ад настаўніка, як ім паднесці, расказаць пра кампазітара, зацікавіць. Калі зацікавіць, напрыклад, Бетховенам на ўроку, то дзіця будзе слухаць яго музыку і дома. Я выкарыстоўваю ў рабоце эўрыстычнае навучанне. Гэта магчымасць даць дзецям самім знайсці адказы на пытанні. Магу, не расказваючы пра кампазітара, паказаць яго партрэт і прапанаваць вучням адказаць, што гэта за чалавек, якая ў яго музыка. Потым слухаем творы, і дзеці разумеюць, наколькі кожны кампазітар шматгранны.

— Наколькі работа ў пачатковай школе — ваш шлях?

— Мне вельмі пашанцавала, што я працую ў пачатковай школе. Па прадмеце “Музыка” не выстаўляюцца адзнакі, але можна знайсці, чым матываваць дзяцей. А паколькі адзнак няма, то ўрок музыкі — гэта ўрок задавальнення. І мая задача не толькі навучыць дзяцей, але каб яны атрымалі задавальненне і ўзялі для сябе тое, што ім дапаможа ў жыцці. Гэта не толькі ўрок пра музыку, ёсць такое выказванне: за жыццё. Мы іграем на фанціках, шкляначках, атрымліваецца здорава і цікава. Разам з дзецьмі сачыняем, у іх развіваецца фантазія і логіка. Мне падабаецца ўрок музыкі тым, што ты не толькі даеш дзіцяці музыкальную адукацыю, а развіваеш яго рознабакова.

— У вас такі вялікі вопыт работы. Што хацелася б памяняць у працэсе навучання ці дасягнуць асабіста?

— Я займаюся тым, што мне падабаецца: не толькі вучу дзяцей, але і працую як настаўнік-метадыст, часта сустракаюся з педагогамі, якія вядуць факультатывы музычнай накіраванасці, дзялюся з імі вопытам. А таму павінна сама пастаянна расці, не стая ць на месцы. А ў плане прадмета, вельмі хацелася б, каб вярнулі музыку да 8 класа. І працаваць з дзецьмі больш старэйшага ўзросту, якія ўспрымаюць музыку не толькі эмацыянальна, выслухоўваць іх меркаванні. Настаўнік тады і сам расце.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Гродзенскай гарадской гімназіі.