Святлана Карабач: «Мая энергія ідзе ад любові да людзей, свайго калектыву і ад навукі маіх бацькоў»

- 16:40Образование

Больш за 30 гадоў кіраўніком пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі спецыяльнай школы-­інтэрната Ваўкавыска з’яўляецца Святлана Мікалаеўна Карабач, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Яе працоўная дзейнасць пачалася ў школе-інтэрнаце 23 лютага 1981 года. Калегі адразу ўбачылі адказнасць, працавітасць Святланы Міка­лаеўны і ў хуткім часе выбралі яе членам прафкама, даручыўшы ўзнача­ліць культурна-масавую камісію. І не памыліліся: жыццё праф­саюзнай арганізацыі напоўнілася новымі цікавымі мерапрыемс­твамі, якія аб’ядноўвалі калектыў, — агеньчыкамі, капуснікамі, паездкамі, экскурсіямі, спартыўнымі мерапрыемствамі. Таму падчас чарговых выбараў старшыні прафсаюзнай арганізацыі сумненняў не было — Святлана Карабач.

Адказнасць, працавітасць, спагадлівасць, павага да лю­дзей фарміраваліся ў Святланы Мікалаеўны з дзяцінства, у яе сям’і, дзе бацькі былі простымі сялянамі. Браты і сястра Святланы атрымалі вышэйшую адукацыю. Сама яна скончыла факультэт бібліятэказнаўства Мінскага інстытута культуры. Работа ў спецшколе-інтэрнаце падштурхнула атры­маць яшчэ адну адукацыю — настаўніка-дэфектолага.

Высока ацэньваючы ролю прафсаюзнага лідара, старшыня Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Газізава падкрэслівае, што шматразовае перавыбранне сведчыць аб даверы калектыву спецшколы-інтэрната да свайго прафсаюзнага лідара і жаданні самой Святланы Мікалаеўны весці актыўную грамадскую работу.

— Святлана Мікалаеўна ў нас аптымістка, актывістка, артыстка, спартсменка, — працягвае Таццяна Аляксандраўна. — Калектыў школы-інтэрната і прафсаюзны лідар пастаянна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Так, у мінулагоднім абласным турзлёце работнікаў сістэмы адукацыі наш раён прадстаўлялі каманды ваўкавыскай спецшколы-інтэрната і Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. І каманда Ваўкавыскага раёна заняла 1-е месца.

На раённым турзлёце каманда школы-інтэрната заняла 2-е месца. Святлана Мікалаеўна разам з дырэктарам школы Вячаславам Бычакам прадстаўляла праграму, прысвечаную Году гістарычнай памяці.

Вялікую ўвагу ўдзяляюць у прафкаме спецшколы і рабоце з ветэранамі. Святлана Мікалаеўна ўзначальвае ветэранскую арганізацыю, якая налічвае амаль 50 чалавек. Ветэраны ўдзель­нічаюць у святах і раённых конкурсах-выставах па дэкаратыўным мастацтве, прыходзяць на вечары сустрэч, спяваюць у раённым хоры ветэранаў і нават наведваюць камп’ютарныя курсы.

— Мы вырашылі, што важна захоўваць памяць аб падзеях і людзях, таму ствараем “Кнігу памяці” і запісваем успаміны ветэранаў, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — Увага і павага вельмі важныя для лю­дзей сталага веку, якія ўсё жыццё прысвяцілі нялёгкай працы. Толькі абапіраючыся на вопыт ветэранаў, традыцыі і ўлічваючы рэаліі нашага часу (напрыклад, мы актыўна вядзём старонку прафкама на сайце школы), можна дасягнуць станоўчых вынікаў у рабоце.

Сама Святлана Мікалаеўна ўжо больш за 40 гадоў сумленна працуе на пасадзе загадчыка бібліятэкі. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце спецшколы-інтэрната Ала Былінская, гэта вельмі добрасумленны, надзейны, аўтарытэтны і творчы чалавек. У яе заўсёды парадак як у бібліятэцы, так і ў прафсаюзных справах.

— Па суботах праводзім бібліятэчныя заняткі, якія напаўняем рознымі мерапрыемствамі, — гаворыць Святлана Мікалаеўна, — да нас прыхо­дзяць госці, чытаем з дзецьмі ўголас кнігі. Я задаволена, калі дзіця проста патрымае кнігу ў руках — з гэтага можа пачацца цікавасць ды чытання.

На пытанне, у чым сакрэт такой шматгадовай актыўнасці, Святлана Мікалаеўна адказвае словамі Ніла Гілевіча: “Рабі дабро, хоць нават коштам апошніх сіл, апошніх мук. І не пытай: каму? Завошта? Рабі — без просьбаў і прынук!”. І дадае:

— Мая энергія ідзе ад любові да людзей, свайго калектыву і ад навукі маіх бацькоў. Простыя людзі, яны былі вельмі адказнымі, спагадлівымі, вучылі нас паважаць людзей і любіць сваю справу. А ў маім жыцці дзве вялікія справы — работа ў школе-інтэрнаце і прафсаюзная работа. Я павінна ўсюды паспець, а спраў наперадзе вельмі шмат!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ