Святлана Лукінская — пра знаходкі, надзённыя клопаты і адметнасці сістэмы адукацыі Рэчыцкага раёна

- 12:14Персона

Сёлета 25 гадоў з таго часу, як яна пачала працаваць у Рэчыцкім аддзеле адукацыі, і ўжо сем гадоў Святлана Валянцінаўна яго ўзначальвае. Яна пераканана, што сістэма адукацыі ў раёне на высокім узроўні, па-ранейшаму не шкадуе сіл на тое, каб “на выхадзе” была якасная адукацыя.

Гаварылі пра многае. Спачатку прыглядваліся адно да аднаго, звяралі сістэмы жыццёвых каардынат. Была за сталом і даўняя паплечніца Святланы Валянцінаўны — Таццяна Сяргееўна Пішчык, метадыст, і ўдалося зафіксаваць “погляд збоку” на Святлану Лукінскую — жонку афіцэра, якая ва ўсім любіць парадак і дысцыпліну.

Пад канец размовы я задаў пытанне: “Як лічыце, ёсць у нашым свеце месца выпадковасці альбо нічога не выпадкова?”. Святлана Валянцінаўна разважыла: “Выпадковасцей няма, я ў гэтым упэўнена. Усё мае прычыны і наступствы, якія часта прыхаваны… І невыпадкова, пэўна ж, я нара­дзілася ў далёкім Тайшэце і потым вярнулася з мужам па яго службе ў Забайкалле… А там зімой да мінус 45 і вятры дзьмуць, калі ад лёду ўскрываецца Байкал — ісці немагчыма, з ног зносіць, і слёзы цякуць… Я бывала і ў гарадку Нерчынску, дзе адбывалі высылку многія дзекабрысты, міжволі думала пра свой лёс. Чаму, для чаго жыццё мяне выпрабоўвае? На тое, відаць, ёсць прыхаваныя прычыны, і, можа, тое патрэбна, скажам, для майго духоўнага росту. Бо толькі праходзячы праз выпрабаванні, цяжкасці, мы расцём, раскрываецца патэнцыял душы”.

Поле клопатаў у Святланы Лукінскай і яе калег вялікае: 37 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (звыш 11 тысяч навучэнцаў), 35 — дашкольнай (звыш 3700 выхаванцаў), 3 установы спецадукацыі, 2 — дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, звыш 2 тысяч педработнікаў.

Пра адметнасці рэчыцкай сістэмы адукацыі, пра жыццёвыя выпрабаванні, знаходкі, набыткі — наша размова.

“Ваенная тайна Чыты — 46”

— Святлана Валянцінаўна, калегі мне падказалі, што вы — афіцэрская жонка і што разам з мужам служылі ў Забайкаллі…

— Так, я выйшла замуж за афіцэра, калі працавала ў 1-й рэчыцкай школе арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. А Забайкалле двойчы было ў маім лёсе: я і нарадзілася ў Тайшэцкім раёне Іркуцкай вобласці. Там служыў старшыной тата, родам з Брагінскага раёна. Калі на Палессі пачалі здабываць нафту, мы пераехалі ў Рэчыцу і тата працаваў нафтавіком. Я тут скончыла школу, працавала піянерважатай і завочна ў 1986-м скончыла Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Ф. Скарыны. Тата марыў, што стану юрыстам, а мяне з дзяцінства вабіла школа. Помніцца, мяне малую прывозілі на канікулы да бабулі-дзядулі ў вёску, дык заўсёды бегла ў школу: мне там вельмі падабалася… А ў 1990-я з Беларусі мы паехалі ў Чыту. Часць мужа перабазіравалі ў Забайкалле: Чыта-46 — гэта цяпер пасёлак гарадскога тыпу Горны. Жылі там 5 гадоў, і штогод я, калі ехалі дадому, праязджала сваю станцыю Тайшэт. Было тое ноччу, і я прасіла правадніка мяне разбудзіць: выходзіла, стаяла на той зямлі, дзе нарадзілася, дыхала “паветрам дзяцінства”.

— Вы там працавалі настаўніцай ці былі хатняй гаспадыняй?

— Спачатку без работы была: вадзіла сына ў школу, сядзела дома. І было няпроста вырвацца як у пустэчу з віру школьнага жыцця: настаўнік гісторыі ў 7-й школе, класны кіраўнік… Прыехалі на новае месца, помніцца, 7 верасня 1995-га, месцы ў школе занятыя. А ў Рэчыцы 7-я школа была вялікая, і мікрараён вялікі: ідзеш — і ўсе вітаюцца, усе цябе ведаюць. Гарпасёлак, дзе абжываліся, доўгі час быў закінуты і ўсе ў ім чужыя: ніхто нікога не ведае… У мяне нават пачалася дэпрэсія, гатова была хоць кім пайсці працаваць: так уплывае на псіхіку абсалютны застой пасля бурнай актыўнасці. Але пашанцавала: у пачатку 1996-га стваралі аддзел адукацыі, пасля размовы з кіраўніком гарадміністрацыі мяне зацвердзілі загадчыкам аддзела. Там было шмат беларусаў: з Рэчыцы, Ліды, Мазыра, Слуцка… І мы адразу праявілі сябе: нашы дзеці ў першы ж год выйгралі прадметную алімпіяду ў Чыце. Усе дзівіліся: вось дык якасць падрыхтоўкі! Быў артыкул у газеце пад загалоўкам “Ваенная тайна Чыты — 46”: пра поспехі беларускіх дзяцей у вучобе.

— І ў Забайкаллі вы ўпершыню паспрабавалі сябе ў якасці кіраўніка…

— Так, да таго ж я прайшла там немалыя маральныя, фізічныя выпрабаванні, набыла вопыт. У Забайкаллі шмат ез­дзіла на семінары, канферэнцыі па вобласці, якая велізарная: па тэрыторыі як шэсць Францый. Пабывала ў 1998-м у Кітаі: быў дагавор аб супрацоўніцтве паміж Чыцінскай вобласцю і Маньчжурыяй. Паглядзела там школы, дзіцячыя сады, пераканалася, што кітайцы — працаголікі. Толькі мяжу пераехалі — пайшлі кіламетровыя цяпліцы. У школе кітайскі настаўнік адказвае за вынікі сваёй працы. Класы вялікія, па 60—65 чалавек, з 2 да 4 гадзін усе вучні едуць дадому на абед, потым вяртаюцца — і робяць урокі да 6—7 вечара, прычым разам з педагогамі…

Трымаем планку

— Па сутнасці, ваш “забайкальскі вопыт” і прадвызначыў шлях у педагогіцы…

— Відаць, так… Мы працавалі там 5 гадоў, вярнуліся ў сярэдзіне 2000 года. Муж пайшоў на пенсію, а я — у 7-ю школу. Праз некалькі месяцаў запрасілі мяне ў Рэчыцкі аддзел адукацыі, тут я і расла. Два гады працавала метадыстам, яшчэ два — галоўным спецыялістам, з 2004 па 2018 год — намеснікам начальніка аддзела. Шмат вучылася ў начальніцы Наталлі Іванаўны Міц. Яна імкнулася трымаць высокую планку рэчыцкай адукацыі, і мы разам з ёй. І цяпер падтрымліваем з ёй кантакт — і трымаем планку. Я люблю адукацыю, сваю работу. Хоць узрост і дазваляе пайсці на заслужаны адпачынак, але хочацца яшчэ нешта зра­біць. Мне ж не ўсё роўна, што будзе тут з адукацыяй далей. Робім усё для таго, каб былі добрыя школы, дзіцячыя сады  з сучаснай матбазай, кваліфікаванымі кадрамі.

— А дзе самыя кваліфікаваныя?

— Мяркуючы па выніках прадметнай алімпіяды — у раённых гімназіі ды ліцэі. Мы першымі ў вобласці стваралі іх у ­2004-м. Адбіралі туды лепшых педагогаў, і з таго часу гэтыя ўстановы на вышыні: гэта як лакаматывы, флагманы. На іх базе праходзяць як раённыя, так і абласныя, рэс­публіканскія семінары. Асабліва ў ліцэі, дзе працуюць тры настаўнікі-метадысты. Штогод у нас ёсць пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, пазалетась — міжнароднік па хіміі. Там ёсць пра што пісаць! Наступным разам можам цэлы дзень правесці ў ліцэі: там ёсць навуковае таварыства “Фатон”, працуе самакіраванне…

Увогуле мы даўно і сістэмна працуем з настаўнікамі, якія рыхтуюць моцных алімпіяднікаў, заахвочваем іх. Гэта адзін з асноўных кірункаў работы аддзела.

Летнія турботы

— Што сёння ў полі вашых клопатаў?

— Вельмі многае! Увогуле ж у летнюю пару галоўнае пытанне — падрыхтоўка школ да новага навучальнага года. На тое выдзелена каля 1 млн 400 тысяч рублёў. І старшыня райвыканкама са свайго фонду выдаткаваў 160 тысяч: на рамонт даху ў 4-й школе. І ўсё тое — апроч касметычных рамонтаў. Ідзе ўстаноўка сістэм кантролю доступу ў гарадскія ўстановы адукацыі: турнікетаў, дзвярэй з электрамагнітнымі замкамі… Ва ўсіх будуць электронныя пропускі. Устанаўліваем і сістэмы пажарнай сігналізацыі, відэаназірання. Усё патрабуе ўвагі. Дарэчы, у нашым аддзеле сёння ўсяго 4 чалавекі, а ў 2000-м, напрыклад, было 16. У раёне ёсць цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, яго спецыялісты разам с кіраўнікамі нашых устаноў займаюцца пытаннямі рамонтаў, пераабсталявання.

— Чым цікавы рэчыцкі вопыт аздараўлення школьнікаў, арганізацыі працоўнай дзейнасці падлеткаў?

— Аздараўленчыя лагеры ў нас працуюць штогод, лагеры працы і адпачынку таксама, у тым ліку сумесныя з прадпрыемствамі, арганізацыямі. Адпрацавана сістэма працы і адпачынку па праграме так званай другаснай занятасці, бо на першым месцы ў школьнікаў вучоба. У вольны ад яе час яны шыюць пасцельную бялізну, танцавальныя касцюмы, уніформу для дзяжурных па сталовых, ручнікі, гальштукі… Праекты рэалізуем сумесна з упраўленнем па працы і сацабароне. Падлеткі адначасова і ў лагеры адпачываюць, і працуюць. Такое ёсць у многіх школах. Мэблю рамантуюць, стэнды робяць, працуюць на тэрыторыі школ, праполваюць клумбы ці падсаджваюць кветкі (як прыклад, мне паказалі тэрыторыю 12-й школы — пра тое выйшлі нататкі. — Заўв. аўт.). І прытым атрымліваюць заробак. Як і належыць па працоўным заканадаўстве, працуюць падлеткі па 3 га­дзіны 46 мінут у дзень. Мы распрацоўваем праекты (што ў якой школе трэба рабіць), пад іх на базе школ ствараюцца рабочыя месцы. Потым ідзе фінансаванне. Адпрацавалі розныя нюансы. У лагерах зарплата за 15 дзён  амаль 200 рублёў на кожнага. І падлеткі пры справе. Кожная школа такія праекты рэалізуе ўлетку па два разы, і ў жніўні таксама. Другасная занятасць у нас арганізавана на працягу года: і на восеньскіх, вясновых ці зімовых канікулах, а калі што трэба, то і ў вучэбны час пасля заняткаў. Імкнёмся ў атрады запіс­ваць найперш падлеткаў з 14 гадоў, якія ў канфлікце з законам. Часам хлопчыкі шыюць лепей за дзяўчынак, а тыя крэслы лепш, чым хлопчыкі, рамантуюць: у каго якія здольнасці…

— Хто выступае куратарамі ў падобных праектах?

У кожнай школе свая спецыфіка, сістэма работы, кадравы патэнцыял і традыцыі. Адзін праект распрацоўвае, другі  непасрэдна з дзецьмі працуе. Вядома ж, калі выконваецца рамонт крэслаў, то гэта, як правіла, курыруе настаўнік працоўнага навучання. А з крэсламі праблема вечная! Іх бясконца выпрабоўвае маладая энергія. Метал, як правіла, вытрымлівае, а злучэнні расхістваюцца, губляюцца, а спінкі і сядзенні трэба паднаўляць. Купляем рэмкамплекты, падлеткі збіраюць крэслы нанова — эканомім сродкі. А летась мы шылі пасцельную бялізну на базе школ і для інтэрнатаў для дарослых: ка­рысць для грамадства і заробак для падлеткаў…

За практыку — абедзвюма рукамі!

— Згадваю, як пачуў днямі ад хлопца-выпускніка ў Мінску: “Не паступлю, то годзік дома пасяджу, пагуляю ў гульні…”

— Цяпер школьнікі, асабліва гарадскія, не прывучаны да працы… Але ж вось упершыню сёлета па рашэнні Мінадукацыі аднавілі практыку для школьнікаў, і мы ўсе за тое  абедзвюма рукамі. Бо грэх выкідваць каштоўны досвед на звалку гісторыі! Раней дзеці нават і ў класах прыбіралі…

— Я сам у такой школе вучыўся: на вялікім перапынку рабілі вільготнае прыбіранне. Для таго ў кожным класе быў графік дзяжурстваў, венік, шуфлік, вядро, ануча, швабра…

— Было такое! А калі дзяцей ад усяго такога ізаляваць, то гультаёў жа выгадуем. А потым абураемся: чаму яны ў нас нічога не ўмеюць…

— Што з цікавых падзей гэтага года яшчэ згадаеце?

— У нас на Дзень Перамогі штогод праходзіць парад акцябрацкіх войскаў. Раней такое было, і мы гэтую патрыятычную традыцыю аднавілі.

Сёлета ўпершыню свята ў нас прайшло пад вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” — высокую ўзнагароду 6 мая гораду ўручыў Прэзідэнт Беларусі. Наш парад мае вялікі розгалас: адзін з ролікаў, які я бачыла ў сацсетках, назбіраў звыш 500 тысяч праглядаў!

Удзельнічаюць усе гарадскія школы: звыш 250 чалавек, у тым ліку і нашы “зарнічнікі”. А яшчэ ў нас 11 мая прайшоў адкрыты рэгіянальны конкурс “Юны партызан”, у якім прынялі ўдзел патрыятычныя класы з Беларусі ды Расіі. Чакаецца, што ў 2026-м гэта ўжо будуць рэспубліканскія спаборніцтвы.

Штогод 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, свята ў горадзе — і ўстановы адукацыі ў ім таксама паўдзельнічалі. Прадстаўлялі свае інтэрактыўныя праграмы. І ў Дзень моладзі былі актыўнасці. У прыватнасці, ладзілі дыялогавую пляцоўку.

— Вы назвалі шэраг цікавых праектаў, і ўсе патрыятычныя па духу. А ці ёсць у вашай сям’і працяг афіцэрскіх традыцый?

— Ёсць! Мой сын стаў афіцэрам, і нявестка таксама. Яны вучыліся на адным курсе ў Ваеннай акадэміі, цяпер абое падпалкоўнікі. А ўнук пойдзе ў 6 клас, займаецца музыкай.

— Што ж, і музыканты ў арміі патрэбныя! Толькі, дай бог, каб ігралі яны мірныя маршы.

— Ведаеце, я не настойвала, каб сын стаў афіцэрам — гэта яго выбар, і нейкая ўнутраная сіла кожнага з нас па жыцці вядзе. Памятала, што і сама выбрала не юрыспрудэнцыю, як марыў тата, а педагогіку. І ніколькі пра тое не пашкадавала.

Патрабавальная і справядлівая

Я задаў пытанне Святлане Лукінскай: “Чаго больш у яе арсенале кіраўніка — пуг ці пернікаў?” “Тое не ў мяне трэба спытаць…” — усміхнулася суразмоўніца, паглядзеўшы на Таццяну Пішчык. І Таццяна Сяргееўна сказала: “Патрабавальны ў нас начальнік, але справядлівы. У асноўным працуе з кіраўнікамі напрамую. У нас усе паважаюць Святлану Валянцінаўну, бо яна ўмее і стварыць сітуацыю поспеху, і падказаць, калі не­дзе нешта не так, і дапамагчы выправіць недахопы, недапрацоўкі. Калі неабходна, яна і падтрымае, і дапаможа, і абароніць, бо розныя ж сітуацыі бываюць у жыцці. Калі ў чалавека ёсць нейкія праблемы, яна яму заўсёды патэлефануе, дасць параду, у бядзе нікога не пакідае”.

Тут я ўспомніў пра дырэктара школы, якая з букетамі кветак наведвала-віншавала маладых мам-настаўніц у радзільным доме. “У мяне такога не бывала, — прызналася Святлана Лукінская. — Але калі, здараецца, скажу чалавеку нешта крыўднае і потым усведамляю, што пагарачылася, то магу і прабачэння папрасіць. Важна ўсім вучыцца своечасова выпраўляць свае памылкі, бо ўсе ж памыляюцца — і я не выключэнне”.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота Крысціны Іванчыкавай
і з архіва Святланы Лукінскай