Святлана ПАНКРАТАВА: “Выхоўваць чалавека павінна сям’я!”

- 10:58Моя школа

На працягу амаль чатырнаццаці гадоў сённяшняя гераіня праекта “Мая школа” расказвае тэлегледачам пра народныя прыкметы, каляндар, чытае вершы, дасланыя ў рэдакцыю, і, канечне, знаёміць нас з прагнозам надвор’я. Так, вы не памыліліся. У гэтым выпуску “Утульнай хаткі” сваімі ўспамінамі дзеліцца рэжысёр і вядучая праграм “Тэлебарометр” і “Навіны надвор’я” Святлана Панкратава.
Шмат у каго праграма “Тэлебарометр” асацыіруецца з асобай менавіта гэтай жанчыны. Цёплая ўсмешка, мяккі і прыемны голас, прывабная знешнасць. Святлана Панкратава на экране такая, як і ў жыцці. Чытаючы анкету на сайце тэлеканала “Беларусь 2”, звярнуў увагу на шэраг адказаў Святланы: яна шчаслівая маці і жонка, любіць сямейны адпачынак у любых яго праявах, самымі галоўнымі яе хобі з’яўляюцца дзеці (дачка Аляксандра, сыны Яўген і Павел) і муж Павел, а ў дзяцінства яна гатова вярнуцца толькі ненадоўга, бо і тут, у сучаснасці, вельмі многа спраў.

— Святлана, няўжо сапраўды не хочацца ў дзяцінства?
— Хочацца. У дзяцінстве было класна! Ні пра што не трэба было думаць і прымаць глабальныя рашэнні: за цябе думалі і ўсё вырашалі.
Кожнае лета (звычайна ў жніўні) мы з бацькамі выязджалі на базу адпачынку ў Плешчаніцы, дзе бавілі час на возеры: лавілі рыбу, плавалі. Хадзілі ў паходы. Дарэчы, менавіта ў паходах я вучылася гатаваць.
Аднойчы мне трэба было зварыць вядро рысавай кашы з разынкамі і згушчаным малаком. І ў мяне здарылася сапраўдная катастрофа: каша прыгарэла. Я бягом да ручая — мыць вядро, каб ніхто не заўважыў. У выніку засталося толькі паўвядра кашы, усе потым былі галоднымі і злымі. Увогуле, усе азы жыцця я спасцігала менавіта ў такіх умовах.

— А якія ўражанні пакінула школа?
— У мяне было шчаслівае дзяцінства: вясёлая школа, добры клас, цудоўныя настаўнікі і трэнеры.
Спачатку я вучылася ў 70-й школе на вуліцы Славінскага, а потым у адной з найстарэйшых школ Мінска, тагачаснай 23-й школе (зараз — гімназія № 23 Мінска). І са школьных гадоў у мяне ўспаміны і прыемныя, і страшныя.
Вельмі прыемныя ўспаміны пакінула пачатковая школа. Тут у нас была добрая першая настаўніца, сапраўды як маці. Відаць, яшчэ і таму школа мяне не палохала.
Самыя яркія ўражанні — гэта экзамены па фізіцы і хіміі. У матэматыцы я больш-менш “шарыла”, а хімія для мяне ўвогуле была як цёмны лес. Я дасюль не разумею, як здолела здаць яе на чатыры. Фізіку я вучыла, але на “выдатна” на экзамене зусім не разлічвала.

— Няўжо вам так не падабалася хімія? Ці былі якія іншыя прычыны?
— Атрымалася так, што, калі вывучэнне хіміі толькі пачыналася, я захварэла. І за гэты час прапусціла самае галоўнае і потым не змагла нагнаць. Дасюль памятаю жах, які адчувала, калі мяне выклікалі да дошкі рашаць задачу. Аднак сёння разумею, што было страшна, але не непрыемна — сапраўды ж, не забівалі, не прыніжалі і не выганялі з класа… Ну не магла я асвоіць хімію — і ўсё тут! Як бы я ні старалася, але ў мяне не атрымлівалася і было вельмі сорамна за гэта.

— Здаецца, матэматыка складаней, але ж яна вам давалася прасцей?
— Так. Я як мінімум разумела яе. Не ўсё, бывала, атрымлівалася і не ўсё правільна рашалася: было цяжка, матэматыка не захапляла, але давалася. А вось на экзамене ўвогуле была трагікамедыя: на яго пачатку прама перад дырэктарам і настаўнікамі ў мяне выпалі шпаргалкі. Уладзімір Ігнатавіч, убачыўшы гэта, прамовіў: “Ну і сапраўды, нашто ёй матэматыка? Яна ж артысткай будзе!”. І калі я ў разгубленасці пачала збі-раць з падлогі раскіданыя паперкі з формуламі, у мяне вываліўся… другі камплект шпаргалак. А я іх напісала 2 камплекты. Не таму, што не ведала прадмет, а для ўласнага заспакаення, бо вельмі баялася.

— Відаць, на экзаменах па гісторыі і літаратуры вы былі сапраўднай зоркай?
— Канечне. Па гэтых прадметах мне ўсе экзамены даліся надзвычай лёгка. Па складзе розуму я чысты гуманітарый: любіла беларускую і рускую літаратуры, мовы і гісторыю. А вось з грамадазнаўствам асаблівай любові ў мяне не было.
Калі вывучэнне гісторыі толькі пачыналася (праходзілі першабытна-абшчынны лад), наша настаўніца здолела зацікавіць нас прадметам: яна задавала гістарычныя задачкі-сітуацыі, якія мы, выкарыстоўваючы свае веды, павінны былі рашыць. Напрыклад, прапаноўвала ўявіць нейкія падзеі, выказаць сваё меркаванне, як бы паводзілі сябе людзі ў тыя часы. Потым гісторыю ў нас выкладаў іншы педагог, але таксама вельмі цікава. Памятаю, калі здавала экзамен па гісторыі, зайшла ў клас першая, а выйшла ледзь не апошняя.

— Так доўга адказвалі?
— Не. Мяне выгналі.

— ???
— Так. Дырэктар падышоў да мяне і сказаў, каб я выйшла. Бо я ж усяму класу нешта цішком расказвала, пісала — карацей, дапамагала аднакласнікам, як магла. Яшчэ добра запомнілася пытанне, якое было ў мяне ў білеце: пра трыумфальнае шэсце савецкай улады. Зараз гэта неактуальна, але тады я з захапленнем магла расказваць пра гэта безупынку. І вельмі пакрыўдзілася, калі камісія не стала задаваць мне дадатковых пытанняў.
А аднакласнікі дзівіліся, як гэта я столькі змагла вывучыць, а я не разумела іх: што можа быць лягчэй і цікавей, чым гісторыя…

— Відаць, прыходзілася пасядзець над падручнікамі?
— Увогуле нешта вывучыць і расказаць для мяне было сапраўдным задавальненнем.
Сёння навыкі запамінання, набытыя ў школе, прыносяць вельмі вялікую карысць. Часам бывае, што я з аднаго прагляду магу запомніць абсалютна новы тэкст (нават не ведаю, чаму так атрымліваецца). Але перыядычна памяць трэба трэніраваць, падтрымліваць у тонусе.

— А каго з настаўнікаў запомнілі найлепш?
— Вельмі добра памятаю нашага дырэктара, беларускага пісьменніка, заслужанага настаўніка Беларусі Уладзіміра Ігнатавіча Ляпёшкіна, які ў нас выкладаў беларускую мову і літаратуру. Я не магла не ведаць яго прадмет, бо ён вёў мову і літаратуру яшчэ ў маёй маці. І калі не вельмі добра адказвала, ён увесь час гаварыў: “Усё раскажу Тані!” (гэта значыць, маёй маці, Таццяне Барысаўне).

— Ці падтрымліваеце адносіны з былымі аднакласнікамі?
— Падтрымліваю, але не настолькі, наколькі хацелася б. Часцей зносіны адбываюцца праз сацыяльныя сеткі. А сабрацца зараз цяжка: усе дарослыя, у кожнага сваё жыццё, сем’і, нейкія праблемы. Але калі хто-небудзь “затрубіць” збор, я з задавальненнем прыйду.

— Накольмі мне вядома, у мінулым вы спартсменка?
— Ну, гэта вельмі гучна сказана. Калі я вучылася ў трэцім класе, замест фізкультуры было плаванне, і мы хадзілі ў басейн. З нас выбралі некалькі чалавек у спецклас па плаванні, у які трапіла і я. А потым перайшла ў 23-ю школу.
Дзяцінства ў мяне было вельмі насычанае: адпачывалі толькі адзін месяц — жнівень. Увесь астатні час — трэніроўкі і спартыўныя зборы. Канечне, гэта была рамантыка. На зборы ездзілі ў іншыя гарады, спалі на раскладушках, у спартыўнай зале і нават у палатках!

— Відаць, на ўрокі часу не хапала, а як жа вуліца, сябры, дваровыя кампаніі?
— Пры такой загружанасці я паспявала рабіць урокі і вучылася досыць нядрэнна. А вось што да вуліцы… Мяне выхоўваў спорт: трэнеры, напружаны графік. Гэта мяне навучыла планаваць час.

— А сваіх дзяцей вы таксама загружаеце спортам?
— Дачка была загружана сваімі двума брацікамі, і ёй не было калі займацца чымсьці іншым. Бывала, я адпраўляла яе з каляскай гуляць, а яна прасілася: “Мамачка, калі ты выйдзеш, каб я магла паскакаць з дзяўчатамі ў гумкі?”. І калі я ёй казала, каб яна ішла, а брацік хай спіць, яна абуралася: “Ты што?! Як я магу яго аднаго тут пакінуць?”. Яна была вельмі адказная… Мой малодшы сын, з якім у яе 14 гадоў розніцы, калі быў маленькі, бывала, называў яе мамай.
Праўда, сёння яна нас часам папракае, што мы не далі ёй магчымасці займацца, напрыклад, танцамі ці нечым іншым. Затое яна ведае і ўмее ўсё, што павінна ведаць гаспадыня, і цудоўна гатуе. А прыбірае ў хаце яна так, што мне з ёй нават не параўнацца: і хутка, і бездакорна чыста. Нядаўна яна выйшла замуж, і гэтыя навыкі ёй спатрэбяцца.
Сярэдняга, Яўгена, муж стараўся таксама загрузіць па максімуме: спачатку сын хадзіў на танцы, потым на барацьбу, тайскі бокс. Аднак у адрозненні ад мяне ў яго быў час і на дваровыя гульні. А малодшы, Павел, пакуль заўсёды з намі. Зараз ён займаецца дзюдо і таэквандо. Увогуле ў нас спартыўная сям’я.

— Наколькі вы былі шкадлівым дзіцем? Ці любілі пасвавольнічаць?
— А як вы думаеце?.. Я магла стукнуць аднакласніка па галаве, а потым казаць: “Гэта не я, гэта не я!”. Буйной шкоды я не рабіла, але любіла атрымаць порцыю адрэналіну, назіраючы з-за вугла за наступствамі маіх дзеянняў.
Калі мяне бацькі каралі, мой старэйшы брат Барыс закрываў сабою і казаў: “Не чапайце яе, біце мяне!”. А калі даставалася яму, я хавалася пад стол і адтуль крычала: “Дайце-дайце-дайце яму!”. Не падумайце, што я была жорсткая. Проста калі бацькоў не было дома, мне ад яго даставалася, але мяне ніхто пакрыўдзіць не мог. Я ведала, што, калі нешта здарыцца, я скажу Борыку і ўсё будзе добра.

— Наколькі вядома, пасля школы вы паступілі ў тэатральна-мастацкі інстытут. А як жа спорт?
— Захапленне тэатрам пачалося яшчэ ў школе. Я паступіла ў тэатр-студыю кінаакцёра, якой кіраваў Віктар Мікалаевіч Бандарчук. Пасля некалькіх гадоў заняткаў там, я, не раздумваючы, вырашыла паступаць на акцёрскі. Але паступіла толькі праз год пасля школы. Справа ў тым, што я вельмі “арганізаваны” чалавек і прынесла дакументы на наступны дзень пасля заканчэння іх прыёму. Зразумела, што мне прапанавалі прыйсці ў інстытут на наступны год.
Так, дзякуючы маці, я стала працаваць на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі чарцёжніцай. Калі ішла на работу, чарціць увогуле не ўмела: пачак ад запалак у праекцыі начарціць не магла. У школе за мяне чарчэнне рабілі бацька Яўген Станіслававіч ці брат. Але нічога, навучылася.
Канечне, праз год я стала-такі студэнткай інстытута, паступіўшы на курс Аляксандры Клімавай і Уладзіміра Мішчанчука, але там правучылася толькі два гады. Нарадзіўшы дачку, перавялася на завочнае аддзяленне на спецыяльнасць “Рэжысура” ў тагачасны Інстытут культуры.

— Не шкадуеце, што кінулі акцёрскую прафесію?
— Думаю, што я своечасова зразумела, што гэта не маё. Дзяўчаты, з якімі вучылася, працуюць у тэатры, здымаюцца ў кіно, выкладаюць.
Усё ж работа ў тэатры не маё. Я не магу кожны дзень займацца аднастайнай работай. А што такое тэатр? Рэпетыцыі і спектаклі, многа разоў адно і тое ж. Хаця, канечне, для сапраўднага акцёра кожны спектакль — гэта нешта новае! Ды і ў тэатр мяне б не ўзялі з-за прафесійнай непрыдатнасці. А тэлебачанне — гэта дынаміка, новыя ўражанні, кожны дзень новая інфармацыя… Гэта цікава, але за год я настолькі ад гэтага стамляюся, што гатова збегчы куды-небудзь у лес, каб нікога не бачыць. Нават прыходзячы дадому, выключаю тэлевізар.
Тым не менш гэта маё. Інакш я ўжо не змагу. Я знайшла сваю работу, я яе люблю і спадзяюся, што гэтая любоў узаемная.

— Як даўно вы на тэлебачанні?
(Святлана пачала вылічваць і разважаць, і тут я канчаткова зразумеў, што сапраўды сям’я для яе на першым месцы, бо пунктам адліку часу ў вылічэнні тэрміну работы на тэлебачанні наша гераіня выбрала… год нараджэння дачкі.)
— Мая дачка нарадзілася ў 1986 годзе, а недзе ў 88—89 гадах аб’явілі набор на курсы дыктараў. Тагачасныя мэтры тэлебачання — Тамара Бастун, Уладзімір Шаліхін, Валянцін Аксянцюк, Вера Ропат, Таццяна Мацюшэнка, Элеанора Давыдоўская — сталі нашымі настаўнікамі. Потым атрымалася так, што вельмі многія адсеяліся, і нас засталося толькі трое: Сяргей Шышко, Ірына Фурманчук і я. У той час на тэлебачанні было дзве дыктарскія вакансіі, і ўзялі менавіта Сяргея і Ірыну, бо яны ў той час заканчвалі ВНУ. Але я ўсё роўна працавала ў кадры як дыктар-стажор, дыктар-практыкант, і ў ранішнім эфіры таксама (памятаеце, кожная раніца пачыналася словамі: “Добрай раніцы, пазнаёмцеся, калі ласка, з праграмай перадач!”). Потым я працавала асістэнтам рэжысёра ў рэдакцыі грамадска-палітычных праграм, а затым навукова-папулярных і вячэрніх праграм. Там я некаторы час за кадрам агучвала праграму “Здароўе”. Пакуль я была ў дэкрэтным адпачынку, кіраўніцтва БТ вырашыла стварыць праграму пра надвор’е. Так з’явілася праграма “Тэлебарометр”. Першай яго вядучай была Яўгенія Гарошка.
Калі праграму перадалі ў агенцтва тэлевізійных навін, “Тэлебарометр” прапанавалі весці мне. І з 25 снежня 1999 (тады ў праграме я на фоне Чырвонага касцёла расказвала пра каталіцкія каляды) да сённяшняга часу я вяду гэтую праграму.

— У вас вельмі багаты вопыт работы на тэлебачанні. Ці не было жадання падацца, напрыклад, у прадзюсары?
— Што вы?! Гэта зусім не маё. Калі ў нашым калектыве з’явілася Вольга Шлягер, наш выканаўчы прадзюсар, усё проста закруцілася. Я нават не разумела, як жанчына можа адначасова рабіць столькі спраў на рабоце, а яшчэ за домам і дзіцем глядзець і пры гэтым заставацца жанчынай. Я б так не змагла, ды і не хочацца…

— Наколькі вялікую ролю ў вашым жыцці адыграла сям’я?
— У дзядулі і бабулі па матчынай лініі я была часцей. Ці чыталі яны мне казкі, сказаць не магу, бо я сама стала чытаць вельмі рана.
Я расла ў вельмі спрыяльнай атмасферы. Бацькі па тым часе былі вельмі адэкватныя і не заміналі мне ў развіцці. Найперш яны, як сёння кажуць, “не парыліся” з прычыны таго, што я недзе на вуліцы: у мяне проста не было на гэта часу. Правяралі ўрокі, дапамагалі ў спасціжэнні школьнай навукі.
Вельмі добра памятаю, як маці мяне вучыла чытаць. “Гэта што за літара?” — “Б”. — “А гэта?” — “А”. — “А разам як атрымаецца?” — “БУ”. (Смяецца.) Чаму я гэта ўспомніла? Бо калі вучыла чытаць дачку, то сутыкнулася з тым самым. Маці сказала мне, што я вучылася чытаць менавіта так.
Маці была больш строгай, а тата ставіўся да мяне лаяльна. Можа, я яе проста не хацела хваляваць… Я не такая, як мае бацькі, больш строгая да дзяцей.
Я ўжо казала, што ў мяне было спартыўнае дзяцінства, таму мяне больш выхоўвалі трэнеры і настаўнікі, а бацькі карэкціравалі гэта, хаця, на маю думку, павінна быць наадварот — выхоўваць павінна сям’я.

— А вы строгая маці?
— Так. Асабліва апошнім часам. Сярэдняму ўжо 18, ён хоча быць самастойным, а мы з мужам стараемся ўтрымліваць раўнавагу паміж свабодай і пэўнымі жыццёвымі прынцыпамі. Відаць, ён лічыць, што мы яго ў нечым прыціскаем і абмяжоўваем, але ж мы бацькі і адказваем за яго. Мы вырашылі выказаць свой пункт погляду і чакаць. Але бывае, што хочацца ўзяць папругу і… Ды што я зраблю, калі ён ужо зусім дарослы?!

— Каго цяжэй выхоўваць, хлопчыкаў ці дзяўчынак?
— Хлопчыкаў. Ва ўсялякім выпадку ў нашай сям’і. Я вельмі рада, што да ўсёй сям’і: нас, бабуль і дзядуляў, іншых сваякоў — і ў дачкі, і ў сыноў вельмі добрыя, цёплыя адносіны. Гэта, відаць, у нас сямейнае.
Аднак, стасуючыся з сяброўкамі, чую абсалютна розныя меркаванні: камусьці цяжэй гадаваць дзяўчат, а камусьці хлопцаў. Думаю, што гэта найбольш залежыць ад характару дзіцяці, які закладваецца Богам і карэкціруецца бацькамі і абставінамі.

— Ці пайшлі дзеці па вашых слядах?
— Пакуль што толькі сярэдні: ён танцуе, спявае, іграе на гітары і вучыцца ў БДЭУ. Дачка атрымала эканамічную спецыяльнасць, ды і малодшы, відаць, таксама не пойдзе ў гуманітарную сферу. Але пра яго гаварыць яшчэ рана: мы толькі паступілі ў гімназію.

— У вашай сям’і ёсць нейкія адметныя традыцыі?
— Калі ёсць магчымасць, мы арганізоўваем вялікія сямейныя абеды ці вячэры. Калі ўсе дома, імкнёмся разам вячэраць, а калі на дачы, то і абедаць (нават кошка з сабакам да нас прыбягаюць!). Гэта вельмі аб’ядноўвае. Нездарма раней былі вялікія сталы, за якімі збіраліся вялікія сем’і.

— Ці ёсць нешта такое, што вы не зрабілі, але хацелі б зрабіць?
— Я нарадзіла б яшчэ адно дзіця. Але дзіця мала проста нарадзіць. Яго трэба паставіць на ногі, выхаваць, аддаць сябе фізічна і маральна. Усё трэба рабіць своечасова.

— Якая жыццёвая каштоўнасць для вас самая значная?
— Сям’я. Я дамашні чалавек. Мне трэба, каб сям’я была побач. Думаю, са мной пагодзіцца любая жанчына. Хіба не так? Калі не будзе сям’і і тылу, навошта рабіць усё астатняе, якая можа быць гаворка пра нейкую там самарэалізацыю? Я адчуваю задавальненне ад таго, што дзялюся з блізкімі сваімі поспехамі і дасягненнямі. Для каго тады ўсё, калі не для сям’і?

— Вялікі дзякуй за размову. Няхай на вашым сямейным барометры будзе толькі яснае надвор’е.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Святланы ПАНКРАТАВАЙ.