Святлана Шчастная: «Нам ёсць кім ганарыцца!»

- 13:17Планерка

Вынікі 2024/2025 навучальнага года, планы на наступны год — аб гэтым размова карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Святланай Шчастнай.

— Святлана Анатольеўна, якімі вы­нікамі мінулага навучальнага года вы асабліва ганарыцеся?

Першае, што хочацца адзначыць, — гэта дасягненні дзяцей. Сёлета мы прыбавілі па многіх пазіцыях, напрыклад, заваявалі 27 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — больш, чым за ўсе папярэднія гады. Таксама ў нашых навучэнцаў сёлета 5 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, і гэта таксама для нас упершыню. А яшчэ 8 гадоў у нас не было ўзнагарод на міжнароднай алімпіядзе, і вось днямі з Бялграда (Сербія) прыйшла доўгачаканая навіна: навучэнец сярэдняй школы № 3 Смаргоні Яраслаў Саткевіч стаў бронзавым прызёрам Міжнароднай юнацкай геаграфічнай алімпіяды! У яго поспеху вялікая заслуга настаўніцы геаграфіі названай установы адукацыі Надзеі Міхайлаўны Пумпур. Нам ёсць кім ганарыцца!

Радуюць вынікі ЦЭ і ЦТ: сумарна ў нашых дзяцей 22 стабальныя вынікі, а ў выпускнікоў гімназіі Паўла Варапая і Ксеніі Паржон, а таксама ў Настассі Гіль з сярэдняй школы № 7 па два стабальныя сертыфікаты. А ў Ксеніі Паржон, акрамя гэтага, яшчэ і стабальны атэстат.

Наша гордасць — выпускніца Крэўскай сярэдняй школы Ганна Капыш: яна пераможца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, пераможца алімпіяды Саюзнай дзяржавы. Вынік Ганны — самы значны ў нашым раёне. Дзяўчына, набраўшы 398 балаў, паступіла на стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Штогод Савет дэпутатаў Смаргонскага райвыканкама выдзяляе прэміі “Вяршыні поспеху” адораным дзецям раёна, і тут мы таксама прыбаўляем. Сёлета гэтай прэміяй узнагароджаны 51 навучэнец.

— Зараз ва ўстановах адукацыі прыступаюць да работы маладыя спецыялісты. Што скажаце пра маладую змену?

— Сёлета мы нядрэнна спрацавалі па выдачы мэтавых накіраванняў на педагагічныя спецыяльнасці. Усяго ў нас 19 мэтавікаў: 15 чалавек адправілі на атрыманне вышэйшай і 4 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі педагагічнага профілю. Для параўнання: калі 5 гадоў назад я пачынала працаваць на пасадзе начальніка ўпраўлення адукацыі, мэтавікаў было толькі 7. У сувязі з гэтым радуюць дзве акалічнасці. Першая — тое, што кіраўнікі нашых устаноў адукацыі нарэшце зразумелі, што кад­ры трэба расціць самім. Калі ў вялікіх гарадах, у тым ліку сталіцы, вакансіі выкладчыкаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі можна закрываць за кошт студэнтаў педагагічных УВА, то на перыферыі такой раскошы няма. Другая акалічнасць — дзеці з задавальненнем выбіраюць педагагічныя прафесіі. Як б ні былі развіты тэхнічныя сродкі навучання, ніхто не заменіць жывых зносін з педагогам. Відавочна, што дзяржавай прымаюцца сур’ёзныя меры, у тым ліку ў пашырэнні сацпакета і павышэнні ўзроўню заработнай платы настаўнікаў і выхавальнікаў.

Калі будзе вырашацца праблема жылля для педагогаў, хаця б арэнднага, якое пазней можна будзе прыватызаваць або аплачваць з паніжаючым каэфіцыентам, будзе выдатна.

Напрыклад, у нашым раёне да работы ў жніўні прыступаюць 18 маладых спецыялістаў, большасць з якіх — іншагароднія, у тым ліку жыхары сталіцы. Як мне іх затрымаць на першым працоўным месцы, калі няма жылля? Уся надзея на тое, што за пару гадоў маладыя спецыялісты ство­раць сем’і са смаргонцамі і застануцца ў нас назаўсёды.

Заўважыла, што моладзь зараз асаблівая. Ёй нават не высокі ўзровень зарплаты патрэбны, а найперш камфортныя ўмовы працы і жыцця, а таксама магчымасць добрага адпачынку.

— Ці гатовы ўстановы адукацыі раё­на да чарговага навучальнага года?

— Смаргонскі райвыканкам выдзяляе вельмі значныя сродкі на сістэму адукацыі. Гэта дазволіла нам за апошнія тры гады вырашыць праблемы з рамонтамі дахаў, фасадаў устаноў адукацыі і г.д. Што гаварыць: самай маладой установе адукацыі ў нашым раёне ў бягучым годзе будзе 20 гадоў. Зразумела, ёсць што рамантаваць, пра што клапаціцца, што мадэрнізаваць. Галоўнае, што мы бачым перспектыву і разумеем, што можна зрабіць на карысць падрастаючага пакалення. Мы ўдзячны райвыканкаму за такую значную дапамогу, а таксама аблвыканкаму: калі нам неабходна было зрабіць капітальны рамонт дзіцячага сада № 3 Смаргоні, аблвыканкам выдзеліў неабходную суму.

Сёлета плануем адкрыць 24 першыя класы, але нават у вялікіх гарадскіх школах № 5 і № 7 больш не будзе па 5 першых класаў на паралелі. Таксама плануем адкрыць 17 дзясятых класаў, 10 з якіх бу­дуць профільнымі. Пры вызначэнні профіляў абапіраемся на запыты дзяцей, стараемся не дубліраваць профілі ў школах, размешчаных блізка адна ад адной. Дзевяцікласнікаў на працягу навучальнага года вывозім на экскурсіі ў каледжы, каб дзеці, якія не арыентаваны на атрыманне вышэйшай адукацыі, змаглі выбраць сабе рабочую прафесію па душы.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара