Святлана СІТНІКАВА: “Радуйцеся прыемным дробязям!”

Гэтая прыгожая, абаяльная жанчына жыве і працуе побач з намі. Яна не рабіла выбар паміж кар’ерай і сям’ёй, паміж прызваннем і дзецьмі. І пры гэтым яна зрабіла кар’еру і рэалізавала сваё прызванне, шчаслівая ў сям’і. Сёння мы гутарым з рэктарам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам, выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь Святланай Уладзіміраўнай Сітнікавай.

 

— Святлана Уладзіміраўна, не магу не запытацца, чаму вы выбралі педагагічную прафесію. 

С.У. Сітнікава— Да прафесіі я прыйшла не адразу, хаця ўсе родныя — цёткі, дзядзькі, сёстры — педагогі. Пра нашу сям’ю можна нават гаварыць як пра дынастыю са шматгадовым педагагічным стажам. З адзнакай закончыла школу ў Барысаве, з дзяцінства захаплялася нестандартнымі задачамі па матэматыцы і фізіцы, таму вырашыла, што абавязкова павінна стаць інжынерам. Вучылася ў Маскоўскім інстытуце інжынераў транспарту на архітэктара, але на 4 курсе выйшла замуж за ваеннага, таму ўзнікла неабходнасць пераводзіцца ў іншую ўстанову вышэйшай адукацыі. Тады і быў зроблены выбар на карысць матэматычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, аб чым, дарэчы, не пашкадавала ў сваім жыцці ні на хвіліну. Мабыць, невыпадкова ў дзяцінстве так любіла гуляць “у школу”, ды і сямейныя “педсаветы” па буднях і святах не прайшлі дарма.

— Якія прафесійныя вяршыні давялося пакарыць на шляху да пасады рэктара? Каго з тых, з кім сустрэліся ў жыцці, вы можаце назваць сваімі настаўнікамі?
— Вучыцца ва ўсіх і ўсяму — гэта мой дэвіз, які дапамагае жыць і працаваць. Працавала спачатку выхавальнікам у дзіцячым садку ў Гродне, затым настаўнікам матэматыкі, інфарматыкі. У Мінскім абласным інстытуце я з 1990 года: пачынала з пасады інжынера і метадыста па інфарматыцы, потым працавала выкладчыкам, начальнікам аддзела, загадчыкам кафедры, а затым — намеснікам дырэктара, прарэктарам па вучэбнай рабоце. Закончыла аспірантуру, у 1996 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблеме фарміравання прафесійнай самаацэнкі педагога. Атрымала тры дадатковыя спецыяльнасці: у маладосці — праграміста, затым, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, — менеджара і эканаміста. Думаю, што ўсё гэта дапамагае мне разбірацца ў многіх пытаннях, што неабходна кіраўніку такой мнагапланавай установы, як наш інстытут.
Падзякаваць хацела б усім сваім настаўнікам, якія дапамагалі спасцігаць розныя навукі. Асаблівыя словы прызнання папярэдняму рэктару нашага інстытута Анатолю Іванавічу Гіро за кіраўніцкую падрыхтоўку, прарэктару інстытута па навуцы ў 90-я гады Клары Міхайлаўне Аргеткінай за тое, што паказала мне, як можна стаць сапраўдным вучоным у педагогіцы. Вялікі дзякуй былым начальнікам упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Аляксандру Сцяпанавічу Новіку, які прымаў мяне на работу, Таісе Іванаўне Данілевіч, якая падтрымлівала і дапамагала ў няпростых сітуацыях, шчыра радавалася нашым поспехам.

— Як вы лічыце, што для жанчыны ў жыцці галоўнае: сям’я ці кар’ера?
— Я не падзяляю гэтыя рэчы. Усё можна паспець, калі любіць тое, чым займаешся, і “ўлюбіць” у гэтую важную для цябе справу сваіх блізкіх. Тады яны будуць тваімі памочнікамі, а значыць, усё будзе ладзіцца і дома, і на рабоце. Пераканана: жанчына павінна рэалізавацца ў сям’і ў поўнай ступені.

— Ці складана жанчыне быць кіраўніком? Як вы лічыце, мужчына і жанчына кіруюць па-рознаму?
— Любая справа, калі да яе адносіцца адказна, няпростая. Безумоўна, кіраўніку вялікага калектыву патрэбен вопыт, які прыходзіць не адразу. Упэўнена, што кіраўніцкія якасці чалавека, яго арганізатарскія здольнасці фарміруюцца ў дзяцінстве. З дзяцінства я лідар, з піянерыі і камсамола, а таму мне неабходна было разабрацца з новымі ролямі, якія прапанавалі жыццё і абставіны. Калі ж задумацца над гендарнымі пытаннямі кіравання, то не ўзяла б на сябе адказнасць рабіць глабальныя высновы. Адназначнага адказу тут быць не можа. Думаю, што жанчыне-кіраўніку ўласцівы гаспадарчы, жаночы погляд на побытавыя пытанні, жаданне ўладкаваць, зрабіць усё ўтульна, па-дамашняму. А вось быць стратэгам атрымліваецца не ў кожнай, тут патрэбны мужчынскі разлік і залатое правіла: як гаворыцца, сем разоў мер і тое не вер. Аб дыпламатычнасці, карэктнасці і пры гэтым цвёрдасці ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў можна гаварыць як аб самых неабходных якасцях як для мужчын, так і для жанчын-кіраўнікоў, бо мы працуем з людзьмі.

— Якія напрамкі развіцця інстытута вы лічыце найбольш перспектыўнымі? Над чым плануеце працаваць у найбліжэйшы час?
— Самымі перспектыўнымі напрамкамі могуць быць тыя, якія дапамагаюць педагогам вобласці прафесійна раскрыцца. Акрамя творчых майстэрняў, у якіх яны прымаюць удзел, нам дапамагаюць навукова-практычныя канферэнцыі і конкурсы, у тым ліку міжнародныя. У цяперашні час нас клапоціць эканамічная і камп’ютарная пісьменнасць педагогаў, прадастаўленне ім магчымасці прафесійна развівацца, выкарыстоўваючы дыстанцыйную форму павышэння кваліфікацыі. Тут неабходна выкарыстоўваць сучасныя сродкі навучання. Гэтыя абставіны прымушаюць імкліва развівацца і супрацоўнікаў інстытута, якія самі павінны валодаць усімі тэхналогіямі на больш высокім узроўні. Складваецца вельмі цікавая сітуацыя: і педагогам, і тым, хто з імі працуе, неабходна вучыцца адначасова. У найбліжэйшы час у нас няпростая задача: падтрымаць педагогаў пры падрыхтоўцы і здачы экзамену на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Гэта вялікая работа як у арганізацыйным, так і ў змястоўным плане.

— Наколькі нам вядома, вас як рэктара інстытута хвалююць не толькі пытанні павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў, але і іх здароўе.
— На Міншчыне ўнікальныя магчымасці прадастаўляе прафілакторый нашага інстытута. Сельскія настаўнікі, якіх у вобласці многа, могуць падчас павышэння кваліфікацыі прайсці аздараўленне. Згадзіцеся: нядрэнна было б мець такую магчымасць усім. А ў свой час у рэспубліканскай праграме “Кадры” такая задача была пастаўлена перад усімі абласнымі інстытутамі. Мы не толькі захавалі базу прафілакторыя, але і закупілі сучаснае абсталяванне: лазернае, стаматалагічнае, фізіятэрапеўтычнае і інш. Нам удалося захаваць свой твар, не спыніцца (хаця нас неаднаразова рэарганізоўвалі!), не страціць тое, што было створана яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. І мы гэтым вельмі ганарымся.

— Святлана Уладзіміраўна, вы ведзяце і актыўную грамадскую дзейнасць. Раскажыце, калі ласка, аб сваёй рабоце ў Беларускім саюзе жанчын.
— Два гады назад мне было прапанавана паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі на пасаду старшыні Мінскай абласной арганізацыі — грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Мяне выбралі, і гэта была зусім новая, незнаёмая работа, а таму цікавая. Патрабаваліся ўся мая актыўнасць, пэўная жыццёвая пазіцыя, каб жанчыны вобласці змаглі даверыць не толькі свае радасці, але і беды. А бед і праблем, на жаль, яшчэ многа, і не ўсе ўмеюць з гэтым спраўляцца самастойна. Сярод іх — пытанні, якія тычацца ўзаемаадносін мужа і жонкі, праблемы з дзецьмі, неабходнасць вырашаць юрыдычныя аспекты пытанняў жылля і працаўладкавання і многія іншыя — усё гэта ў полі зроку нашай галіновай арганізацыі БСЖ.
У снежні 2011 года я была абрана намеснікам старшыні Беларускага саюза жанчын, а гэта яшчэ большая адказнасць і жаданне дапамагчы тым, каму неабходна наша дапамога.

— За ўсімі поспехамі стаіць вялізная работа. Ці былі моманты, калі вам здавалася, што вы ўсклалі на сябе непасільны цяжар, і хацелася б яго скінуць?
— Я ніколі не баялася цяжкасцей, і гэта праўда. Бабуля навучыла мяне не пасаваць перад імі, а, набраўшы поўныя грудзі паветра, сесці і разабрацца ў тым, што здарылася. І пакуль марудна выдыхаеш, становіцца зразумела, што неабходна рабіць: калі катастрофа — па магчымасці бязбольна ліквідаваць наступствы; калі праблема — шукаць аптымальнае вырашэнне. Нават калі табе падаецца, што твой цяжар непад’ёмны, можна знайсці спосаб, як яго несці так, каб было лягчэй, але ніколі — на шкоду камусьці.

—Ваш дом для вас — гэта крэпасць, дзе вы хаваецеся ад свету; гавань, дзе вы адпачываеце, ці майстэрня, дзе працуеце? Раскажыце крышачку пра вашу сям’ю. Як вы любіце адпачываць? Чым захапляецеся?
— Калі шчыра, то ўсяго хапае ў поўнай меры, і ў гэтым маё шчасце! Сям’я ў мяне вялікая, бо з дзяцінства была прывучана да таго, каб усе былі роднымі: дваюрадныя ці траюрадныя. Мы вельмі сябруем з сям’ёй роднага брата, з сем’ямі сясцёр і братоў, якіх лёс раскідаў па Беларусі і па ўсёй нашай былой вялікай краіне. Дзякуй богу, яшчэ мая матуля можа і падказаць штосьці, і дапамагчы разабрацца з цяжкасцямі. Нам з мужам за 35 гадоў сумеснага жыцця ўдалося выгадаваць двух цудоўных сыноў. 30 снежня, перад самым Новым годам, у нас нарадзіўся другі ўнук. Убачыць працяг свайго роду, удзельнічаць у выхаванні ўнукаў, навучыць іх ганарыцца сваёй сям’ёй і кожнаму прадаставіць магчымасць максімальна самарэалізавацца — менавіта так я і ўяўляю сваю ролю ў сям’і. На побытавыя дробязі мы не звяртаем увагі — лепш адпачыць разам з сям’ёй, з сябрамі на прыродзе, пападарожнічаць, убачыць далёкія краіны. Вельмі люблю ездзіць за рулём сама: адпачываю ў дарозе. Ну а шкадую пра тое, што… не ўдаецца штосьці новенькае развучыць на піяніна.

— Святлана Уладзіміраўна, вы рамантык? Ці адпускаеце вы гэтага рамантыка на свабоду? Што гэта: мары, фантазіі, вершы, кіно?
— З узростам, безумоўна, рамантычны настрой пачынае грунтавацца на рэальнасці, але я аптымістка ў поўным сэнсе гэтага слова і заўсёды веру ў лепшае. Кіно ўспрымаю як гісторыю з жыцця, серыялы не гляджу, а вось вершы чытаю даволі часта. Напрыклад, зараз гэта апошні зборнік беларускай паэтэсы Валянціны Паліканінай; у ім знаходжу адказы на многія пытанні.

— Ці ёсць кніга, якую вы чытаеце ўсё жыццё?
— Так, гэта кніга жыцця, якую я пішу разам з сябрамі, блізкімі і калегамі. Яе можна “перачытаць” ва ўспамінах, аднак немагчыма перапісаць, а таму заўсёды імкнуся жыць начыста, як бы пафасна гэта ні гучала.

— Гавораць, што шчаслівы той чалавек, які здольны правільна размяркоўваць свой час. Адкрыйце сакрэт: як вам удаецца ўсюды паспяваць?
— Справа не толькі ў тым, як правільна выкарыстаць свой час. Справа ў людзях, якія знаходзяцца побач з табой. Хатнімі справамі ў нашай сям’і займаецца той, хто свабодны, таму шмат часу на гэта не патрабуецца. А адказ на ваша няпростае пытанне традыцыйны: любіце і беражыце тых, хто вас любіць, дапамагае і падтрымлівае; не дазваляйце сабе крыўдзіцца і траціць на гэта час і сілы. Радуйцеся прыемным дробязям, якія штодзённа ёсць у нашым жыцці: настрой ад гэтага заўсёды будзе пазітыўным, а значыць, з’явіцца жаданне зрабіць штосьці яшчэ лепей!

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
kaliadich@ng-press.by