“Святлазар” вучыць талерантнасці

- 11:51Адукацыйная прастора

У студзені ў Маскве адбыўся XIII вочны тур адкрытай Міжнароднай алімпіяды па рускай мове “Святлазар” для школьнікаў краін СНД і Балтыі. Алімпіяда арганізавана Маскоўскім выдавецкім і мультымедыйным цэнтрам “Руская філалогія” пры падтрымцы ўрада Масквы і Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязей Масквы.

27 школьнікаў з розных дзяржаў змагаліся ў веданні рускай мовы і рускай культуры ў дзвюх узроставых групах: 6—9 класы і 10—11 класы. Каб стаць удзельнікам вочнага тура, школьнікам на працягу некалькіх гадоў неабходна выконваць дыстанцыйныя заданні, а потым па суме балаў вызначаюцца лідары ў сваіх краінах, якія і атрымліваюць запрашэнне ў Маскву. У ліку ўдзельнікаў вочнага тура былі двое прадстаўнікоў Беларусі: вучаніца 7 класа сярэдняй школы № 3 Шчучына Настасся Радзівон і дзевяцікласнік сярэдняй школы № 1 Скідаля Уладзіслаў Дудко.
Пагрузіцца ў атмасферу рускай зімы ўдзельнікам алімпіяды дапамаглі не толькі маскоўскія маразы, але і майстар-клас “Рускія народныя рамёствы” па вырабе валёнак-“шаптуноў”. А падчас псіхалагічнага трэнінгу “Людзі на Зямлі павінны сябраваць”, які правяла кандыдат псіхалагічных навук Кацярына Бушыліна, дзеці сапраўды пасябравалі.
На ўрачыстым адкрыцці вочнага тура Міжнароднай алімпіяды генеральны дырэктар Маскоўскага выдавецкага і мультымедыйнага цэнтра “Руская філалогія” Уладзімір Якаўлевіч Замскі падкрэсліў, што ўсе школьнікі, запрошаныя ў Маскву, — пераможцы, паколькі набралі найбольшую колькасць балаў у сваіх краінах. Трэба сказаць, што конкурсныя выпрабаванні былі вельмі сур’ёзныя: вусныя выказванні, прысвечаныя 200-годдзю М.Ю.Лермантава і на тэму “Дзень Перамогі — наша агульнае свята”, а таксама лінгвістычны тур і напісанне эсэ.
У той час як школьнікі працавалі над выкананнем алімпіядных заданняў, для іх настаўнікаў правялі майстар-класы лепшыя педагогі-філолагі Масквы. Адбылося абмеркаванне актуальных пытанняў выкладання рускай мовы і літаратуры ў сучаснай школе.
Школьнікі з Беларусі выступілі паспяхова. Настасся Радзівон, якую падрыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Кацярына Юр’еўна Дзямідава, заняла 3 месца ў алімпіядзе і ўзнагароджана дыпломам III ступені ў конкурсе “Чытаем Лермантава”. Уладзіслаў Дудко, настаўніцай якога з’яўляецца Наталля Іванаўна Чаркес, узнагароджаны дыпломам I ступені ў конкурсе “Чытаем Лермантава” і граматай.
Але найважнейшая ўзнагарода для школьнікаў — гэта магчымасць пасябраваць са сваімі аднагодкамі з розных краін. Гэта адбылося дзякуючы Міжнароднай алімпіядзе “Святлазар” і рускай мове — мове талерантнасці і ўзаемнай павагі.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідаля Гродзенскага раёна.