Святло дабра ў кожным малюнку

- 15:47Сацыяльны ракурс

Больш як 300 малюнкаў дзяцей з інваліднасцю прадстаўлена на выставе ў рамках акцыі “Святло дабра” ў Гродне. 

Арганізавана выстава Гродзенскім абласным цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Размясцілася яна ў гандлёвым цэнтры Old City. Экспазіцыя перыядычна мяняецца, а 70 самых лепшых работ знаходзяцца там пастаянна і будуць радаваць гродзенцаў да Новага года.

Падобныя гарадскія і раённыя выставы ва ўстановах адукацыі праходзілі і раней, а такая маштабная акцыя, калі свае работы выставілі дзеці з усіх раёнаў вобласці і Гродна, — упершыню. Як прызналіся арганізатары, яны ставілі перад сабой мэту знайсці таленавітых дзяцей і нават не думалі, што столькі іх адгукнецца на прапанову прыняць удзел у акцыі. Работ аказалася шмат, асабліва сярод старэйшых дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў. Падтрымаў добрую справу ГЦ Old City, прадаставіўшы сваё памяшканне. Дарэчы, тут кожны дзень шмат наведвальнікаў, так што малюнкі могуць убачыць і дарослыя, і маленькія жыхары абласнога цэнтра, госці горада. 

— Адна з перспектыў паспяховай сацыялізацыі дзіцяці з інваліднасцю — магчымасць займацца творчасцю разам са здаровымі аднагодкамі, — расказала педагог-псіхолаг Гродзенскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Алена Муштак. — У Гродзенскай вобласці працуе 119 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца больш за 1200 дзяцей з інваліднасцю. Яны праяўляюць свае таленты ў самых розных відах творчасці — ад малявання да пескатэрапіі і бісерапляцення.

У арганізацыі выставы дапамаглі не толькі ГЦ Old City, але і дабрачыннае таварыства “Лабірынт дабра”, Гродзенскі мясакамбінат. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.