Святло надзей і россып зорак

ІІІ Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” аб’яднаў больш за 20 тысяч юных артыстаў і мастакоў з усіх раёнаў Віцебскай вобласці. З лістапада па люты маладая Віцебшчына спявала, дэкламавала, малявала, ляпіла, танцавала, дэманстравала арыгінальныя дызайнерскія калекцыі. Лепшым з лепшых удзельнікаў маштабнага свята дзіцячай творчасці выпаў гонар выступіць у гала-канцэрце абласнога этапу конкурсу, арганізаванага ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.

На працягу ўсяго часу існавання праекта вобласць нязменна дэманструе высокія вынікі падрыхтоўкі і арганізацыі яго правядзення, што засведчана шматлікімі дыпломамі і ўзнагародамі. Многія маладыя зоркі, на якія сёння ўскладаюць вялікія надзеі мэтры айчыннай эстрады, упершыню ярка засвяціліся менавіта ў Віцебску ў творчым сузор’і фестывалю “Прывітанне, свет!”.
— Мы ганарымся нашымі таленавітымі дзецьмі. Аднак не варта забываць пра тое, што аднаго прыроднага таленту для сапраўднага поспеху мала: яго не дасягнуць без карпатлівай, самаадданай, натхнёнай сумеснай працы навучэнца і педагога, — падкрэслівае намеснік дырэктара начальнік аддзела эстэтычнага выхавання Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Янцэвіч. — На Віцебшчыне склалася і паспяхова дзейнічае адметная рэгіянальная сістэма падрыхтоўкі да рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў і фестываляў, у ліку якіх і “Прывітанне, свет!”. Важны яе кампанент — пастаяннае павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў, якое ажыццяўляецца як на раённым і абласным узроўні, так і праз стажыроўкі, рэспубліканскія семінары, вучобу ў кіраўнікоў лепшых мастацкіх калектываў рэспублікі.
У мінулым кастрычніку на базе ВАПДіМ прайшоў абласны семінар-практыкум для педагогаў дадатковай адукацыі і кіраўнікоў вакальных і харэаграфічных калектываў “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, у якім прынялі ўдзел больш за 60 прадстаўнікоў раёнаў. Падчас семінара вопытныя педагогі і спецыялісты абласнога палаца дзяцей і моладзі правялі майстар-класы, падзяліліся практычнымі рэкамендацыямі па падрыхтоўцы да абласнога этапу III Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Пытанні разглядаліся самыя розныя — ад таго, як правільна запісаць фанаграму, выбудаваць творчы нумар і канцэртную праграму, да спецыфікі падбору рэпертуару, сродкаў стварэння адзінага сцэнічнага вобраза, спосабаў развіцця дыяпазону голасу і выкарыстання сучасных музычна-камп’ютарных тэхналогій у рабоце педагога-вакаліста. Сёлета плануецца такое ж мерапрыемства праводзіць па інструментальным і тэатральным напрамку. Па выніках занальных адбораў на абласны гала-канцэрт прайшлі 45 творчых калектываў і выканаўцаў (509 навучэнцаў), у тым ліку 15 узорных калектываў. Лепшыя канцэртныя праграмы прадставілі Наваполацк, Віцебск, Чашніцкі і Браслаўскі раён.
— Цяжка якому-небудзь з гэтых двух раёнаў аддаць першынство, настолькі ўсё ў праграмах было гарманічна, прадумана і зладжана, — адзначыў начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка. — Шчырыя, пранікнёныя выступленні, высокі ўзровень падрыхтоўкі, светлыя абліччы дзяцей. З відэазапісу “Бабінага Яра” (харэаграфічны калектыў “РЫТМ” Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Наталлі Армянцавай. — Заўв. аўт.) хочацца зрабіць копіі і адправіць тым, хто зараз правакуе і вядзе войны. Моцнае ўражанне таксама пакінула выступленне ўзорнага аркестра народных інструментаў Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сакалоўскага. Увогуле, прыемна канстатаваць, што інструментальны жанр у нашай вобласці плённа развіваецца. 5 калектываў проста шыкоўныя! Што тычыцца гарадоў, тут традыцыйна ў лідарах новапалачане і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. Моцныя праграмы падрыхтавалі Аршанскі і Полацкі раён. Парадавалі Докшыцы: у іх з’явілася харэаграфія. Вельмі істотна прыбавілі ў майстэрстве Лёзненскі і Віцебскі раён. Свае іскрынкі ў Паставаў і Расон, напрыклад, “Нежачкі” (узорны фальклорны калектыў пад кіраўніцтвам Алены Вашчанка Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі. — Заўв. аўт). Нельга не ўзгадаць і тэатры мод: штогод яны абнаўляюць калекцыі і сёлета прадэманстравалі сапраўдную феерыю.
Феерыя панавала і ў канцэртнай зале “Віцебск” падчас гала-канцэрта, які завяршыўся ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў абласнога этапу агляду-конкурсу.
— Мне заўсёды падабаецца прыязджаць у Віцебск. Горад нездарма лічыцца культурнай сталіцай, ён заўсёды дэманструе выдатную падрыхтоўку, — падзяліўся ўражаннямі член рэспубліканскага журы кіраўнік народнай харавой капэлы “Раніца” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Віктар Масленнікаў. — У рэгіёне ёсць яркія выканаўцы, калектывы еўрапейскага ўзроўню, і я ўпэўнены, што многія сённяшнія нумары будуць прадстаўлены на гала-канцэрце ў Мінску.
— У цэлым уражанні вельмі прыемныя. Як харэограф, магу сказаць, што ёсць вельмі цікавыя нумары-знаходкі, — пагадзіўся з калегам па творчай, педагагічнай і судзейскай справе кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анатоль Карповіч. — Асабліва радуе тое, што ў канцэрце задзейнічана вялікая колькасць людзей. Гэта надзвычай важна з пункту погляду выхавання, бо ці не асноўная мэта канцэрта выхаваўчая.
Высокую ацэнку канцэртнай праграме даў і старшыня рэспубліканскага журы, кампазітар, кіраўнік народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” НЦМТДіМ Генадзь Маркевіч.
На абласны этап выставы агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” прайшло 555 творчых работ розных жанраў і тэхнік выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія прадставілі больш за 600 удзельнікаў. Дыпломамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за лепшую выставачную экспазіцыю ўзнагароджаны Аршанскі раён і Першамайскі раён Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.