Святло надзей, пасеянае ў лёсах

Амаль утрая павялічылася сёлета ў параўнанні з 2018/2019 навучальным годам колькасць пераможцаў і прызёраў міжнародных алімпіяд з ліку навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны. Самую важкую скарбонку ўзнагарод — залаты, сярэбраны і чатыры бронзавыя медалі — сабралі навучэнцы гімназіі № 2 абласнога цэнтра — другі вынік у краіне, лепш выступілі толькі прадстаўнікі Ліцэя БДУ. На прыкладзе гімназіі і ў кантэксце развіцця нацыянальнай адукацыі аб тым, што абумовіла відавочны прагрэс паўночнага рэгіёна ў рабоце па гэтым напрамку, а таксама яе перспектывах, сістэме матывацыі і заахвочвання юных талентаў і іх педагогаў, ролі і дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — у размове з членам савета фонду дырэктарам гімназіі № 2 Віцебска Канстанцінам Кісялёвым.

Дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў (у цэнтры) разам з навучэнцамі — пераможцамі міжнародных алімпіяд і настаўнікамі, якія іх падрыхтавалі.

— Некалькі ўдалых выступленняў прадстаўнікоў вобласці на міжнародных алімпіядах школьнікаў — ужо вялікае дасягненне. Тое, што прадэманстравала Віцебшчына, на маё меркаванне, — выхад на якасна новы ўзровень. Чым ён абумоўлены?

— Найперш мы маем пераканаўчы паказчык эфектыўнасці дэталёва выбудаванай сістэмы работы з адоранымі навучэнцамі і іх педагогамі на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад рэгіянальнага, дзе пры поўным садзейнічанні кіраўніцтва вобласці наладжана цеснае супрацоўніцтва паміж галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным інстытутам развіцця адукацыі (структура якога ў пачатку 2019/2020 навучальнага года істотна змянілася, у прыватнасці, быў адкрыты цэнтр педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі) і ўстановамі вышэйшай адукацыі, да раённых (гарадскіх) і ўнутрышкольных. У гэтым вялікім комплексе, нацэленым на пастаяннае ўдасканальванне і павышэнне якасці работы, ніводнае дасягненне навучэнца, настаўніка, установы адукацыі не застаецца без увагі і падтрымкі: ім ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця, аказваецца вельмі сур’ёзная дапамога ў плане матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і вучэбна- метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. У кожнай сітуацыі выбіраецца найбольш прыдатная індывідуальная адукацыйная мадэль і спалучэнне метадаў і прыёмаў адміністрацыйнага, эканамічнага і сацыяльна-псіхалагічнага заахвочвання. З арганізацыйнага пункту погляду мне хацелася б адзначыць велізарны ўклад у агульную справу старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева і начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хомы — без іх зацікаўленасці і ўдзелу, як мне здаецца, вынікі былі б значна больш сціплыя. Безумоўна, прагрэс Віцеб­шчыны з улікам рэгіянальнай спецыфікі трэба разглядаць у інавацыйным кантэксце нацыя­нальнай адукацыі, дзе вітаюцца, сістэмна падтрымліваюцца, аналізуюцца і маштабуюцца з трансляцыяй на рэгіёны ўсе вартыя і перспектыўныя ініцыятывы і пачынанні, — за што, карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць асабістую ўдзяч­насць міністру адукацыі Ігару Карпенку, першаму намесніку міністра Ірыне Старавойтавай, намесніку міністра Аляксандру Кадлубаю і, канечне ж, галоўнаму ўпраўленню агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства і яго кіраўніку Святлане Уклейка, якая напрамую кантактуе з кожным начальнікам рэгіянальных упраўленняў, камітэтаў, аддзелаў па адукацыі, дырэктарамі вядучых устаноў, дапамагае на практыцы рэалізаваць усе нашы інавацыйныя прапановы.

— Мы пачалі размову з канстатацыі поспеху навучэнцаў Віцебскай вобласці на міжнародных алімпіядах. Якія канкрэтныя лічбы яго ілюструюць?

— У 2019/2020 навучальным годзе адбылося 7 міжнародных алімпіяд, дзе прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вынік Віцебскай вобласці складаюць 16 медалёў і дыпломаў (у папярэднім навучальным годзе — 6). Калі гаварыць па прадметах, то гэта 6 узнагарод па матэматыцы, 4 — па інфарматыцы, 1 — па геаграфіі, 5 — па рускай мове і літаратуры; па вартасці — два залатыя, шэсць сярэбраных і восем бронзавых медалёў. “Золата” заваявалі Яраслаў Барысаў па інфарматыцы (ХVI Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда, гімназія № 8 Віцебска, настаўніца Вераніка Лакціна) і Дзмітрый Міхасько па геаграфіі (XIII Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі, гімназія № 2 Віцебска, настаўнік Сяргей Крывенка). У навучэнкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Ксеніі Шастаковай (настаўніца Наталля Шчаглова) — тры сярэбраныя медалі па матэматыцы: III Міжнароднай алімпіяды па дакладных навуках сярод падлеткаў “Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў”, V Каўказскай матэматычнай алімпіяды і IX Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат.

— Як на гэтым фоне і на ўзроўні рэспублікі выглядае гімназія № 2 Віцебска?

— Галоўны ў краіне цэнтр па рабоце з адоранымі навучэнцамі — Ліцэй БДУ, каманда якога толькі сёлета заваявала 14 медалёў міжнародных алімпіяд. Але бу­дзе аб’ектыўным дадаць: і наша гімназія выглядае дастойна. Прывяду некалькі прыкладаў у лічбах за 2019/2020 навучальны год, яны скажуць больш за словы. Выніковасць удзе­лу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны ў міжнародных алімпіядах (“золата”-“серабро”-“бронза”): гімназія № 2 Віцебска — 6 медалёў (1-1-4), гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага — 5 (1-2-2), Цэнтр юных пажарных Мазыра — 4 (2-2-0), гімназія № 8 Віцебска — 4 (1-1-2), гімназія № 51 Гомеля — 3 (2-0-1), гімназія № 1 Ліды — 3 (1-0-2), сярэдняя школа № 31 Віцебска — 3 (0-3-0). Выніковасць удзелу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны ў Рэспубліканскім конкурсе работ навучэнцаў даследчага характару (канферэнцыі): Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй — 8 дыпломаў, гімназія № 2 Віцебска — 5 (па два І і ІІ ступеней, адзін ІІІ ступені), гімназія № 51 Гомеля — 5 (па адным І і ІІ ступеней, тры ІІІ ступені), Ліцэй БДУ — 4 дыпломы. Вынікі работы з адоранымі навучэнцамі (па колькасці пераможцаў міжнародных алімпіяд, рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару адпаведна (за дужкі я вынес Ліцэй БДУ як безумоўнага лідара): гімназія № 2 Віцебска — 16 (6, 5, 5), Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй — 15 (–, 7, 8), гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага — 15 (5, 5, 5), гімназія № 51 Гомеля — 11 (3, 3, 5), гімназія № 8 Віцебска — 10 (4, 6, –). У дачыненні канкрэтна да нашай гімназіі ў педагагічнага і навучэнскага калектыву, баць­коўскай грамадскасці высокія чаканні на перспектыву. Не баюся агучваць іх на любым узроўні: мы імкнёмся стаць самай выніковай установай агульнай сярэдняй адукацыі краіны і на доўгія гады замацавацца ў азначаным статусе. Мэта амбіцыйная, але мы паслядоўна да яе набліжаемся і штораз пераконваемся: усе задачы вырашальныя пры належным жаданні і кампетэнцыях.

— Зыходзячы з вопыту калектыву гімназіі, якія моманты ў арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі з’яўляюцца вырашальнымі фактарамі паспяховасці ўстановы адукацыі?

— Пераможца рэспубліканскіх і міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў — яркі талент, з якім трэба працаваць асабіста, адсюль вынікае абавязковая наяўнасць індывідуальнага вучэбнага плана. Другі складнік — штодзённая карпатлівая работа навучэнца са сваім настаўнікам у каардынацыі з бацькамі і, па меры неабходнасці, пры ўдзеле вядучых педагогаў-прадметнікаў установы, раёна, горада і вобласці, спецыялістаў вышэйшай школы і абласнога інстытута развіцця адукацыі. Чацвёртае — комплексны падыход: адоранасць не праяўляецца выключна ў адным вучэбным прадмеце, таму мы павінны працаваць на фарміраванне рознабакова і гарманічна развітой асобы — а гэта ўжо сістэма работы ўстановы адукацыі ў цэлым. Немалую ролю, зразумела, адыгрываюць сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, камфортныя і бяспечныя ўмовы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Аднак ці не больш важна стварыць спрыяльнае асяроддзе, матывуючы міні-соцыум, у якім ініцыятыўны, эрудзіраваны, паспяховы ў вучобе і працы, творчасці, грамадскай дзейнасці чалавек запатрабаваны, дзе менавіта гэта лічыцца ганаровым і выклікае агульную павагу — гаворка ідзе як пра навучэнцаў, так і пра іх настаўнікаў. І выключна важна, каб структуруючым складнікам агульнай работы было грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Вытокі патрыятызму — у юнацтве, і пачынаецца ўсё з малога — любові да роднага краю, сям’і, сваёй установы адукацыі, з гонару за сам факт, што можаш тут жыць і вучыцца, адчування асабістай адказнасці за будучыню. Зноў жа пакажу на прыкладзе. Мінулай вясной напярэдадні заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прыйшлі да мяне нашы ўдзельнікі і выразна расставілі прыярытэты: “Нам не трэба перамога на рэспубліцы як магчымасць паступіць у выбраны ўніверсітэт, мы з дыпломамі міжнародных алімпіяд ужо студэнты. Але ўсё роўна паедзем і прыкладзём усе намаганні, каб вярнуцца з перамогай. Зрабіць інакш будзе непаважліва, безадказна і несправядліва ў адносінах да тых, хто прывёў нас да поспеху”. У нас максімальна задзейнічаны інструменты маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Практычна ўсе настаўнікі, хто дае стабільны вынік, — выдатнікі адукацыі. Усім калектывам спадзяёмся, што Сяргей Крывенка атрымае ганаровае званне заслужанага настаўніка. Многія з педагогаў і гімназістаў з’яўляюцца лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Вы ўваходзіце ў савет фонду. Як уплывае на вашу дзейнасць практычны вопыт работы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі?

— Падтрымка таленавітай моладзі ў Белару­сі — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Стратэгічныя напрамкі гэтай дзейнасці, якую сумесна рэалізуе шэраг дзяржаўных суб’ектаў і структур, вызначае спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У савеце фонду я сустрэў аднадумцаў — выдатных, адданых справе прафесіяналаў, з якімі цікава і ганарова працаваць. І разам з тым вельмі адказна, бо адрасаты дзяржаўнай дапамогі і падтрымкі — юная навуковая і інтэлектуальная эліта нашага грамадства, хто ўжо сёння фарміруе імідж, а заўтра будзе вызначаць аблічча нашай Радзімы, і іх педагогі — адукацыйны і грамадскі рэсурс дзяржавы, значэнне якога немагчыма пераацаніць. Савет фонду ўдзельнічае ў мерапрыемствах, накіраваных на развіццё сістэмы работы з адоранай моладдзю і стымуляванне маладых талентаў да навукова-даследчай дзейнасці. Мін­адукацыі сумесна з зацікаўленымі суб’ектамі забяспечана рэалізацыя Комплексу мер па падтрымцы адоранай і таленавітай мола­дзі, зацверджанага міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам, што ўключае арганізацыю і правядзенне рэспубліканскіх семінараў, фестываляў педагагічнага майстэрства, рэгулярных прэс-канферэнцый па выніках рэспубліканскіх алімпіяд, удасканальванне сістэмы падтрымкі адоранай, таленавітай і валодаючай лідарскімі якасцямі моладзі. На працягу года адбываюцца 4 планавыя пасяджэнні савета фонду. Мы разглядаем і абмяркоўваем актуальныя рабочыя пытанні, у распрацоўцы якіх прымаюць удзел усе члены савета, а да падрыхтоўкі прыцягваюцца Мінадукацыі, рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй, іншыя зацікаўленыя арганізацыі і ўстановы. Рашэнні савета зацвярджае кіраўнік дзяржавы, яны своечасова даво­дзяцца да аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, міністэрстваў і ведамстваў, устаноў адукацыі краіны.

— Каму адрасаваны стыпендыі і прэміі, якія прысуджаюцца фондам?

— У адпаведнасці з зацверджаным па­лажэннем, заахвочванні фонду (у тым ліку стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, грашовыя прэміі з уручэннем нагруднага знака “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”, фінансавая дапамога з мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай і метадычнай базы) прысуджаюцца пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (конкурсаў, турніраў, іншых спаборніцтваў) па вучэбных прадметах за высокі ўзровень падрыхтоўкі ў асобных прадметных галінах, асаблівыя поспехі ў навукова-даследчай, творчай, інтэлектуальнай дзейнасці і прыкладныя паводзіны; выпускнікам устаноў вышэйшай адукацыі, якія скончылі навучанне ў год правядзення рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, — пераможцам гэтага конкурсу за высокі ўзровень падрыхтоўкі ў асобных прадметных галінах, асаблівыя поспехі ў навукова-даследчай, творчай і інтэлектуальнай дзейнасці; педагагічным, навуковым работнікам і іншым асобам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў у галіне адукацыі, навукі, тэхнікі і перадавых тэхналогій, у распрацоўку сучасных методык выхавання і навучання; інтэлектуальным і творчым аб’яднанням навучэнцаў і студэнтаў, якія заваявалі грамадскае прызнанне перспектыўнымі распрацоўкамі і дасягненнямі. За 2019 год па рашэнні савета фонду заахвочаны 2304 чалавекі (2143 навучэнцы, студэнты, курсанты, 161 педагагічныя работнікі), адно аб’яднанне па інтарэсах навучэнцаў і 3 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый на агульную суму звыш 927 тысяч рублёў. У маі кіраўнік дзяржавы зацвер­дзіў рашэнне савета фонду, згодна з якім на забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, стварэнне спрыяльных умоў для далейшага развіцця іх здольнасцей і паспяховай вучобы за кошт сродкаў рэзервовага фонду з рэспубліканскага бюджэту выдзелена больш за мільён рублёў. Я лічу, што сённяшняя маштабная дзейнасць па развіцці адоранасці навучэнцаў закладвае аснову шчаслівай будучыні нашага грамадства, яго інавацыйнага развіцця. І гэтая дзейнасць напрамую спрыяе таму, што наша сістэма агульнай сярэдняй адукацыі — адна з самых канкурэнтаздольных і паспяховых у сусветнай супольнасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.