Святло ў дамах і святло веры

- 16:17Родная земля, Рознае

Каб выпіць поўную чашу слаўнага мінулага чашніцкай зямлі, азнаёміцца з усімі яе прыроднымі і культурнымі адметнасцямі, не хопіць і цэлага жыцця. І ўсё ж дзякуючы цікаваму аповеду мясцовых педагогаў, транспартнай дапамозе кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Чашніцкага райвыканкама, падарожжа па маршруце Чарэя — Белая Царква — Новалукомль — Чашнікі — Іванск замяніла калі не цэлае жыццё няспешнага вывучэння гэтага краю, то некалькі гадоў дакладна.

Быццам у чашы

Калі ўпершыню праязджаеш па дарогах Чашніччыны, то абавязкова заўважаеш, што абапал трасы Р62 раскінуліся адметныя далягляды. Узгоркі змяняюцца нізінамі, у якіх нібыта на дне агромністых чаш размясціліся не толькі рачулкі і азёры, але і вёскі. Нават сам райцэнтр, згодна з геадэзічнымі даследаваннямі, знаходзіцца на 39 метраў ніжэй узроўню Лукомльскага возера — быццам у чашы. Хоць прафесійныя гісторыкі і скептычна ставяцца да гэтай версіі паходжання назвы Чашнікаў, аднак у справе прапаганды турыстычнага патэнцыялу раёна яна, безумоўна, мае права на існаванне і папулярызацыю. Як мае права на існаванне і версія, згодна з якой назва райцэнтра пайшла ад гліняных чаш, на вырабе якіх спецыялізаваліся ў мінулыя часы мясцовыя ганчары.
— Усё гэта прыгожа, захапляльна, аднак да гістарычнай навукі мае апасродкаваныя адносіны. Больш праўдападобнымі з’яўляюцца дзве іншыя версіі. Адна звязана з наз-вай пасады чашнічага, або чашніка, — чалавека, які ў даўнія часы адказваў пры княжацкім двары за мёдаварэнне і якасць віна, правяраў падчас піроў, каб яно не было атручана. Магчыма, аднаму з такіх людзей князь за добрую службу і падарыў землі, на якіх знаходзіцца сучасны райцэнтр. Другая версія таксама гістарычна апраўдана і звязана з гусіцкім рухам, распаўсюджаным у Чэхіі ў першай палове XV стагоддзя. Частка яго прыхільнікаў (чашнікі) перасялілася ў Вялікае Княства Літоўскае і, магчыма, асела непадалёк старажытнага Лукомля. Менавіта чэхі і сталі першымі жыхарамі Чашнікаў, — дзяліўся сваім меркаваннем настаўнік англійскай мовы, яшчэ і гісторык па адукацыі, Іванскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Віктар Вільгельмавіч Грыбко.

Лямпачка Ільіча

Усе адметнасці таго ці іншага раёна (помнікі прыроды і гісторыі, біяграфіі знакамітых ураджэнцаў) можна ўмоўна раздзяліць на тры катэгорыі: мясцовага, рэспублікан-скага і сусветнага значэння. Да першай аднясём, напрыклад, народных умельцаў, якія пражываюць амаль у кожнай вёсцы Чашніцкага раёна і да якіх у госці часта наведваюцца настаўнікі і вучні. Трэцяя катэгорыя — прадстаўнікі роду Мілашаў і Валадковічаў, якія праславіліся сваёй актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасцю. А вось да другой катэгорыі аднясём аб’екты, якія можна смела размясціць у верхняй частцы топ-спіса дзесяці самых адметных мясцін нашай краіны, — велічная Лукомльская ГРЭС (флагман беларускай энергетыкі) і не менш велічная Свята-Троіцкая, або Белая, царква (ці не першы, на думку некаторых даследчыкаў, у Еўропе храм, узведзены ў стылі барока).
Калі верыць ідэалагічнай прапагандзе савецкага часу, то за святло ў нашых дамах мы павінны быць удзячны таварышу Леніну і яго знакамітай лямпачцы. Можа, і так, аднак сёння словы ўдзячнасці за святло ў дамах трэба адрасаваць не правадыру сусветнага пралетарыяту, а супрацоўнікам Лукомльскай ГРЭС. Менавіта дзякуючы іх напружанай і адказнай працы вырабляецца амаль палова ўсёй электраэнергіі краіны. Электрастанцыя ўражвае не толькі, так бы мовіць, аб’ёмамі прадукцыі, але і знешнім выглядам. Канечне, не кожны чалавек (асабліва той, хто клапоціцца пра экалагічны стан навакольнага асяроддзя) будзе любавацца велічнасцю труб, якія ўжо амаль 50 гадоў выпускаюць у неба над Новалукомлем клубы дыму. Аднак як бы там ні было, зразумець паэтаў, якія ў свой час усхвалялі маштабныя будоўлі маладой савецкай дзяржавы, спявалі оды гіганцкім заводам, усё ж такі можна. Штосьці фантастычнае і крыху рамантычнае ёсць у гэтых трох трубах-хмарачосах, што глядзяцца ў люстэрка Лукомльскага возера. Асабліва загадкава і таямніча яны выглядаюць у бясснежны снежань на фоне шэрага неба і рознакаляровых металічных грыбкоў, якія самотна стаяць на апусцелым пляжы.

Святая птушка

Наколькі б экалагічна небяспечнай ні была дзейнасць Лукомльскай ГРЭС, менавіта дзякуючы гэтай электрастанцыі мы, напрыклад, любуемся ззяннем навагодніх ёлак. 49 гадоў назад на беразе Лукомльскага возера ўзнік пасёлак энергетыкаў, які ў 1970 годзе атрымаў статус горада — аднаго з самых маладых у Беларусі. З таго часу жыццё горада і жыццё электрастанцыі, як жыццё мужа і жонкі, — адзінае, непарыўнае. Як паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 1 Новалукомля Ірына Васільеўна Парэбка, прад-прыемства з’яўляецца шэфам установы адукацыі з моманту закладкі ўпраўленнем Лукомльскай ГРЭС у 1965 годзе першай цагліны на месцы будучага будынка школы. І калі ў далёкім 1970 годзе ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля было вырашана стварыць гісторыка-краязнаўчы музей “Наш край”, то праблем з пошукам матэрыялу не ўзнікла: першымі экспанатамі сталі фотаздымкі і дакументы, што тычацца гісторыі прадпрыемства і горада.
Гэта цяпер навуковыя і даследчыя работы ствараюцца з дапамогай камп’ютарных праграм, а ў 70-я і 80-я гады вынікі пошукавай работы афармляліся ад рукі. І цяпер у эпоху сучасных інфармацыйных тэхналогій гэтыя вялікія альбомы ў цвёрдых вокладках, са старонкамі з якаснай паперы, на якіх фламастарамі і фарбамі напісаны загалоўкі артыкулаў, самі з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі. Канечне, новалукомльскія настаўнікі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце і сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Святланы Васільеўны Казловай была створана даследчая работа і камп’ютарная прэзентацыя “Лукомльская ГРЭС — флагман беларускай энергетыкі”, якая стала пераможцам на абласным конкурсе.
Акрамя асноўных дат этапаў станаўлення прадпрыемства і горада, тут змешчаны звесткі пра старажытны Лукомль, расказваецца і цікавая гісторыя ўзнікнення на эмблеме электрастанцыі выявы бусла. Усё пачалося ў 60-я гады, калі на месцы вёскі Пыркаўшчына сталі праводзіцца будаўнічыя работы па ўзвядзенні галоўнага корпуса электрастанцыі. Людзей выселілі, дамы зруйнавалі… А вось што рабіць з буслянкай, якая знаходзілася на самай верхавіне разгалістай вярбы? Кіраўніцтва вырашыла пачакаць, пакуль птушаняты стануць на крыло і змогуць самастойна здабываць сабе ежу. Гэтая гісторыя настолькі запомнілася рабочым, што пасля заканчэння будаўнічых работ энергетыкі змайстравалі на тэрыторыі прадпрыемства штучную буслянку і пасялілі ў іх незвычайных птушак. А выява бусла заняла ганаровае месца на эмблеме электрастанцыі.
— Апорнымі ўстановамі адукацыі па краязнаўчай рабоце ў нашым раёне, акрамя сярэдняй школы № 1 Новалукомля, з’яўляюцца Цяпінскі, Іванскі і Чарэйскі дзіцячы сад — сярэднія школы, Вядрэнскі дзіцячы сад — базавая школа, а таксама сярэднія школы № 1 і № 3 Чашнікаў. У кожнай з гэтых устаноў актыўна вывучаюцца не толькі адметнасці ўсяго раёна, але і населеных пунктаў мікрараёна школы. Калі, напрыклад, у сярэдняй школе № 3 Чашнікаў гэта ваенная тэматыка, то ў Іванскай школе — жыццё прадстаўнікоў роду Валадковічаў, у Чарэі — Белая царква і род Мілашаў. Калектыў Цяпінскай школы даследуе біяграфію свайго знакамітага земляка асветніка Васіля Цяпінскага, — паведаміла загадчык турыстычна-краязнаўчага аддзела Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Людміла Леанідаўна Хруцкая.

Чапаць рукамі дазваляецца

Калі святло ў дамы населеных пунктаў Чашніцкага раёна паступае з Лукомльскай ГРЭС, то святло веры ў душы жыхароў гэтай маляўнічай зямлі дораць храмы. На жаль, няўмольны і жорсткі час пакінуў на Чашніччыне толькі некалькі гэтых асаблівых светачаў. Некаторым пашчасціла, яны захаваліся, набылі новае жыццё, і цяпер, як у былыя часы, тут праходзяць службы. Іншым храмам таксама пашчасціла, аднак значна менш, і сённяшні іх стан далёкі нават ад здавальняючага. Сярод такіх храмаў — Свята-Троіцкая, або Белая, царква, якая была ўзведзена яшчэ ў часы Льва Сапегі на высокім узгорку, на самым краі незвычайнай чашы, на дне якой плёскаюцца хвалі Чарэйскага возера і віруе няспешнае, размеранае жыццё вёсак Чарэя і Белая Царква.
Гэты храм — не толькі помнік гісторыі і архітэктуры рэспубліканскага значэння, але і адзін з асноўных аб’ектаў даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў Чарэйскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Наогул, як вобразна адзначыла кіраўнік школьнага музейнага пакоя настаўніца гісторыі Таццяна Мікалаеўна Марчанка, Чарэя і яе ваколіцы з’яўляюцца ўрадлівым полем для краязнаўчай дзейнасці. Цікавішся першабытнымі часамі — калі ласка, на тэрыторыі вёскі гарадзішча жалезнага веку; захапляешся сярэднявеччам — тут табе і старадаўняе замчышча; калі неабыякавы да развіцця напрамкаў у архітэктуры — матэрыялаў для даследавання таксама дастаткова (чаго толькі варта ўжо згаданая Белая царква). Вялікая Айчынная вайна, жыццё выдатных землякоў… Адным словам, педагогу-краязнаўцу тут ёсць дзе разгарнуць сваю актыўную дзейнасць.
Сярод сотняў экспанатаў самым каштоўным з’яўляецца асколак зуба маманта, выпадкова знойдзены былым вучнем школы. Згодна з заключэннем супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гэта адзін з самых старажытных прадметаў на тэрыторыі Чашніцкага раёна. Яго ўзрост налічвае 5 тысяч гадоў і адносіцца да таго часу, калі Чарэйскае, Лукомльскае і Сяляўскае азёры з’яўляліся адным водным аб’ектам. Захоўваецца гэты прадмет у раздзеле “З глыбіні стагоддзяў”. Побач прадстаўлены ткацкі станок, за якім да нядаўняга часу працавалі падчас заняткаў гуртка “Ткацтва”, прадметы побыту жыхароў Чарэі. Дарэчы, знаёмства з глінянымі збанамі, вышыванымі ручнікамі натхніла вучняў на вывучэнне народнага рамяства жыхароў Чарэі. У працэсе сустрэч, знаёмства з ганчарамі, разьбярамі, вышывальшчыцамі збіраецца матэрыял для даследчай работы “Ці жыве рамяство ў Чарэі?”, якая будзе прадстаўлена ў сакавіку на раённым фестывалі даследчых работ.
Прапаганда вопыту даследчай дзейнасці для калектыву Чарэйскай школы не абмяжоўваецца толькі раённым узроўнем. Настаўнікі і вучні рэгулярна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх этапах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, займаюць прызавыя месцы. Напрыклад, на нядаўнім абласным этапе конкурсу юных экскурсаводаў яны прадстаўлялі ў Оршы школьны праект “Музей у чамадане” і па выніках змястоўнага выступлення атрымалі дыплом І ступені і падзяку ў выглядзе экскурсіі на Буйніцкае поле.
— Мы праводзім не толькі аглядныя і тэматычныя экскурсіі, але і далучаем наведвальнікаў да інтэрактыўнага знаёмства з экспазіцыяй. Для нас вельмі важна, каб госці былі не пасіўнымі слухачамі, каб экскурсія для іх была чароўным падарожжам у музейны свет. Таму, напрыклад, чапаць экспанаты рукамі ў нашым музеі дазваляецца, — адзначыла Таццяна Мікалаеўна.

Чароўная Чарэя

Зачароўваць у Чарэі, сапраўды, умеюць. Узяць для прыкладу экскурсаводаў. Пра некаторыя экспанаты яны расказваюць настолькі неверагодныя гісторыі, што падчас экскурсіі неаднойчы мільганула думка: “Дакладна зачаравалі! Такога не можа быць, а ты верыш”. Не менш чароўнымі, чым аповед экскурсаводаў, з’яўляюцца і маляўнічыя далягляды ваколіц Чарэі, якія ўпрыгожвае будынак Свята-Троіцкага храма. Нават паходжанне назвы вёскі звязана са словам “чараваць”. Гавораць, у даўнія часы, каб абараніць сябе ад бед і няшчасцяў, сяляне пабудавалі ў цэнтры вёскі царкву. Наступнай раніцай, калі будаўніцтва было скончана, у 7(сайт0храме знайшлі цудадзейны абраз Маці Божай. Усе, хто схіляўся перад ім на каленях у малітве з чыстымі думкамі і адкрытым сэрцам, абавязкова чулі слова “чарую”. Ішлі гады, ахоўвала Маці Божая людзей ад нягод. Прыходзілі да яе на паклон і з далёкіх краёў. І ўвесь гэты час да людзей даносілася чароўнае слова. З часам яно трансфармавалася, так і атрымалася назва Чарэя.
А можа гэта зусім і не легенда, можа так было на самай справе. Усё магчыма. Асабліва развеюцца ўсялякія сумненні пасля таго, як падыдзеш да старадаўніх муроў Белай царквы, пастаіш каля іх некалькі хвілін, паслухаеш, як вецер ледзь чутна калыша сухі быльнёг, а потым зойдзеш у сярэдзіну храма і на земляной падлозе сярод пабітай цэглы зусім нечакана натрапіш на абразы Маці Божай і Хрыста. Канечне, іконы тут з’явіліся не самі, іх прынеслі людзі, аднак штосьці падказвае, што слова, ад якога атрымала сваю назву вёска, яшчэ абавязкова загучыць у гэтых сценах, а змрочны шэра-чырвоны фасад храма абавязкова стане белым.
Не менш чароўнае і мінулае Чарэі, у лёсе якой адлюстравана багатае жыццё краю. А пачалася гісторыя населенага пункта з XIV стагоддзя, калі ён быў удзельным горадам, цэнтрам княства на землях крывічоў. Першапачаткова Чарэя належала Пяструцкім, а з XVI стагоддзя — Сапегам. Напамінам пра дзяржаўную і асветніцкую дзейнасць знакамітага роду з’яўляецца Свята-Троіцкая царква — помнік архітэктуры ранняга або, згодна з іншымі меркаваннямі гісторыкаў, позняга барока. У канцы ХІХ стагоддзя Чарэя належыць Уладзіславу Артуравічу Мілашу — бацьку вядомага літоўскага і французскага паэта Аскара Мілаша. Ад Сапегі Мілашам засталася драўляная сядзіба, дзе захоўваўся багаты архіў, парк з цяністымі прысадамі і аранжарэямі.
— Уладзіслаў Мілаш захапляўся аэранаўтыкай, набыў паветраны шар, але спроба палётаць скончылася для яго трагічна. Атрымаўшы шматлікія траўмы, ён неўзабаве памёр і быў пахаваны ў радавым склепе на чарэйскіх каталіцкіх могілках. А ў канцы лістапада 1917 года памешчыцкую зямлю раздалі сялянам-беднякам. Не менш цікавае жыццё яшчэ аднаго незвычайнага жыхара Чарэі — вялізнага плуга, які захоўваецца ў нашым музейным пакоі. Апрацоўваць зямлю ім пачалі адразу пасля адмены прыгоннага права. Плуг перажыў пажар у хляве, дзве сусветныя вайны. Ніякае ліха яго не брала, а ўсё таму, што быў зроблены з любоўю, працавітымі рукамі майстра і захоўваўся прадстаўнікамі чарэйскага роду Аўцюховічаў як сямейная рэліквія, — расказваюць падчас азнаямляльнай экскурсіі навучэнцы.
Гэтак жа цікава юныя экскурсаводы паведамяць і пра арганізацыю ў верасні 1941 года ў Заборскім лесе партызанскага атрада, які ўзначаліў лейтэнант Васіль Шчукін, пра тое, што яго смелымі сувязнымі сталі выхаванцы Чарэйскага дзіцячага дома Сяргей Сямёнаў і Валянціна Махрова, якую пасля катавання расстралялі 21 кастрычніка 1941 года ў садзе за школай. Цяпер яе імя носіць піянерская дружына. У сваім аповедзе вучні абавязкова адзначаць, што Чарэя — малая радзіма трох герояў Савецкага Саюза. Цікавым атрымліваецца і аповед пра гісторыю Чарэйскай школы, якой, дарэчы, сёлета споўнілася 150 гадоў.

Каб выпіць поўную чашу багатага мінулага чашніцкай зямлі, акрамя Чарэі і Новалукомля трэба абавязкова наведаць Іванск. Аднак туды адправімся ў наступны раз, на старонках студзеньскага дадатку “Шосты дзень”. Падчас падарожжа вы, паважаныя чытачы, абавязкова даведаецеся не толькі пра тое, што звязвае гэты куточак Чашніччыны з Галандыяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Канадай і Польшчай, але і каго і галоўнае чаму яшчэ пры жыцці называлі… беларускімі вампірамі. Вось такая яна разнастайная і незвычайная Чашніччына.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.