Святочна і сімвалічна

- 10:27Выхаванне

Менавіта так прайшло ў Магілёве мерапрыемства па ўручэнні пашпартоў юным жыхарам рэгіёна. Урачыстасць адбылася ў рамках Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”.

У Палац культуры вобласці былі запрошаны амаль 30 хлопцаў і дзяўчат з усяго рэгіёна, якім напярэдадні споўнілася 14 гадоў. Многія з іх — выдатнікі вучобы, пераможцы інтэлектуальных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Словам, сапраўдная гордасць сваіх навучальных устаноў. Галоўны ў жыцці дакумент — пашпарт — маладыя людзі атрымалі з рук старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца.

Леанід Канстанцінавіч павіншаваў прысутных з Днём Канстытуцыі, заўважыўшы, што гэты дакумент дае права кожнаму грама­дзяніну знайсці сябе ў жыцці, развівацца і самарэалізоўвацца на роднай зямлі.

— У тым, што Беларусь сёння прыгожая, незалежная і бяспечная, — заслуга мінулых пакаленняў. І дасягнутае трэба шанаваць, прымнажаць. У вас наперадзе самыя актыўныя гады жыцця. Выкарыстоўвайце іх на карысць краіны, — даў наказ моладзі старшыня аблвыканкама.

Урачыстасць моманту з маладымі лю­дзь­мі падзялілі іх бацькі. А своеасаблівай сімвалічнасці святочнаму мерапрыемству надалі творчыя выступленні таленавітых магілёўскіх выканаўцаў.

У рамках акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” пашпарты ўрачыста атрымлівалі прадстаўнікі таленавітай моладзі па ўсёй Магілёўшчыне. Пуцёўкі ў дарослае жыццё падлеткам уручалі прадстаўнікі органаў улады, грамадскія дзеячы і іншыя заслужаныя людзі рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.