Святочна, маштабна, карысна­­­­

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Выстава-продаж устаноў адукацыі Паўночнага рэгіёна “Восеньскі карагод” адбылася ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020” у Віцебску.

Горад упершыню стаў святочнай пляцоўкай для самых руплівых і актыў­ных  радстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. “Восеньскі карагод” не расчараваў: асартымент быў прапанаваны на любы густ і запыт — ад садавіны, агарод­ніны, мёду, яек, саджанцаў пладова-ягадных культур, свойскіх жывёл, гаспадарчага і садовага інвентару да сувеніраў, свежай выпечкі, шашлыкоў і знакамітай відзаўскай юшкі, эксклюзіўных абутку, адзення і скургалантарэі. Побач разгарнуліся майстар-класы, фотазоны і выставачныя экспазіцыі, выступленні тэатраў мод і анімацыйныя шоу-праграмы, выстава сельскагаспадарчай тэхнікі розных часоў, цудоўны канцэрт на вялікай сцэне і мноства міні-канцэртаў, якімі навучэнцы заваблівалі наведвальнікаў да палатак сваіх устаноў адукацыі, а ўсё разам стварала выдатны настрой і незабыўную атмасферу свята таленту і працавітасці.

— Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі мае велізарны патэнцыял у прафесійнай арыентацыі і дапрафесійнай падрыхтоўцы дзяцей і моладзі, і мы пастараліся раскрыць яго як мага больш поўна, — праінфармавала намеснік дырэктара Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці Наталля Янцэ­віч. Як паведаміў начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка, сёлета ў выставе-продажы прынялі ўдзел усе ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна, абласны палац і гарадскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 10 аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі раёнаў, Віцебскае кадэцкае вучылішча і ўстановы вышэйшай адукацыі абласнога цэнтра. Кожны год адным з цэнтраў прыцягнення навед­вальнікаў на “Восеньскім карагодзе” становіцца пляцоўка аддзела па адукацыі Віцебскага райвыканкама. Яе гаспадары штораз знаходзяць новыя ідэі і арыгінальныя падыходы да афармлення, якія выклікаюць усеагульную цікавасць. Гэтая восень не выключэнне: уразілі і вясковы падворак з вывадкам гусей, і ткацкія вырабы, кераміка, і, канечне ж, каларытныя Дзед-рамеснік і Маці-Зямля з прыгажунямі-памочніцамі (у іх пераўвасобіліся прадстаўнікі Старасельскай сярэдняй школы Віцебскага раёна на чале з дырэктарам Вадзімам Сакратаровым і яго намеснікам па выхаваўчай рабоце Марынай Драняевай).  

Маштабную піяр-кампанію арганізавалі студэнты і выкладчыкі ВДУ імя П.М.Ма­шэ­ра-­ ва: раздавалі прафарыентацыйныя буклеты, рэкламавалі ўніверсітэт і яго спецыяльнасці, тлумачылі перспектывы і перавагі атрымання першай або другой вы­шэйшай адукацыі ме­навіта ў ВДУ. Навед­вальнікі ўніверсітэцкай палаткі мелі ўнікальную магчымасць убачыць вы­ставачныя экзэмпля­ры малюскаў (дзякуючы фа­­культэту хіміка-біялагіч­ных і геаграфічных навук), пратэсціравацца на сістэме кам­п’ю­тарнай дыягностыкі “Амега” (прапанова факультэта фізічнай культуры і спорту), бліжэй пазнаёміцца з робатамі (іх прадаставіў факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій), набыць аўтарскія сувеніры і біжутэрыю, бясплатна зрабіць аквагрым (пра гэта паклапаціўся мастацка-графічны факультэт) і нават атрымаць на памяць фігурку з паветраных шароў (іх выраблялі і дарылі дзецям студэнты педагагічнага факультэта — удзельнікі валанцёрскага аб’яднання “Аквамарын”). Арганізатары істотна змянілі канцэпцыю і фармат восеньскай выставы-продажу: калі раней галоўны акцэнт быў зроблены на продажы сельскагаспадарчай прадукцыі, то цяпер, не адмяняючы, а нават узмацняючы яго, на першы план выйшла прэзентацыя ўстаноў адукацыі, іх магчымасцей, майстэрства навучэнцаў і пе­даго­гаў, у тым ліку пераможцаў WorldSkills Belarus — 2020 (на заключным этапе нацыянальнага чэмпіянату каманда вобласці заваявала 14 медалёў, з іх 4 — залатыя). Усяго працавалі 11 дэманстрацыйных пляцовак па розных кампетэнцыях WorldSkills, дзе можна было не толькі паназіраць за работай маладых майстроў, але і пры жаданні прайсці прафесійныя пробы, атрымаць кампетэнтную кансультацыю. Асаблівым поспехам гэтыя пляцоўкі карысталіся ў бацькоў і моладзі: выставу наведалі арганізаваныя групы навучэнцаў амаль усіх віцеб­скіх школ і гімназій.

— Самае галоўнае ў падобных мерапрыемствах — матывацыя, абмен вопытам, маладзёжнае супрацоўніцтва, — выказаў меркаванне дырэктар Аршанскага дзяржаўнага кале­джа харчавання Анатоль Сіняўскі. — Зараз тут дэманструюць сваё майстэрства пераможцы WorldSkills Belarus — 2020, яны гу­тараць са школьнікамі, настаўнікамі і бацькамі, расказваюць, паказваюць, адказваюць на пытанні; побач, у такім жа адкрытым доступе — кіраўнікі ўсіх устаноў прафадукацыі, педагогі, майстры вытворчага навучання — пагадзіцеся, унікальная сітуацыя. Да нас на WorldSkills Orsha прыязджаюць маладыя прафесіяналы з Расіі і Латвіі, іх педагогі, эксперты WorldSkills, выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. У тым ліку гэта людзі, якія перамагалі ў еўрапейскіх і сусветных чэмпіянатах — яны маюць каласальны вопыт, і для нас вельмі каштоўная магчымасць яго пераняць.

Прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання на абласным этапе WorldSkills Belarus — 2020 у кампетэнцыі “Электрамантаж” занялі 2-е месца і стараюцца выйсці ў лідары. На пляцоўцы ліцэя вялікую ўвагу прыцягнуў вучэбны стэнд, выраблены пасля завяршэння спаборніцтваў майстрамі вытворчага навучання Васілём Дабраўляніным і Андрэем Доўгім. Па словах Андрэя Мікалаевіча, на стэндзе навучэнцы могуць займацца самастойна і разам з педагогам, удасканальваць навыкі па электрамантажы, праграмаваць і мадэляваць, кіраваць асвятленнем і электрарухавіком, у тым ліку ліфтавых установак. Пераможцам абласнога этапу ў названай кампетэнцыі быў прызнаны Арцём Мацкевіч з Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. У “Вялікім камені” самы малады з электрамантажнікаў-фіналістаў заваяваў “бронзу”нацыянальнага чэмпіянату.

Многія тэматычныя экспазіцыі выставы-продажу былі прысвечаны 80-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 75-годдзю Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і Дню настаўніка. Па непарушнай шматгадовай традыцыі ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчын­най вайны, ветэранам педагагічнай працы пры набыцці прадукцыі прадастаўлялі значныя зніжкі і дапамагалі з дастаўкай. Групы наведвальнікаў надоўга затрымліваліся ля вялізнага панарамнага Foldup стэнда з падрабязнай ілюстраванай інфармацыяй пра дасягненні рэгіянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі, знакавых асоб у яе гісторыі. Яркая і знамянальная старонка сёлетняга “Восеньскага карагода” — закладка кляновай алеі ў гонар 80-годдзя сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі: права ўдзелу ў гэтай пачэснай справе атрымалі ветэраны прафесійна-тэхнічнай адукацыі, заслужаныя педагагічныя работнікі і кіраўнікі, лепшыя навучэнцы. Кульмінацыяй свята стала ўшанаванне лепшых работнікаў устаноў адукацыі, дзякуючы якім абласны каравай Віцебшчыны стаў яшчэ багацейшым. Узнагароды героям дня ўручыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Характэрна і сімвалічна, што менавіта прадстаўнікі сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці ўзначалілі святочную калону працаўнікоў на “Дажынках” — больш за паўсотні лепшых з лепшых, будучыня рэгіёна. У хо­дзе ўрачыстасці пяцёра навучэнцаў кале­джаў і ліцэяў за працоўныя дасягненні атрыма­лі падзякі старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва, а падарункамі для Гарадоцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Пастаўскага дзяржаўнага каледжа і Дубровенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці сталі новыя сучасныя трактары.

…Літаральна на вачах пусцелі кузавы грузавых аўтамашын, да гэтага напоўненыя мяхамі з сельгаспрадукцыяй. Тое ж назіралася практычна паўсюль. Так, уранні на пляцоўцы Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа радавалі вока разнастайныя вырабы з дрэва і металу, багаты выбар сталовай і пасцельнай бялізны, дзіцячага і жаночага адзення. Праз дзве гадзіны жаданне прыпыніцца выклікалі хіба што фотазона і майстар-клас па роспісе пернікаў, бо амаль усё было раскуплена. Павышаным попытам, як пракаменціравала дырэктар каледжа Ганна Бурэнь, карысталіся мангалы, вяндлярні, драўляныя крэслы, вырабы з мастацкай вышыўкай, каванымі элементамі; зрэшты, нават шпакоўні разабралі. Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, агульны прыбытак удзельнікаў продажу ад рэалізацыі тавараў перавысіў 102 тысячы рублёў.

— Наша выстава — вялікі стымул для кожнай установы прафесійнай адукацыі, яна ўсім удзельнікам задае тон, служыць пэўным узорам якасці, нацэльвае на далейшае развіццё, — падкрэсліў дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. — Развівацца трэба пастаянна. У нашым каледжы шырокі спектр спецыяльнасцей і кваліфікацый, мы ўвесь час удасканальваем падрыхтоўку па асноўных напрамках і шукаем штосьці новае. Нядаўна на ўзроўні сярэдняй спецыяль­най адукацыі адкрылі падрыхтоўку спецыя­лістаў па зварачных тэхналогіях. Упэўнены: выпускнікі будуць запатрабаваныя. Як узор працы з металам мы паказалі мадэль танка Т-34 — сур’ёзная і карпатлівая работа, якую здольны выканаць толькі падрыхтаваны і дасканала знаёмы з сакрэтамі сваёй прафесіі майстар. На выставе-продажы адначасова праходзіць прэзентацыя больш як 100 прафесій. Важна было правесці май­стар-класы, каб усе жадаючыя маглі не проста палюбавацца на вырабы, але і ўбачыць, як яны ствараюцца, як выконваюцца розныя віды работ. Такім чынам, гэта яшчэ і прыклад эфектыўнага прафарыентацыйнага мерапрыемства. Уражанні ад яго вельмі яркія.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.