Святочнае завяршэнне марафону студатрадаў

Афіцыйнае закрыццё трэцяга працоўнага семестра 2021 года адбылося ў рамках фіналу марафону студэнцкіх атрадаў “Маладосць. Праца. Адзінства”. Ушаноўванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр” на лепшы студэнцкі атрад і на лепшую арганізацыю, якая прымала студатрад, прайшло ў Цэнтры карпаратыўных мерапрыемстваў ЗАТ “Атлант” у Мінску.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі больш за 500 чалавек: байцы, камандзіры і камісары студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны, ветэраны студатрадаўскага руху, кіраўнікі арганізацый, якія прымалі атрады, прадстаўнікі органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, якія віншавалі пераможцаў. 

Лепшыя вызначаны ў 16 намінацыях. Лепшыя атрады, камандзіры, камісары адзначаны стылізаванымі залатымі кельнямі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Пераходныя сцягі былі ўручаны лепшаму атраду маладзёжнай будоўлі і лепшай прымаючай арганізацыі.

Са сцэны прагучаў зварот да ўдзельнікаў марафону студэнцкіх атрадаў, які прыслала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава. “Студ­атрадаўскі рух аб’ядноўвае ў сваіх радах маладых і мэтанакіраваных людзей, уносіць дастойны ўклад у развіццё нашай краіны. Працягваючы слаўныя традыцыі маладзёжных будоўляў, студэнты ўсёй краіны ўдарна працавалі на сацыяльна значных аб’ектах, удзель­нічалі ў рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, малочна-таварных ферм, школ і дзіцячых садоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў. Сёння студатрады — гэта не толькі магчымасць атры­маць новыя кампетэнцыі і палеп­шыць прафесійныя навыкі, але і ўнікальны шанс набыць вялізны вопыт самарэалізацыі, прайсці школу сяброўства, зацвердзіць у сабе лепшыя чалавечыя якасці: адказнасць, спагадлівасць і ініцыятыўнасць”, — было сказана ў звароце.

А потым пачалося ўзнагароджанне. Лепшы студэнцкі атрад, які працаваў на аб’екце будаўніцтва, якому прысвоены статус Усебеларускай або абласной (Мінскай гарадской) будоўлі, і прадстаўнік лепшага наймальніка атрымалі ­ўзнагароды з рук першага намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірыны Анатольеўны Старавойтавай. 

— Студэнцкі рух — гэта не толькі гісторыя ў 60 гадоў. Гэта жыцці і лёсы многіх тысяч людзей. Гэта традыцыі, якія вы перадаяце з пакалення ў пакаленне. Гэта каштоўнасці, якія фарміруюцца у тым ліку ў рабоце, у студэнцкіх атрадах, — сказала Ірына Анатольеўна. — Студэнцкія атрады не проста жывуць, яны пашыраюцца, мацнеюць.

Першы намеснік міністра адукацыі пажадала студатрадаўцам, каб здзяйсняліся іх мары, каб яны заставаліся такімі ж мэтанакіраванымі, пажадала сіл і перамог. 

Пераможцамі ў дзвюх вышэйназваных намінацыях сталі будаўнічы атрад “Эўрыка” імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі (атрад працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі “Горад маладосці”), штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наваполацкая гарадская арганізацыя БРСМ і ЗАТ “Атлант”.

З 1 студзеня да 1 снежня 2021 года Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў працаўладкаваў 33 538 чалавек у складзе 2383 атрадаў розных профіляў. Рэалізаваны шэраг маладзёжных працоўных праектаў, такіх як “Горад маладосці” ў Астраўцы, “Атлант-2021” і інш.

У намінацыі “Лепшы студэнцкі атрад” адзначаны педагагічны атрад “Сузор’е” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, медыцынскі атрад “Медык” імя Героя Савецкага Саюза Пятра Буйко Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, будаўнічы атрад “Дойліды” імя Пятра Іванавіча Блахіна (атрад працаваў за межамі Рэспублікі Беларусь) Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, вытворчы атрад “БРУклін” імя Героя Савецкага Саюза Івана Сідаравіча Лазарэнкі, які працаваў на маладзёжным вытворчым працоўным праекце “Атлант-2021” (штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Магілёўская вобласць) і інш.

Узнагароды атрымалі лепшыя камандзіры і камісары студэнцкіх атрадаў розных профіляў, лепшыя штабы працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ установы адукацыі, лепшыя тэрытарыяльныя штабы студэнцкіх атрадаў раённай, гарадской і абласной арганізацый БРСМ, адзначаны лепшыя наймальнікі.

Закрыццё трэцяга працоўнага семестра не было абмежавана цырымоніяй узнагароджання. У фае цэнтра працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, экспазіцыя творчых работ пераможцаў конкурсу “Працоўны семестр”, вернісаж “Атрад is”, адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў ветэранаў студатрадаўскага руху “Наш трэці працоўны”. Акрамя таго, яшчэ да пачатку ўшанавання лепшых на плошчы Перамогі ў Мінску прайшла патрыятычная акцыя “Памяць сэрца” з ускладаннем кветак да манумента Перамогі і інсталяцыяй з запаленых лампад у форме назвы патрыятычнай акцыі. Праграму марафону завяршыў трохдзённы Усебеларускі злёт студэнцкіх атрадаў “Час руху”, які праходзіў у аздараўленча-спартыўным комплексе “Раўбічы”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.