Святочны настрой студэнцкай лыжні

“Усебеларуская студэнцкая лыжня — 2019” сабрала аматараў зімовых відаў спорту 16 лютага на лыжаролернай трасе “Вяснянка”. Больш за 400 студэнтаў з паўсотні ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны паўдзельнічалі ў эстафетах і масавых стартах.

— Міністэрства адукацыі пры актыўнай падтрымцы Міністэрства спорту і турызму працягвае традыцыі студэнцкага спорту, — падкрэсліла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава. — Сёння сабралася больш за 400 удзельнікаў, паўтары тысячы балельшчыкаў. Удзел у спаборніцтвах прымаюць не толькі студэнты, але і выкладчыкі, загадчыкі кафедраў, дэканы, кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і, канечне, каманда Міністэрства адукацыі. Я думаю, галоўнае ў такіх святах не перамога, а азарт і энергія, якія іх суправаджаюць.

— Амаль год назад нашы біятланісткі выйгралі залатыя алімпійскія медалі ў Пхёнчхане, сёння ў многіх з вас будзе магчымасць адчуць, як здабываюцца такія медалі, — настаўляў студэнтаў першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Віктаравіч Дурноў. — Арганізатары зрабілі ўсё, каб, нягледзячы на амаль вясенняе надвор’е, падрыхтаваць трасу і даць вам магчымасць паспрабаваць свае сілы на лыжні.

Таксама каманды ўніверсітэтаў павіталі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Мікалаевіч Цуран і кіраўнік Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Віктаравіч Багдановіч.

Студэнты змагаліся ў дзвюх эстафетных гонках — біятлоннай і лыжнай — на дыстанцыі 4х3,6 км. Прадказальна, што ў абедзвюх перамаглі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Другое месца ў біятлоне заняла каманда Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, трэцяе — спартсмены Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Дарэчы, квартэт будучых педагогаў заняў таксама другое месца ў лыжнай эстафеце. Трэцяе атрымалі студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.

Святочны настрой на спаборніцтвах стваралі гледачы, якія прыехалі падтрымаць сваіх спартсменаў. Яркія сцягі і пампоны, вопратка ў колерах універсітэтаў, фанацкія крычалкі — думаецца, можна ўзнагароджваць не толькі самых хуткіх спартсменаў, але і самыя актыўныя каманды падтрымкі.

— Канечне, ты заўважаеш фанатаў падчас гонкі, — расказала студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і ўдзельніца лыжнай эстафеты Варвара Кузнечык. — Калі цяжка, а цябе падтрымліваюць з трыбун, адкрываецца другое дыханне. А хваляванне? Калі ты добра падрыхтаваны і сканцэнтраваны, асаблівага хвалявання няма. Ты проста ведаеш, што і як трэба рабіць.

Варвара займаецца лыжным спортам ужо 8 гадоў і ўпэўнена: акрамя дысцыпліны і ўмення трымаць эмоцыі пад кантролем, заняткі даюць моцнае здароўе.

— Гэта арганізоўвае твой вольны час, — дадае Алена Пятрыка, таксама будучы педагог і ўдзельніца біятлоннай эстафеты. — І дапамагае адпачыць. Дзве гадзіны на лыжах — такое задавальненне!
Добры настрой і моцны імунітэт абяцаюць кожнаму, хто катаецца на лыжах, і выкладчыцы кафедры фізічнага выхавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аліна Валер’еўна Буцько і Ганна Антонаўна Бранавіцкая.

— Калі хочаце навучыцца катацца, пачынайце паступова, — дзеліцца карыснымі парадамі Ганна Антонаўна. — Прыходзьце на найбліжэйшую трасу пажадана ў будны дзень, калі менш людзей. Бярыце лыжы і не спяшайцеся ехаць: спачатку проста пастойце, патупайце на месцы, каб адчуць лыжы і прызвычаіцца, і толькі пасля паспрабуйце ісці. Памятайце, што ў любых трэніроўках галоўнае — рэгулярнасць. Будзеце займацца пастаянна — і хутка зможаце паўдзельнічаць у сваім першым масавым старце.

Масавыя старты — гэта, напэўна, найбольш эмацыянальная частка Усебеларускай студэнцкай лыжні. Першымі стартавалі рэктары ўніверсітэтаў і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, за імі — выкладчыкі, апошнімі лыжню штурмавалі студэнты. Кожны, хто адолеў дыстанцыю ў 2,4 кіламетра, атрымаў на фінішы памятны медаль. Асобна ўзнагародзілі лідараў першага мас-старту — перамогу заваяваў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.