Святочныя цуды Бялыніцкай зямлі

Штогод у пачатку верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Сёлета вялікі рэспубліканскі фестываль адбудзецца 27-мы раз. Па традыцыі на ім будзе прапанавана насычаная творчая праграма. Яе асноўныя мерапрыемствы пройдуць 5—6 верасня ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Сярод іх — фестываль кнігі і прэсы, сустрэча айчынных і замежных майстроў слова, гістарычная квест-гульня, прэзентацыя новых выданняў, тэатралізаваныя паказы і музычныя канцэрты, вернісаж выяўленчага і паэтычнага мастацтва, “Жывыя партрэты” і шмат чаго іншага на любы густ і ўзрост.

“Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах дазволіць акунуцца ў творчую кніжную атмасферу роднай зямлі, — выказаў меркаванне напярэдадні свята намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Нам бы хацелася, каб гэтая падзея закранула ўсіх жыхароў і гасцей нашай краіны. Нараўне з вялікай колькасцю мерапрыемстваў, прысвечаных кнізе, кнігавыданню, пісьменніцкаму асяроддзю, творчым мерапрыемствам, свята варта наведаць у тым ліку і для таго, каб убачыць славутасці гэтага краю, у прыватнасці, абраз Божай Маці Бялыніцкай, каб пагутарыць з цікавымі людзьмі — прадстаўнікамі навуковых, творчых колаў, пісьменніцкай сферы Беларусі. Акрамя таго, будзе арганізавана яркая канцэртная праграма адкрыцця і закрыцця свята”.

Праграма Дня беларускага пісьменства распрацавана як на падставе прапаноў аргкамітэта, так і з улікам эпідэмсітуацыі. 5 верасня адбудзецца круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: слова стваральнае і разбуральнае” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў з дзесяці краін свету, а таксама Кітая і Польшчы ў фармаце zoom-канферэнцыі, якую можна будзе паглядзець і ў трансляцыі на YоuTubе. Сярод заснавальнікаў і арганізатараў круглага стала, галоўная мэта якога — прыцягненне ўвагі да беларускага прыгожага пісьменства, прапаганда роднага слова, развіццё зносін, Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Усе найбольш маштабныя мерапрыемствы адбудуцца 6 верасня. Сярод іх у першую чаргу — урачыстае адкрыццё свята. У яго мастацкай канцэпцыі выкарыстаны гістарычныя і краязнаўчыя звесткі, паданні пра Бялынічы і Магілёўшчыну, гісторыя развіцця беларускага тэксту і літаратурная спадчына Уладзіміра Караткевіча. “Цырымонія ўзнагароджання пісьменнікаў — пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі таксама стане адным з асноўных складнікаў адкрыцця фестывалю. Трэба “раскручваць” сучасных пісьменнікаў, каб пра іх ведалі і гаварылі. Аўтарам варта шукаць падыходы да чытачоў падчас літаратурных сустрэч, прэзентацый і аўтограф-сесій”, — адзначыў Ігар Іванавіч.

У межах свята пройдзе хрэсны ход удзельнікаў рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга, адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Бялыніцкія чытанні”, будуць падведзены вынікі конкурсу буктрэйлераў “Кніга з экрана”, стартуе гістарычная квест-гульня “Скарб князя Гальшанскага” — маштабнае мерапрыемства, да ўдзелу ў якім запрашаюцца ўсе ўдзельнікі свята. “За аснову квеста ўзяты твор Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, — патлумачыў І. Бузоўскі. — Дарэчы, у гэтым годзе мы адзначаем 90-годдзе класіка. Мы лічым, што квест дазволіць дзецям і бацькам займальна правесці час і вывучыць тэрыторыю горада”.

Акрамя таго, на цэнтральнай плошчы Бялыніч каля райвыканкама 5—6 верасня будуць працаваць павільёны “Кнігі і прэса Беларусі”, “Друкарскі двор”, “Слова пісьменніка”, дзе прадставяць лепшыя выданні мастацкай, вучэбнай літаратуры, кнігі для дзяцей, энцыклапедычную літаратуру і айчынныя перыядычныя выданні, а таксама прэзентуюць кнігі — пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя Году малой радзімы, 75-годдзю Вялікай Перамогі і 90-годдзю з дня нара­джэння Уладзіміра Караткевіча.

Цырымонія закрыцця свята пройдзе ў канцэпцыі “Як ствараліся традыцыі малой радзімы”, якая адлюструе асноўныя характарыстыкі беларускага народа. Як анансаваў намеснік міністра інфармацыі, таксама адбудзецца перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства Капылю Мінскай вобласці.

Намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка перакананы, што ўдзельнікам і гасцям свята будзе зручна і камфортна. “Бялынічы гатовы да прыёму гасцей, праведзена рэканструкцыя, рамонт жыллёвага фонду, інфраструктуры горада, транспартнай магістралі, з’явіліся веладарожкі, сучаснае асвятленне вуліц, а таксама цэлы шэраг аб’ектаў культуры, — дадаў ён. — Безумоўна, жамчужынай можна лічыць рэканструяваны музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які першапачаткова з’явіўся 50 гадоў назад, а цяпер зноў чакае сваіх наведвальнікаў ужо ў сваім сучасным доме. Установа не толькі абсталявана ўсімі сучаснымі тэхналогіямі, яшчэ ў ёй створана безбар’ернае асяроддзе, што зробіць мастацтва даступным усім наведвальнікам”.

Валерый Анатольевіч параіў звярнуць увагу і на такую пляцоўку, як “Лёс зямлі маёй праз слова”, на якой адлюстраваны 8 гістарычных этапаў развіцця рэгіёна — ад пачатку мінулага тысячагоддзя і да сучаснасці. “Тут можна будзе ўбачыць i берасцяную грамату, i Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага, i карцiны прыдворнага мастака Мiкалая II, і iншыя рарытэты”, — патлумачыў ён.

Для гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства падрыхтаваны выстаўкi i майстар-класы, фестываль беларускай кухні, свята з прэзентацыяй дзіцячых кніг, гульнявой праграмай, літаратурнымі конкурсамі і віктарынамі. Дзецям цiкава будзе акунуцца ў казку на выстаўцы-кiрмашы “Вянок беларускiх казак”. Акрамя таго, падчас свята адбудзецца ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “З’яўленне іконы” магілёўскага скульптара Аляксандра Мінько. А яшчэ на стадыёне ў “Ліпавым гаі” пройдзе спартыўнае свята па розных відах спорту, а на канцэртнай пляцоўцы ў парку адбу­дзецца гала-канцэрт пераможцаў рэгіянальнага конкурсу выканаўцаў маладзёжнай і патрыятычнай песні. Куды прасцей прыехаць на свята і ўбачыць усё на свае вочы, акунуўшыся ў традыцыі нацыянальнай культуры.

7 прычын, каб адправіцца на Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічы:

убачыць абраз Божай Маці Бялыніцкай;

наведаць унікальны музей В.Бялыніцкага-Бірулі з адрэстаўраванай фрэскай “Узыходжанне на Галгофу”;

паўдзельнічаць у хрэсным ходзе экспедыцыі “Дарога да святыняў” з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга” пазнаёміцца з адметнымі прадстаўнікамі навуковых і творчых колаў;

пагуляць у незвычайны квест па творах У.Караткевіча;

пабываць на “смачным” фестывалі “БелаЕжа”;

сустрэцца з беларускімі пісьменнікамі і акунуцца ў кніжную атмасферу роднай зямлі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БелТА.