Святы ўраджаю ў “Беларусачцы”

- 15:40Нам пішуць

Прышкольныя лагеры вельмі запатрабаваныя, бо даюць магчымасць для творчага развіцця дзяцей, узбагачэння духоўнага свету і інтэлекту, дораць радасць зносін, творчыя адкрыцці, арыгінальныя ідэі.

У жніўні для 20 вучняў Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы расчыніў свае дзверы летні аздараўленчы лагер “Беларусачка”. На аснове свят ураджаю — Зажынак, Спажынак і Дажынак — была распрацавана гульнявая праграма “Дапамажы малой радзіме сабраць ураджай!”. Яе мэта — фарміраваць любоў да малой радзімы, цікавасць да народных традыцый, беражлівыя адносіны да роднага краю.

Сутнасць гульнявой праграмы — на працягу лагернай змены здзейсніць падарожжа па малой радзіме на цягніку “Экспрэс” з экіпажам цягніка: капітан — дырэктар лагернай змены, праваднікі — выхавальнікі, дыспетчары — камандзіры атрадаў, пасажыры — дзеці. Кожны атрад — экіпаж — стварае сваю сістэму жыццядзейнасці, сцвярджае сімволіку, выпускае вахтавы часопіс.

Уся інфармацыя пра ўмовы гульні і ўдзелу ў той ці іншай справе прадстаўлена на інфармацыйным стэндзе. Стэнд выкананы ў выглядзе карты Беларусі з 18 станцыямі, у адпаведнасці з працягласцю лагернай змены. Цэнтральным звяном з’яўляецца цягнік “Экспрэс” з планам работы лагера. На кожнай станцыі пасажыры вывучаюць народныя традыцыі, звычаі, рамёствы, удзельнічаюць у спаборніцтвах, забавах, конкурсах, гульнях, акцыях, здзяйсняюць экспедыцыі, экскурсіі, праяўляючы свае веды, уменні, здольнасці і таленты. Экіпажы зарабляюць балы — каласкі.

Самыя яркія моманты лагернай змены — гэта святы ўраджаю. 2 жніўня, на Ілью, беларусы пачыналі жаць жыта, таму менавіта гэты дзень быў выбраны для адкрыцця лагернай змены. Паводле народнай традыцыі, старэйшыя выхаванцы на полі зжалі першы сноп, перавязалі яго яркай стужкай, а малодшыя ўпрыгожылі яго кветкамі і перадалі “Беларусачцы” як сімвал багатага жніва. Свята прадоўжылася забаўляльнай праграмай.

Пасля Мядовага Спаса традыцыйна адзначаюць працоўнае свята Спажынкі, што азначае “сумеснае жніво”, дапамогу ва ўборцы ўраджаю іншым гаспадарам. Менавіта ў гэты дзень на станцыі “Добрых спраў” дзеці аб’ядналіся, каб падарыць радасць пажылым людзям, аказаць дапамогу ва ўборцы ўраджаю ў садзе.

Дажынкі — заключнае свята, якое адзначаецца пасля заканчэнні жніва і суправаджаецца народнымі абрадамі, песнямі, танцамі. У апошні дзень лагернай змены экспрэс здзейсніў прыпынак на станцыі “Дажынкі”. Пасажыраў сустрэла хлебам і соллю дырэктар. Экіпажы выканалі дажыначны абрад: з сабраных на працягу лагернай змены каласкоў звязалі снапы. Дзеянні суправаджалі дажыначнымі песнямі, танцамі. На кожны каласок пасажыр павязаў стужачку са сваім пажаданнем.

Ва ўрачыстай атмасферы былі ўзнагароджаны самыя актыўныя ўдзельнікі гульнявога праекта “Дапамажы малой радзіме сабраць ураджай!”. Экіпаж самага вялікага, арыгінальнага снапа быў узнагароджаны салодкім прызам. У канцы свята ўсіх удзельнікаў праекта чакаў салодкі стол.

Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў летнім прышкольным лагеры “Беларусачка”, надоўга запомняцца дзецям і застануцца напоўненымі незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.

Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ,
старшы выхавальнік;
Жанна АНТАНОВІЧ,
дырэктар лагера “Беларусачка” Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.