Сябар драпежнікам

Тры прадстаўнікі Беларусі атрымалі ў суботу ад глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International ганаровае званне абаронцаў дзікай прыроды. Сярод іх — арнітолаг і прыродаахоўнік з Маларыты Дзяніс Кіцель. Нягледзячы на свой малады ўзрост, беларускай навуцы яго імя ўжо добра вядома. Дзяніс адкрыў пяць новых для краіны відаў птушак, выявіў вавёрку-палятуху, якую ў нашых краях 20 гадоў не рэгістравалі, з таварышамі акальцаваў больш за 50 тысяч птушак і перадаў пад ахову больш за 2 тысячы гектараў лесу, якія маглі спілаваць разам з гнёздамі “чырванакніжнікаў”. Ён шмат гадоў будуе жыллё для драпежных птушак, вучыць гэтай справе дзяцей і дарослых, вядзе асветніцкую працу праз сацсеткі і медыявыданні.

Кінаштуршок да птушак

У тройцы ўзнагароджаных і рэжысёр-анімаліст Ігар Бышнёў з Лепельскага раёна. Менавіта яго фільм некалі праклаў шлях у арніталогію Дзянісу, які на той момант захапляўся энтамалогіяй.

— Яшчэ школьнікам я з адкрытым ротам паглядзеў дакументальны фільм “Апошнія арлы” Ігара Бышнёва, у якім яго герой, прафесар з Віцебскага дзяржуніверсітэта Уладзімір Іваноўскі, будаваў і замацоўваў на дрэвах гнёзды для драпежных птушак і нават замест іх усцягваў на дрэвы купіны, у якіх птушкі з задавальненнем гняздзіліся. На наступны дзень я паўтарыў гэты эксперымент, наспех пабудаваўшы і прымацаваўшы да дрэва сваё гняздо, не ведаючы тады яшчэ, што, каб завабіць туды птушку, трэба ведаць, як гэта рабіць, — успамінае Д.Кіцель.

Кальцаванне дапамагае даведацца ўсё пра жыццё птушкі, пра яе перамяшчэнні. А веданне шляхоў пералётаў, месцаў прыпынкаў у перыяды міграцый, зімовак дазваляе планаваць і ўдасканальваць ахову птушак і іх месцапражыванняў як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Кальцаванне птушкі дае інфармацыю пра выжывальнасць, рэпрадуктыўны поспех, сярэднюю працягласць жыцця, смяротнасць у розныя перыяды жыццёвага цыкла і г.д., тым самым дапамагае арнітолагам праліць святло на прычыны змены памераў папуляцыі і спрыяць яе ахове.

Тады ж Дзяніс праз перапіску пазнаёміўся з былым паляўнічым Уладзімірам Жукоўскім, які публікаваў у газеце “Беларускі мядзведзь” свае нататкі, а да іх — акварэльныя замалёўкі. Яго бачанне птушак, прыроды і стала нагодай для Дзяніса напісаць яму ліст, падзякаваць за малюнкі. Нечакана хлопчык атрымаў адказ, дзе Уладзімір расказваў пра сваё захапленне птушкамі і запрасіў у Мінск на з’езд членаў арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. На тым з’ездзе Дзяніс і сустрэў таго самага Іваноўскага, які стаў яго настаўнікам і правадніком у птушыны свет (насякомыя адышлі на другі план). Пасля школы хлопец скончыў біяфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Затым адвучыўся год у магістратуры ў Партугаліі па спецыяльнасці “Марская біялогія” і вярнуўся на радзіму, да птушак.

— Сёння Уладзіміру Іваноў­скаму больш за 70 гадоў, разам з ім мы ездзім на арніталагічныя канферэнцыі. У гэтым годзе былі ва Украіне, у мінулым — ляталі на Алтай. Цяпер ён перадае мне сваю справу, расказваючы, дзе якое гняздо і калі ставіў, у якім урочышчы можа быць скапа, дзе можа не знайсці сабе дом арол і г.д. (Дарэчы, Ула­дзімір Іваноўскі па выніках 2018 года таксама атрымаў ад асацыяцыі BirdLife International званне абаронцы дзікай прыроды. Заўв.аўтара.)

Дзяніс Кіцель вывучае і збірае ў свой аб’ектыў птушак не толькі ў Беларусі. За птушыным жыццём ён назіраў у больш як 30 краінах свету: Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Грузіі, Егіпце, Індыі, Іарданіі, Італіі, Іспаніі (уключаючы Канарскія астравы), Латвіі, Літве, Марока, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Турцыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Украіне і інш. Гэтымі днямі ён вывучае птушак у В’етнаме і М’янме. Свае падарожныя нататкі ён публікуе ў тэматычных часопісах.

Савіны квартал

Галоўнае захапленне Дзяніса — совы. Будаўніцтвам домікаў для іх ён пачаў займацца, яшчэ калі вучыўся ў старшых класах у Маларыце, падчас студэнцтва, а потым прысвячаў гэтаму свой час поўнасцю. Усяго ён пабудаваў і ўсталяваў у Маларыце і ваколіцах каля паўтары сотні савіных домікаў. Жыллё совам ён уладкаваў і ў суседніх раёнах.

Даўняя мара Дзяніса — вярнуць у Беларусь сіпух. На сённяшні дзень у нашай краіне вядома толькі пра адну пару гэтых соў, якая гняздуецца на ферме пад Камянцом, але ў мінулым годзе яна не гняздзілася. Для таго каб птушка знайшла прыдатнае для жыцця жытло і ў іншых месцах (яно павінна быць спакойным і знаходзіцца на даху высокіх будынкаў, напрыклад, храмаў), Дзяніс вырашыў пабудаваць у Маларыцкім, Брэсцкім і Камянецкім раёнах 40 штучных гняздоўяў. Пад гэтыя мэты ён арганізаваў на краўдфандынгавай платформе збор сродкаў. Грошы знайшліся за два дні. Замест неабходных 1680 рублёў людзі пералічылі амаль у тры разы больш. 25 домікаў ужо пабудаваны і чакаюць сваіх кватарантаў.

Імкненне знайсці даўгахвостую кугакаўку прывяло Дзяніса ўвосень 2013 года на тэрыторыю прыроднага комплексу “Чырвоны Бор”. Хоць вакальны сезон звычайна прыпадае на вясну, усё ж чаканае вохканне ён тады пачуў упершыню. Потым быў і другі раз, і трэці… З таго часу дарога праз усю Беларусь ад Маларыты да заказніка стала прывычным маршрутам.

На наступны год хлопец прыехаў у Чырвоны Бор, апантаны ідэяй даказаць сваю здагадку. Ён начытаўся ў замежнай літаратуры аб сібірскіх відах птушак, якія ў большасці сваёй ляцяць да звычайных месцаў зімоўкі (напрыклад, у Паўднёва-Усходнюю Азію), а частка іх робіць рывок у процілеглы бок. Дзяніс быў упэўнены, што якраз у Чырвоным Бары можна даказаць гэтую гіпотэзу, злавіўшы кагосьці з мігрантаў. Хоць калегі і палічылі гэтую ідэю вар’яцкай, усё ж праз некалькі дзён злоўленая пячураўка-зарнічка стала жывым доказам Дзянісавай інтуіцыі. Пасля зар­нічку яны лавілі тут яшчэ 8 разоў. Цяпер ніхто з арнітолагаў не сумняваецца ў тым, што сібірскія віды падчас міграцыі можна сустрэць у Беларусі. Праўда, толькі тут, у Чырвоным Бары. Больш іх нідзе не знайшлі.

Кольцы для птушак

Свае наступныя птушыныя адкрыцці Дзяніс рабіў недалёка ад заказніка, каля вёскі Сасновы Бор, на сядзібе свайго аднадумца, заолага паляўнічай гаспадаркі “Чыр­воны Бор” Дзмітрыя Шамовіча, які ў свой час разам з сям’ёй змяніў родны Віцебск на гэтыя мясціны. Менавіта на яго сядзібе таварышы і стварылі ў 2014 го­дзе станцыю кальцавання птушак.

Спачатку гэта быў пілотны праект, у рамках якога яны за свае грошы, у свой вольны час кальцавалі птушак, перахоплівалі іншаземак, фіксавалі іх вяртанні, літаральна ў першы год адкрылі новы для краіны від птушак. Акрамя таго, яны пабудавалі некалькі штучных гняздоўяў для буйных драпежных птушак. Але тады ж стала зразумела, што разавыя акцыі па гэтай тэме не выйсце. Неабходны быў комплексны падыход. Так усё перарасло ў цэлую навуковую праграму па маніторынгу ахоўных відаў драпежнікаў, а таксама соў. Былі выяўлены новыя тэрыторыі, новыя гнёзды і, галоўнае, вызначаны пагрозы для гэтых відаў.

За гэты час Дзяніс, Дзмітрый, яго жонка-біёлаг і валанцёры акальцавалі больш за 50 тысяч птушак больш чым 100 відаў. Так, створаная на энтузіязме ідэя Дзяніса перарасла ў важную справу, якую цяпер курыруе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

— Хоць мы кальцуем птушак па ўсёй Беларусі, усё ж стацыянарная станцыя кальцавання мае свае перавагі, бо мы штогод у адны і тыя ж даты ловім птушак, вывучаем іх колькасны і якасны склад. Калі ён адрозніваецца, гэта сведчыць пра поспех ці няўдачы размнажэння пэўных відаў, пра ссоўванне феналагічных з’яў — раней ці пазней птушка пачынае адлятаць (у мінулыя гады птушкі ўжо даўно адляцелі, а сёлета, калі няма снегу, яны яшчэ працягваюць ляцець). У мінулыя гады чачотак лавілі па 3—4 тысячы, у гэтым — усяго 200 асобін. Гэта гаворыць ці пра рэальнае зніжэнне колькасці птушак, ці пра змяненні іх зімовачнай стратэгіі і інш. Асабліва цікава даведвацца пра міграцыйны шлях птушак. Звычайна мы ловім птушку, кальцуем яе, выпускаем і больш ніколі і нічога пра яе не даведваемся. Але бывае, што падарожніцу ловяць за мяжой: ужо ў 16 краінах свету лавілі нашых птушак ці мы лавілі птушак з іх кольцамі. Цікава пералоўліваць нашых жа птушак, з нашымі ж кольцамі, калі яны ці вяртаюцца на свае гнёзды, ці іх міграцыйны шлях пралягае па адных і тых жа мясцінах. Так мы можам даведвацца, колькі птушка жыве, як яна мяняецца і інш.

Аднойчы Дзяніс, каб вывучыць месца пражывання і шляхі сезоннай міграцыі, пазначыў GPS-перадатчыкамі дзвюх дарослых скоп, якіх назваў Аленай і Вовам. Аказалася, што адпачываюць узорныя бацькі асобна: Вова паспяхова пераадолеў 5700 км і прыляцеў на зімоўку ў Афрыку, да ракі каля сталіцы Нігерыі горада Абуджа, а Алена ўжо два гады асядае ў суседнім Чадзе. Па міграцыі асобных відаў Дзяніс падрыхтаваў і апублікаваў матэрыялы ў розных навуковых часопісах і ў зборніках канферэнцый.

Анлайн-трансляцыя з… гнязда скапы

Яшчэ больш цікавых навуковых справаздач было пасля ажыццяўлення самай амбіцыйнай ідэі Дзяніса — анлайн-трансляцыі з гнязда скапы два гады назад. Хоць гэтая птушка ў нас мала вывучана, усё ж рэалізаваць такую задуму нікому раней не прыходзіла ў галаву, бо гэтыя птушкі жывуць на буйных верхавых балотах, дзе не ловяць сетку мабільныя аператары, не кажучы ўжо пра інтэрнэт. Але, як кажуць, было б жаданне! Гэта цяпер Дзянісу страшна ўспамінаць, як яны цягнулі цяжкія акумулятары праз непраходныя балоты, пракладвалі кабель скрозь галлё, замацоўвалі камеру і г.д., але вынік быў таго варты. У рэжыме анлайн кожны жадаючы мог назіраць 24 гадзіны ў суткі са сваіх камп’ютараў і тэлефонаў, што адбываецца ў гняздзе гэтага рыбаяднага арла.

— Даследаванні драпежных птушак і соў толькі набіраюць абароты. Дзякуючы падтрымцы паляўнічай гаспадаркі, у нас ёсць магчымасць наведваць усю тэрыторыю Беларусі і не толькі. Будзем укараняць перадавыя тэхналогіі даследаванняў, а менавіта выкарыстоўваць GPS-GSM-перадатчыкі, дзякуючы якім зможам высветліць, які памер гнездавога ўчастка выкарыстоўваюць арлы ў сезон размнажэння, а таксама зможам прасачыць увесь іх маршрут на шляху міграцыі і інш.

Прыродаахоўнік — вораг лясніцтваў?

Самы вялікі боль Дзяніса — шматлікія непаразуменні з лясгасамі Беларусі, якім Дзяніс сваёй прыродаахоўнай дзейнасцю псуе планы па прыродакарыстанні.

— У нас лясная гаспадарка ніяк не зацікаўлена ў ахове птушак. Яна мае выдатны імідж ахоўніка ў краіне, дзякуючы шыльдам і заклікам на іх “Не падпальвай!”, “Беражы лес!” і г.д. Але птушак гэты клопат не тычыцца. Напрыклад, з Расон­скім лясгасам мы трэці год вядзём вайну. Яны лічаць мяне ворагам, бо я раблю ўсё, каб захаваць прыроду ў іх раёне. Ляснік не разумее, што гняздо арлана — унікальная з’ява, бо гэта нацыянальны здабытак і трэба спрыяць яго ахове. Навошта тады Чырвоная кніга Беларусі?

Насамрэч я магу пахваліцца су­працоўніцтвам хіба толькі з Верхня­дзвінскай прыродаахоўнай інспекцыяй. Яна адразу (рэкорд — месяц) афіцыйна бярэ пад ахову ўсе месцы пражывання відаў драпежных птушак і соў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, якія мы выяўляем. Усяго мы перадалі пад ахову больш за 2 тысячы гектараў лясоў, столькі ж завісла. А ўсё для таго, каб у гэтых месцах былі забаронены ўсе віды высечак, таксама нельга будзе парушаць спакой птушак у гнездавы сезон. А хочацца, каб такіх прыкладаў было больш. Я мару пра тое, што ўнікальныя біятопы, прыдатныя для жыцця ўсіх гэтых відаў, захаваюцца ў сваім натуральным ці мінімальна парушаным выглядзе і будуць падоўгу служыць нашым арлам і совам. Хочацца верыць, што некалі і ў нашай краіне пытанні аховы прыроды бу­дуць стаяць вышэй за пытанні прыродакарыстання.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Дзяніса КІЦЕЛЯ і з яго архіва.