Сябраваць і марыць

Пазаўчора ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася выстава лепшых работ VI Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”.

Як адзначыў на адкрыцці выставы начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Тамільчык, Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” атрымаў шырокае прызнанне ў свеце, пра што гаворыць біяграфія яго ўдзельнікаў: сёлета прадстаўлены работы больш як 7 тысяч юных мастакоў з 22 краін. Гэта Арменія, Азербайджан, Балгарыя, Германія, Грузія, Іран, Казахстан, Латвія, Малдова, Польшча, Расія, Сірыя, Таджыкістан, Туркменістан, Чэхія і інш. “І сёння мы бачым у гэтай зале работы дзяцей, якія не толькі заявілі пра свой талент, — падкрэсліў Эдуард Валянцінавіч. — Яны падзяліліся з намі сваёй марай. Невыпадкова асноўная тэма VI Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка — “Пра што мараць дзеці?”. Яны расказалі нам пра той свет, у якім жывуць, — свет надзіва добры і непасрэдны…”

З гэтымі словамі Эдуарда Валянцінавіча немагчыма не пагадзіцца, асабліва калі глядзіш на работы сірыйскіх дзяцей. Усе ведаюць, што сёння адбываецца ў Сірыі. Але бачыш гэтага рудога смешнага ката, якога намалявала пятнаццацігадовая Ішак Алзаўбі з горада Дарда, — і разумееш, што сірыйскія дзеці па-ранейшаму радуюцца жыццю. Аднак потым бачыш дзяўчат (ці ўжо жанчын, у якіх ператварыліся за вайну ўчарашнія дзяўчаты) у мастацкім увасабленні шаснаццацігадовай Хумам Хнеядзі з Сайды: у іх розныя вочы — і карыя, і чорныя, і блакітныя… А ў вачах — невымоўная скруха. І адна з дзяўчат, якія выяўлены на малюнку, ляжыць. Яе нібыта нясуць астатнія чатыры. Нясуць у нябёсах…

Дзеці ўмеюць сябраваць і такім вось чынам: дзелячыся і сваёй радасцю, і сваім горам.

Зрэшты, не будзем спыняцца на такой сумнай ноце. Большасць работ на выставе VI Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” — іскрыстыя, вясёлыя, непазбежныя ў сваім руху да шчасця. Цікава сапраўды назіраць гэты рух — ад Туркменістана да Германіі. Ты глядзіш на работы дзяцей з розных краін — і адчуваеш аднолькавую асалоду, захапленне, удзячнасць. Удзячнасць нашым дзецям на планеце, якія ўмеюць сябраваць. У гэтым і ёсць вечная загадкавасць і вечная прыцягальнасць дзіцячага малюнка.

За многія гады наведвання мастацкіх выстаў у мяне выпрацавалася прафесійная звычка — знайсці ў экспазіцыі адзін твор, дзякуючы якому і запомнілася б канкрэтная выстава. На выставе лепшых работ VI Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” гэта малюнак шаснаццацігадовай Софіі Радаванавік з Бял-града. Вочы дзяўчынак, якіх намалявала Софія, будуць глядзець на мяне яшчэ доўга. Калі я правільна зразумеў, адна з іх — з Бялграда, другая — з Косава. Але яны сябруюць…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.