Сяброўства не ведае меж

- 11:47Нам пішуць

Завяршаецца аздараўленчая кампанія 2018 года, перыяд адпачынку ў летніх прышкольных лагерах, дзе дзеці набіраліся сіл для новага навучальнага года. У Велікаэйсмантаўскай сярэдняй школе арганізатары летняга аздараўлення ўжо другі год практыкуюць адносна новы для Бераставіцкага раёна від адпачынку — міжнародны прышкольны лагер з кругласутачным знаходжаннем, дзе створаны ўсе ўмовы для бяспечных і камфортных зносін 25 дзяцей з дзвюх дружалюбных дзяржаў — Расіі і Беларусі.

Межы і на самай справе не маюць значэння, калі гаворка заходзіць пра супрацоўніцтва, узаемадапамогу, дабрыню і ўвагу. І пацвярджэнне таму — міжнародны дзіцячы аздараўленчы лагер “Дружбаград”, які функцыянаваў з 24 чэрвеня па 24 жніўня на базе нашай школы. Ужо больш за 20 гадоў дзеці з Зеленаградска Калінінградскай вобласці адпачываюць у Вялікіх Эйсмантах. За гэтыя гады традыцыйны прыезд хлопчыкаў і дзяўчынак перажываў розныя формы, назвы, падыходы. Але пастаянным і нязменным застаюцца дзіцячая радасць, чаканне сустрэчы, карысць і значнасць такой формы работы. У гэтым годзе Цэнтр дапамогі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, “Наш дом” (Калінінградская вобласць) накіраваў адпачываць у Беларусь 15 сваіх выхаванцаў. Расійскія і беларускія дзеці на працягу месяца пражывалі ў памяшканнях Велікаэйсмантаўскай сярэдняй школы, дзе былі створаны камфортныя побытавыя ўмовы. Харчаваліся дзеці ў сталовай ДП “Варанецкі”: малочныя кашы, супы, сокі і кампоты, гародніна і садавіна — усё, што трэба маладому арганізму.

Выкарыстанне масавых форм правядзення вольнага часу (квест-гульні, падарожжы, конкурсы, спаборніцтвы, канцэртна-гульнявыя праграмы) спрыяла далучэнню дзяцей да творчай і спартыўнай дзейнасці, пашырыла кругагляд, развівала дапытлівасць. Хлопчыкі і дзяўчынкі акунуліся ў атмасферу вясёлага і насычанага жыцця. Асабліва дзецям спадабаліся караоке-шоу “Мы разам”, дзе вучні спявалі песні пра Беларусь і Расію, беларускія і рускія народныя песні; конкурс на лепшую дапоўненую рэальнасць “Мы такія розныя…”; міні-кінафэст (дзеці дэманстравалі фільмы пра сваё жыццё ў лагеры); спартыўная гульня на мясцовасці “ФордБаярд” і інш. Акрамя гэтага школьнікі маглі папрацаваць на палях ДП “Варанецкі” і зарабіць грошы. За выдатна выкананую працу гаспадарка прэміравала дзяцей экскурсіяй у Гродна з насычанай пазнавальнай і забаўляльнай праграмай.

“Нам у лагеры вельмі цікава і весела!” — радасна і з захапленнем усклікалі дзеці. Развітальны вечар быў поўны слёз і абяцанняў сустрэч наступным летам. Адпачынак на эйсмантаўскай зямлі пакінуў у душах як расійскіх, так і беларускіх навучэнцаў шмат добрых і прыемных успамінаў.

Галіна МАКЕДОН,
дырэктар Велікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.