Сяброўства пачынаецца з праекта

- 11:06Дашкольная адукацыя

Укараненне ў практыку работы ДЦРД № 2 Ліды метаду праектаў дазволіла педагогам перагледзець сваю ролю ва ўзаемаадносінах з дзецьмі. Яны ўжо не даюць дзецям гатовую інфармацыю пра навакольны свет, а выступаюць у ролі арганізатара актыўнай пазнавальнай дзейнасці выхаванцаў. Атрымаць веды дзеці могуць цяпер самастойна. Такі падыход патрабуе ад педагога высокага ўзроўню майстэрства. Праектная дзейнасць аб’яднала намаганні ўсіх спецыялістаў нашай установы ў дасягненні агульных мэт: выхавальнікаў, музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання, медыцынскіх работнікаў, а таксама бацькоў і дзяцей.

Метадычная служба дашкольнага цэнтра адказвае за падрыхтоўку педагогаў да выкарыстання новага метаду. Прымяняюцца розныя формы метадычнай вучобы: кансультацыі (“Праект як форма арганізацыі адукацыйнага працэсу”), заняткі-практыкумы (“Далучэнне бацькоў да сумеснай праектнай дзейнасці”), семінары (“Метад праектаў як форма арганізацыі адзінага здароўезберагальнага адукацыйнага працэсу”), конкурсы праектаў (“Бяспека і здароўе”), дзелавыя гульні (“Узаемадзеянне педагогаў і бацькоў падчас рэалізацыі адукацыйнага працэсу, накіраванага на фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін дашкольнікаў”), распрацоўкі педагагічных праектаў па фарміраванні ў дашкольнікаў беражлівых адносін да рэсурсаў і праектаў па супрацьпажарнай бяспецы.

У практыцы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі, як правіла, выкарыстоўваюцца наступныя тыпы праектаў: даследчыя, гульнявыя, творчыя, вольнага часу, комплексныя, якія адрозніваюцца па складзе ўдзельнікаў, мэтавай устаноўцы, тэматыцы, тэрмінах рэалізацыі. Ініцыятарамі праектаў выступаюць выхаванцы і педагогі.
Нашымі педагогамі за апошнія часы распрацаваны і рэалізаваны кароткатэрміновыя праекты-даследаванні (“Папяровыя фантазіі”, “Які бывае транспарт?”, “Што такое вецер?”) і гульнявыя праекты (“Мая сям’я”, “Лясная школа”, “Такія розныя герані” і інш.). Ёсць і праекты сярэдняй працягласці: комплексныя работы “З фізкультурай мы дружныя — нам хваробы не страшныя”, “Расліны нашага краю”, даследчы праект “Чароўны свет камянёў” і інш. Падрыхтаваны доўгатэрміновыя праекты: вольнага часу — “Як пачынаецца сяброўства”, даследчы — “Чатыры стыхіі”, пазнавальны — “Азбука пешахода” і інш.
Падрабязней хацелася б расказаць пра доўгатэрміновы праект “Другое жыццё старых рэчаў”, мэтай якога стала фарміраванне ў выхаванцаў свядомых адносін да праблемы бытавых адходаў і магчымасці іх другаснага выкарыстання. Праект ініцыіравалі выхаванцы старшай групы. Падчас прагулкі дзеці звярнулі ўвагу на урны для раздзельнага збору смецця, сталі задаваць шмат пытанняў выхавальніку.
Педагогі правялі гутаркі і апытанне выхаванцаў з мэтай вывучэння ўзроўню дасведчанасці ў пытаннях рэсурсазберажэння, выхавання беражлівых адносін дашкольнікаў да навакольнага свету. Была вывучана метадычная, даведачная, энцыклапедычная і мастацкая літаратура, а таксама інтэрнэт-рэсурсы па тэме праекта. Сумеснымі намаганнямі выхавальнікаў, бацькоў і дзяцей падабраны неабходнае абсталяванне і дапаможнікі для практычнага ўзбагачэння праекта, разнастайны ілюстрацыйны матэрыял, які расказвае пра магчымасці перапрацоўкі адходаў. Педагогі сабралі вырабы з пластыку (аднаразовы посуд, бутэлькі), упаковачны матэрыял, абрэзкі тканіны, старое дзіцячае адзенне, глянцавыя часопісы. Гэты матэрыял пазней выкарыстоўваўся для стварэння вырабаў.
Бацькі таксама не засталіся ўбаку: яны ўдзельнічалі ў круглым стале “Не трэба смеціць, або Як навучыць беражлівасці”, практыкуме “Работа з паперай для развіцця маўлення дзяцей”, мікрадаследаванні (разам з дзецьмі) “Колькі смецця мы выкідваем”. Для іх педагогі правялі кансультацыю “Развіццё дробнай маторыкі рук дзіцяці пры гульнях з рознакаляровымі коркамі”. Разам са сваімі дзецьмі бацькі ўдзельнічалі ў вырабе тэатраў “Казкі са скрынкі”, “Казкі з тканіны” (з рукавоў, рукавіц, шкарпэтак), афармленні гульнявога матэрыялу да сюжэтна-ролевай гульні “Супермаркет” і інш.
Абарона праекта праходзіла ў форме дэфіле “Паказ мод”, таксама быў выпушчаны перыядычны часопіс “Расцём разам”, арганізаваны і праведзены кірмаш “Горад умельцаў”.
Ініцыятарамі кароткатэрміновага праекта “Чароўны свет камянёў” сталі самі дзеці. Падчас знаёмства з уласцівасцямі цвёрдых, мяккіх і сыпкіх прадметаў дзяцей зацікавіла пытанне: калі крэйда, вугаль, соль адносяцца да камянёў, то яны павінны быць цвёрдымі? Але крэйда крышыцца, соль раствараецца… Выхавальнікі старшай групы І.В.Дудко, А.В.Волкава распрацавалі даследчы праект, прысвечаны камяням. Педагогі разам з дзецьмі абмеркавалі пытанні: адкуль бяруцца камяні, якія яны і для чаго патрэбны чалавеку?
Потым дзеці падзяліліся на мікрагрупы, кожная з якіх шукала адказы на пытанні “Ці можна камень растварыць у вадзе?”, “Ці можна маляваць каменем?”, праводзілі доследы і эксперыменты “Які камень найцяжэйшы?”, “Якімі бываюць камяні?”. Дзеці даследавалі ўласцівасці камянёў, збіралі калекцыі, афармлялі тэматычную выставу “Такія розныя камяні”, а таксама знаёміліся з іх выкарыстаннем.
Даследчая работа была арганізавана ў зімовым садзе і на гульнявым участку. У выніку дзеці прыйшлі да высновы, што людзям неабходны разнастайныя камяні, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці. Разам з бацькамі яны папоўнілі калекцыю камянёў (марскія і рачныя камяні, вугаль, крэйда), аформілі выставу вырабаў з камянёў “Каменная краіна”.
Апошні этап праекта самы відовішчны. Дзеці размалёўвалі камяні, знаёмячыся з незвычайным іх прызначэннем, перш за ўсё дэкаратыўным, што ўпрыгожвае жыллё чалавека.
Пазнавальным для выхаванцаў стаў удзел у праекце “Дзень Перамогі”. Дзеці наведалі воінскую часць, Лідскі гісторыка-краязнаўчы музей, усклалі кветкі да Вечнага агню, разгледзелі фотаздымкі прадзядуляў, прабабуль, удзельнікаў ВАВ, аформілі выставу паштовак да 9 Мая, канчатковы вынік праекта прадстаўлены ў выглядзе флэш-мобу.
Праектная дзейнасць дазваляе выкарыстоўваць разнастайныя метады і прыёмы работы з дзецьмі, вырашаць адначасова задачы з розных адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Напрыклад, пры рэалізацыі праекта “Расліны роднага краю” дзеці працавалі ў зімовым садзе, праяўлялі працоўныя навыкі на вуліцы, у кутку прыроды, а таксама малявалі, удзельнічалі ў музычных забавах і г.д.
Праектная дзейнасць спрыяе паляпшэнню міжасобасных адносін у групе. Вопыт супрацоўніцтва, які атрымліваецца ў працэсе работы над праектам, дзеці пераносяць потым і ў самастойную дзейнасць. Гэта пацвярджаюць сацыяметрычныя даследаванні, якія праводзіць педагог-псіхолаг дашкольнага цэнтра Т.Л.Ананьева.
Яркім прыкладам гэтага стаў доўгатэрміновы псіхолага-педагагічны праект “Як пачынаецца сяброўства”. Нагодай для работы над ім сталі вынікі даследавання, якое праводзіцца штогод педагогам-псіхолагам. Дыягнастычны зрэз выявіў праблему нізкага ўзроўню шчасця ў групе, эмацыянальна дзецям было некамфортна ў ёй. У выхаванцаў не былі сфарміраваны сяброўскія ўзаемаадносіны, недастаткова развіта ўменне спачуваць, суперажываць. Неабходна было шукаць спосабы згуртаваць дзіцячы калектыў, развіць паважлівыя, талерантныя адносіны адно да аднаго, да недахопаў і добрых якасцей навакольных людзей, а таксама да асаблівасцей і традыцый не толькі беларусаў, але і людзей розных нацыянальнасцей.
Удзельнічаючы ў гэтым праекце, нашы дзеці адчувалі сябе значнымі ў групе равеснікаў, бачылі свой уклад у агульную справу, радаваліся сваім поспехам і поспехам сяброў.
Наш вопыт паказаў, што на першых этапах работы па праектнай дзейнасці не ўсе бацькі актыўна ўключаліся ў рэалізацыю праектаў. Авалодаць прыёмамі эфектыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі дазволілі псіхалагічныя заняткі-трэнінгі, дзелавыя гульні. З часам бацькі сталі актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі праектаў: майстравалі з дзецьмі шпакоўні, машыны з непрыдатнага матэрыялу, вырабы з агародніны і садавіны, запісвалі апавяданні сваіх малышоў пра расліны роднага краю, чыталі літаратуру, энцыклапедыі, удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні розных мерапрыемстваў.
Сёння ў групах дашкольнага цэнтра ёсць усё неабходнае для гульняў, творчасці, працы, даследчай дзейнасці. Абсталяванне размешчана такім чынам, каб дзеці маглі самастойна разгарнуць сумесную або індывідуальную пазнавальную практычную дзейнасць. Яна адпавядае інтарэсам і магчымасцям, патрэбам кожнага дзіцяці, дазваляе ствараць сітуацыі, у якіх узнікаюць і вырастаюць новыя ідэі для праектаў.
Мы ўпэўнены, што метад праектаў дазваляе развіваць індывідуальнасць выхаванцаў, іх самабытнасць, выхоўваць асобу, здольную ставіць перад сабой мэты, знаходзіць спосабы іх дасягнення на аснове самаадукацыі, падахвочвае да самавыхавання. Гэты метад дазваляе спалучаць інтарэсы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу:
* дзейнасць дзяцей арганізавана ў адпаведнасці з іх інтарэсамі, жаданнямі і патрэбамі;
* педагог мае магчымасць самарэалізацыі і праяўлення творчасці ў рабоце ў адпаведнасці са сваім прафесійным узроўнем, а гэта адна з важных задач у павышэнні якасці адукацыі;
* бацькі маюць магчымасць актыўна ўдзельнічаць у значным для іх працэсе развіцця дзяцей.

Алена КАРОЛЬ,
намеснік загадчыка па АД ДЦРД № 2 Ліды.