Сяброўства пачынаецца з усмешкі

- 14:38Сацыяльны ракурс

Стварэнне педагагічных атрадаў і работа ў іх — самы ідэальны варыянт для будучых педагогаў, каб навучыцца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, чуць і разумець іх. У БДПУ імя Максіма Танка арганізацыі педагагічных атрадаў надаецца вялікае значэнне. І гэта правільны падыход: настаўнікі павінны ўмець працаваць з дзецьмі не толькі падчас урокаў, але і па-за вучэбным фарматам. Школа важацкага майстэрства, якая пачынае працаваць ва ўніверсітэце яшчэ вясной, накіравана на фарміраванне і развіццё ў студэнтаў гэтых навыкаў.

Пра дзейнасць педагагічнага атрада “Беларусачка”, які на працягу лета запрашаюць на работу шматлікія аздараўленчыя лагеры, а таксама пра падрыхтоўку да работы ў летніках расказвае выкладчык кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Любоў Міхайлаўна Волкава.

Выбраць лепшых

Першым педагагічным атрадам, які быў створаны ў БДПУ імя Максіма Танка, стаў “Ветразь”, каманда якога выязджала працаваць у аздараўленчы лагер “Спадарожнік”. У 2007 годзе ў якасці альтэрнатывы і для стварэння здаровай канкурэтнай атмасферы ў БДПУ быў арганізаваны яшчэ адзін зводны педагагічны атрад з патрыятычнай назвай “Беларусачка”, у які былі запрошаны студэн­ты некалькіх факультэтаў. Сёння “Беларусачка” — гэта не проста зборная каманда будучых педагогаў, гэта адна вялікая сям’я аднадумцаў, якія працуюць на поспех. Штогод атрад распрацоўвае новыя планы ўзаемадзеяння з дзецьмі, а таксама прадумвае забаўляльную праграму, якая ніколі не капіруе мінулагоднюю.

“Сёння аснову атрада складаюць будучыя псіхолагі, матэматыкі, філолагі і выкладчыкі фізічнай культуры, — расказвае аб дзейнасці “Беларусачкі” яе заснавальнік і каардынатар Любоў Міхайлаўна Волкава. — Безумоўна, трапіць у атрад хочацца многім, і гэта нармальнае жаданне. Згадзіцеся, работа ў лагеры — гэта каштоўны вопыт, які абавязкова спатрэбіцца кожнаму будучаму выкладчыку. Для таго каб трапіць у нашу вялікую важацкую сям’ю, будучыя настаўнікі павінны прайсці падрыхтоўку ў школе важацкага майстэрства. Так, сёлета ў ёй навучаліся 40 студэнтаў, але толькі 27 з іх былі адабраны для працы з дзецьмі падчас першай і другой змен”.

Сабраць каманду будучых важатых дапамагае рэйтынгавая сістэма: камандзір атрада збірае найбольш дзейсных старшакурснікаў, якія дзеляць навічкоў на мікрагрупы. З кожнай мікрагрупай — а яны з’яўляюцца зменнымі па складзе — працуе куратар. Ён жа дае заданні навічкам і такім чынам ацэнь­вае прафесійныя навыкі і арганізатарскія здольнасці кожнага студэнта.

“Сёлета падрыхтоўка будучых байцоў атрада вялася ў Zoom, — тлумачыць асаблівасці навучання важатых заснавальнік “Беларусачкі”. — На месцы ў анлайн-рэжыме студэнты выконвалі заданні (усе яны практыка-арыентаваныя). Безумоўна, многа сярод іх творчых заданняў. Студэнты рабілі калажы, займаліся распрацоўкай сцэнарыяў, падбіралі песні і танцы для пастановачных нумароў. Пасля гэтага мікрагрупа дэманстравала ўсім старшым куратарам выкананыя заданні. Кожны куратар у сваю чаргу выстаўляў балы, з якіх пасля фарміраваўся рэйтынг паспяховасці навічка. Такі падыход да арганізацыі работы дазваляе адабраць лепшых з лепшых. Менавіта нашы выдатнікі трапілі ў склад педатрада. Дарэчы, калі ўжо непасрэдна ў самім лагеры размяркоўваем студэнтаў па атрадах, стараемся зрабіць так, каб у адну каманду трапілі старшы куратар і навічок. Каб у адным атрадзе былі толькі навічкі, быць не павінна. Старэйшы таварыш абавязкова павінен быць побач. Ён не толькі дае пачуццё спакою, але і дапамагае арганізаваць мерапрыемствы, тлумачыць, як можна разруліць тыя ці іншыя складанасці. Карацей кажучы, вопытны баец абавязкова павінен быць побач, ён павінен усяму навучыць і паспрыяць набыццю педагагічнага вопыту”.

Работа ў лагеры з дзецьмі — гэта ня­спынны рэжым ў фармаце 24 на 7. Ён прымушае праяўляць увесь свой патэнцыял і дапамагае кожнаму будучаму педагогу зразумець, чаго ён варты на самай справе.

“Той вопыт самаарганізацыі, пастаяннага аналізу і дыягностыкі, які набываецца падчас работы ў аздараўленчым лагеры, можа спа­трэбіцца не толькі ў педагогіцы, але і ў любой сферы прафесійнай дзейнасці, а таксама ў штодзённым жыцці. Гэта бясцэнныя навыкі. На работу ў педатрад прыходзяць у першую чаргу па вопыт, уменне наладжвац­ь камунікацыю. Для таго каб стаць часткай педагагічнага студэнцкага руху, гэтага трэба хацець. Безумоўна, трэба ўмець наладжваць кантакт з дзецьмі, выклікаць у іх давер. Яшчэ адзін важны момант — творчы. Ад таго, ці ўмее важаты арганізоўвац­ь свой вольны час, наколькі цікава яго будзе праводзіць, залежыць таксама тое, ці здолее ён зацікавіць дзетак, навучыць іх таму, што сам умее. Вялікую ролю тут адыгрывае падрыхтоўка ва ўніверсітэце, якая фарміруе педагагічныя кампетэнцыі. Акрамя вялікага аб’ёму ведаў па педагогіцы, вялікага раздзелу па медыцыне, псіхалогіі (гэта і ў­зроставыя асаблівасці, і псіхалогія паводзін, гульнявой дзейнасці і інш.), якія фарміру­юць багаты паняційны багаж, студэнт таксама павінен валодаць ведамі ў методыцы выхаваўчай работы, псіхалогіі выхавання. Так, вялікую ўвагу падчас падрыхтоўкі ўдзяляем выяўленчаму мастацтву, працоўнай дзейнасці і шматлікім кірункам дэкаратыўнай творчасці (пляценне з саломкі, квілінг і інш.). Усё гэта дазваляе не толькі якасна арганізаваць вольны час цэлага дзіцячага калектыву, але і сфарміравац­ь у дзяцей цікавасць да таго ці іншага віду творчай дзейнасці. Дзякуючы ўсебаковаму развіццю, нашы студэнты распрацоўваюць з дзецьмі творчыя праекты са шматлікіх матэрыялаў. Гэта дае дзецям магчымасць навучыцца чамусьці новаму і праявіць свае таленты ў пэўным кірунку. Пасля, калі заўважаеш, як у навучэнцаў гараць вочы, як яны радуюцца, што ўмеюць нешта новае, разумееш, што ўсё недарма. У моманты, калі дзіця адчувае і перажывае сітуацыю поспеху, адбываецца абмен эмоцыямі, энергіяй з важатымі. Гэта вельмі важна для падтрымання дружалюбнай атмасферы ў атрадзе”.

Прыгадваючы першую выязную змену, Любоў Міхайлаўна кажа, што самае складанае, з чым давялося сутыкнуцца будучым педагогам, — гэта ўзаемадзеянне з бацькамі.

“З дзецьмі працаваць куды прасцей, — дзеліцца выкладчык. — Тым больш што ва ўніверсітэце гэтаму вучаць на працягу ўсіх 4 гадоў навучання. А вось наладзіць камунікацыю з бацькамі было цяжка. Тым не менш кожны новы ўрок узаемаадносін з дарослымі даваўся прасцей, чым папярэдні. Яшчэ адна складанасць — утрымаць увагу дзяцей. Не менш важны навык, які спатрэбіўся важатым, — гэта ўменне даносіць інфармацыю дазіравана. Важна не “задушыць” навучэнцаў ведамі і інфармацыяй, якую яны павінны ведаць. Таксама неабходна дазіравана размяркоўваць адпачынак дзяцей. Справа ў тым, што ў першыя дні дзеці стамляліся вельмі хутка. Многія ўпэўнены, што тым, хто прыязджае адпачываць у загарадны лагер, нельга даваць час для адпачынку, што такіх дзяцей трэба заўсёды прыцягвац­ь да ўдзелу ў мерапрыемствах, але гэта няправільна. Акрамя таго, што важаты арганізоўвае вольны час, ён павінен знаходзіць хвіліны, якія зможа прысвяціць пэўнаму дзіцяці, пацікавіцца, які ў яго настрой і г.д. Важаты павінен бачыць кожнага выхаванца і заўважаць яго эмоцыі”.

Любоў Міхайлаўна Волкава ўпэўнена, што ў рабоце важатага самае галоўнае — не апускацца да ўзроўню дзяцей. Важна ўсё рабіць наадварот — падымаць дзяцей да свайго ўзроўню.

“Я заўсёды тлумачу студэнтам, што яны павінны павышаць свой культурны ўзровень і паляпшаць культуру зносін. І гэта ж трэба фарміраваць і ў дзяцей”, — канстатуе педагог.

Ключ да поспеху

Сёлетняя змена, як і аздараўленчая кампанія ў цэлым, адрозніваецца ад мінулагодняга летняга загараднага адпачынку: сацыяльнае дыстанцыяванне прысутнічае ва ўсім, пачынаючы ад расстаноўскі сталоў на кухні і заканчваючы сістэмай арганізацыі пражывання дзяцей у пакоях.

“У сталовай паміж сталамі павялічылі адлегласць, — тлумачыць Л.М.Волкава. — Дзяцей дзеляць на 2 групы і па групах запрашаюць на абед. У дадатак да гэтага ў пакоі таксама засяляюць меншую колькасц­ь дзяцей, чым у мінулым годзе. З аднаго боку, гэта добра, але ёсць і адмоўныя моманты. Так, напрыклад, падчас першай змены правядзенне агульналагерных мера­прыемстваў было пад забаронай. Цудоўна, што надвор’е сыграла нам на карысць: на свежым паветры заўсёды лягчэй арганізаваць узаемадзеянне паміж навучэнцамі. Нават калі праводзім спартландыю, на вуліцы куды прасцей прытрымлівацца дыстанцыявання. Вялікай падмогай для важатых стала правядзенне квестаў. Калі праводзім іх, каманды рухаюцца па ўласнай сцяжынцы, а значыць, не перасякаюцца адна з адной. Безумоўна, для таго каб не падвяргаць дзяцей рызыцы, мера­прыемствы ў закрытых памяшканнях амаль не праводзяцца. Дзякуючы таму, што ў нас ёсць адкрытая пляцоўка, можам з улікам сацыяльнага дыстанцыявання арганізоўваць агульналагернае мерапрыемства на вуліцы.

Яшчэ адна адметнасць сёлетняй аздараўленчай кампаніі — гэта меншая колькасц­ь дзяцей у атрадах. Калі раней у адным атрадзе было каля 30 навучэнцаў, то сёлета іх прыкладана 20. Ёсць атрад, у якім 13 дзяцей. Але зноў жа вялікі плюс у тым, што нам пашанцавала з надвор’ем. Таму што нават з маленькай колькасцю выхаванцаў унутрыатрадныя мерапрыемствы лягчэй праводзіць на вуліцы, чым у памяшканні”.

Дарэчы, асаблівасць педагагічнага атрада ў тым, што кожнае лета пасля заключэння дагавора з лагерам важатыя атрымліваюць бонусы: за харчаванне, напрыклад, яны плацяць 50% ад вызначанай сумы. Увогуле, многія лагеры зацікаўлены ў тым, каб да іх на работу прыязджалі будучыя педагогі. Чаму? Таму што гэта каманда, якая разумее адно аднаго з паўслова. Вельмі важна, каб з часовым дзіцячым калектывам працавалі менавіта такія людзі.

“Нашы студэнты загадзя, яшчэ да паездкі ў лагер, распрацоўва­юць праграму мерапрыемстваў. Яны ведаюць, што і ў які дзень будуць праводзіць для атрадаў, — расказвае выкладчык кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі. — А яшчэ ў педагагічным атрадзе складваюцца свае традыцыі. Напрыклад, у нас ёсць свой гімн. А калісьці дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Вера Валер’еўна Хітрук была старшай піянерважатай у “Зорным”. Калі “Зорны” адкрывалі, лагеру падарылі вялізны ключ, які стаў яго сімвалам. Мы гэты ключ знайшлі і цяпер кожны вечар падчас дыскатэкі, калі падводзім вынікі чарговага лагернага дня, перадаём яго таму атраду, які сёння быў лепшым. На наступны дзень ключ пераходзіць у іншы атрад. Магчыма, для кагосьці гэта здасца дробяззю, але для дзяцей гэта такая матывацыя! Для іх гэта вельмі важна. Магчыма, без падтрымкі важатых гэта мела б не такі глабальны сэнс, але важатыя натхняюць, заклікаюць да дзейнасці, матывуюць дзяцей. Яшчэ ў нас ёсць традыцыя запальвання вечаровых свечак, калі абмяркоўваем усё тое, што адбылося за дзень. Таксама цікава арганізоўваецца віншаванне імяніннікаў з днём нараджэння”.

Але трэба разумець, што работа важатых не толькі ў тым, каб забаўляць дзяцей, сачыць за дысцыплінай. Важатыя павінны заў­важаць змены ў настроі дзіцяці, а таксама ўмець бачыць, каму з выхаванцаў патрэбны падтрымка і дапамога. Веды па псіхалогіі дапамагаюць у гэтым як ніколі.

Кацярына Шаўцова, сёлетняя выпускніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, расказвае, што самае складанае ў рабоце важатага — быць справядлівым і аб’ектыўным у адносінах да дзяцей. “Сяброўства паміж важатым і выхаванцам пачынаецца з усмешкі. Што тычыцца вырашэння дзіцячых спрэчак і канфліктаў, цяжка знайсці тут тонкую грань. Кожнае дзіця лічыц­ь, што толькі яно мае рацыю, яму кожная дробязь здаецца самай важнай у жыцці. У такой сітуацыі даводзіцца прымяняц­ь усе свае веды, навыкі і ўменні псіхолага, каб спрэчная сітуацыя была вырашана тут і зараз, і лагернае жыццё зноў прыносіла радасц­ь і задавальненне. Калі бачу, як у дзяцей гарац­ь вочы, калі яны тэлефануюць б­ацькам і з захапленнем расказваюць пра тое, як прайшоў іх дзень у лагеры, калі падбягаюць абдымацца, я разумею, што ўсё раблю правільна, і бачу, што дзеці шчаслівыя. Прынамсі, у гэтым і заключаецца работа важатага — зрабіць канікулы дзіцяці шчаслівымі, напоўніць лета незабыўнымі момантамі і эмоцыямі, а таксама зрабіць так, каб праз год мы зноў сустрэліся. Гэта і будзе паказчыкам эфектыўнасці нашай работы як псіхолагаў і педагогаў”.

Наталля САХНО.
Фота з архіва “Беларусачкі”.