Сяброўства са штангай

Які спорт выбраць дзяўчынцы 12 гадоў? Наўрад ці ў галаву адразу прыйдзе цяжкая атлетыка і паўэрліфтынг, але Лізавета Матарас, навучэнка сярэдняй школы № 1 Ашмян, пайшла менавіта гэтым шляхам. Расказваем, якія стэрэатыпныя фразы яна чула ад знаёмых і аднакласнікаў, чаму летам трэніравацца лепш і што адчуваеш, калі ставіш тры рэкорды Беларусі і два — свету.

На спаборніцтвах.

Два віды

У спорт Лізавету прывёў бацька. Калі ў групе па цяжкай атлетыцы не хапала дзяўчынак, Яўген Матарас прапанаваў кандыдатуру дачкі. Ён ведаў трэнера, сам у яго калісьці займаўся. Лізавета пагадзілася, пачала трэніравацца, рыхтавалася да спаборніцтваў. Трэнер Міхаіл Станкевіч заўважыў патэнцыял, пахваліў і сказаў, што ў яе прыродны талент. Першыя спаборніцтвы прайшлі не вельмі добра, але Лізавета сабе паабяцала: наступным разам стане першай. Праз месяц прыехала на турнір і сапраўды выйграла. Пазней Міхаіл Францавіч прапанаваў паспрабаваць паўэрліфтынг. Лізавета пачала трэніравацца — і прагрэс не прымусіў сябе чакаць.

— Адразу мне здавалася, што гэта не маё. Напэўна, так бывае ва ўсіх: пачынаеш чымсьці займацца і думаеш, што гэта надта цяжка. Потым прывыкаеш і разумееш: усё атрымліваецца. Я вырашыла, што ўсё ж працягну трэніравацца. Я так захапілася, што нават не заўважыла, як прайшло тры гады.

Зараз Лізавеце 15, яна важыць 41 кг. За плячыма спаборніцтвы рознага ўзроўню, на руках — пасведчанне аб прысваенні звання майстра спорту па паўэрліфтынгу. Трэніроўкі прахо­дзяць тры разы на тыдзень у звычайным рэжыме і 4—5 разоў, калі ідзе падрыхтоўка да спаборніцтваў. Прычым дзяўчынка займаецца і цяжкай атлетыкай, і паўэрліфтынгам.

Паўэрліфтынг — гэта сілавы від спорту, які ўключае ў сябе тры практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы і станавую цягу.

— На трэніроўцы я спачатку размінаюся, каб не пацягнуць звязкі. Потым у кожным практыкаванні бяру маленькую вагу, дабаўляю большую, калі сіл хапае — мы з трэнерам ставім рэкорды. Мой максімум у прысяданні —120 кг, у жыме лежачы — 70 і ў станавай цязе — 125 кг. Таксама раблю дадатковыя практыкаванні на трыцэпс, спіну, біцэпс, ногі і г.д. Улетку трэніроўкі крыху адрозніваюцца ад тых, што праходзяць падчас навучальнага года. Па-першае, можна прыйсці ў

9 раніцы, а можна і ў 6 вечара — як табе зручна. Па-другое, калі рыхтуемся да спаборніцтваў, трэніроўкі доўжацца больш, бо вольнага часу больш. Лета — гэта такая пара года, калі няма куды спяшацца і неабходна займацца, каб потым паказваць максімальныя вынікі.

Сумяшчаць цяжкую атлетыку і паўэрліфтынг для Лізаветы нармальна, бо яна любіць абодва віды спорту. Праблема толькі ў тым, што апошнім часам спаборніцтвы часта перасякаюцца: паміж імі можа быць 2—3 дні. У такім рэжыме цела не паспявае аднавіцца, звычайна на адпачынак патрабуецца мінімум 3—4 дні, лепш — тыдзень.

Рэкордныя лічбы

— Мае першыя спаборніцтвы па паўэрліфтынгу прайшлі ў Ашмянах, гэта быў Кубак Еўропы. Тады мне толькі споўнілася

13 гадоў. Я была самай маладой у сваёй узроставай катэгорыі да 18 гадоў. Першы падыход рабіць баялася, але потым усё пайшло добра, з вялікімі вагамі наогул выдатна. Усе на мяне так глядзелі, быццам думалі: “Ой, якая маленькая!”Але калі я выйшла на памост, яны, мякка кажучы, здзівіліся: некаторыя дарослыя не паказваюць такога выніку. Я стала першай у сваёй узроставай катэгорыі і зарадзілася моцнымі станоўчымі эмоцыямі, таму што мне вельмі спадабалася выступаць.

Пазней у Ашмянах прайшоў чэмпіянат Беларусі па паўэрліфтынгу, дзе Лізавета зноў выйграла. Дзяўчынка пачала ўсё больш укладвацца ў гэты спорт, расці. Трэнер сказаў, што ў яе ёсць добрыя шансы выйграць на чэмпіянаце Еўропе ў літоўскім Каўнасе (2019 г.), і яны пачалі трэніравацца. Падрыхтоўка заняла паўгода: Міхаіл Станкевіч распрацаваў падрабязныя планы трэніровак і спартыўнага харчавання.

— У Каўнас з намі паехалі майстар спорту па паўэрліфтынгу віцэ-чэмпіёнка свету Хрысціна Шлыковіч і майстар спорту па паўэрліфтынгу Арцём Савельеў. Яны мне расказвалі пра свой вопыт, вучылі, як правільна рабіць практыкаванні, як лепш дыхаць, як не хвалявацца на памосце і г.д. Саперніц было шмат, некаторых я ўжо бачыла на Кубку Еўропы. На той час я паставіла два рэкорды Еўропы ў сваім узросце ў прысяданні, у станавай цязе рэкорд не ўстанавіла, але больш за ўсіх пацягнула. У жыме лежачы была добрая спроба, мне яе залічылі, але потым чамусьці адмянілі. Гэта мяне вельмі засмуціла.

Самае яркае дасягненне за апошні час — тры пастаўленыя рэкорды Беларусі і два свету на першынстве і чэмпіянаце краіны ў Горках (2021 г.). Лізавета паехала туды, каб адабрацца на чэмпіянат свету. Спачатку былі прысяданні, дзе яна ўстанавіла два рэкорды Беларусі, ­адзін з іх — 108,5 кг — перавышае сусветны на 0,5 кг, але ён лічыцца толькі нацыянальным, таму што ўстаноўлены не на міжнародных спаборніцтвах. У жыме штангі лежачы Лізавета падняла 60 кг, потым 63,5 кг, гэта таксама перавышае беларускія рэкорды. Сусветны — 65,5 кг, крыху не хапіла. У станавай цязе спартсменка пацягнула 119,5 кг — таксама рэкорд Беларусі. Сусветны — 136 кг, да яго пакуль далёка. Яшчэ вынікі лічацца ў трохбор’і, калі складаюцца самыя вялікія вагі ў трох практыкаваннях. Лізавета сабрала 291,5 кг — гэта на 0,5 кг перавышае сусветны рэкорд. Камплект дасягненняў дапоўніла 2-е месца сярод абсалютных чэмпіёнаў Беларусі, гэта значыць сярод жанчын усіх узростаў.

Такія вынікі не ўзнікаюць на пустым месцы. Справа ў тым, што спартсменка знайшла свайго трэнера, а ён — сваю спарт­сменку.

— Мой трэнер — напэўна, самы лепшы ў свеце. Міхаіл Францавіч заўсёды падтрымае, дасць параду, мы з ім заўсёды размаўляем, прычым не толькі пра трэніроўкі, а нао­гул пра жыццё, перажыванні. Мы нічога не ўтойваем адно ад аднаго. На занятках ён кажа: “Калі цяжка, нічога страшнага, зробім наступны раз”.

Зараз Лізавета рыхтуецца да чэмпіянату свету. У яе ёсць падрыхтоўчы (больш лёгкі) і спаборніцкі (больш цяжкі) планы. Месяц яна трэніруецца па лёгкім, потым можа зрабіць праходку — гэта асабістыя спаборніцтвы, на якіх глядзяць, колькі спартсменка падымае.

— На жаль, чэмпіянат свету перанеслі з Мінска ў Швецыю, — кажа Міхаіл Станкевіч. — З выездамі зараз цяжка, таму пакуль не зразумела, зможам мы паехаць ці не. У планах было паставіць там 8 су­светных рэкордаў, мы ўжо рабілі гэта на трэніроўках. Спадзяюся, усё атрымаецца. Лізавета вельмі таленавітая. Нягледзячы на свой юны ўзрост, яна ўваходзіць у пяцёрку лепшых маіх выхаванцаў за ўвесь час. Яна вельмі старанная, працаздольная, любіць трэніравацца, такіх дзяцей рэдка сустрэнеш.

“Ты ж маленькая”

Калі дзяўчынка ідзе ў такія віды спорту, яна абавязкова сутыкаецца з асуджальнымі фразамі. Што ў свой адрас чула Лізавета? “Куды ты палезла, ты ж маленькая, далікатная, якая штанга, цябе ёй прыцісне”. Падыходзілі нават да мамы дзяўчынкі са словамі: “Навошта вы сваю дачку адправілі ў такі спорт? Дзіця загубіце!” Аднакласнікі спачатку таксама не падтрымлівалі, называлі “штангай”, дражніліся.

— Больш за ўсё гэтых падколак я чула ад хлопчыкаў, напэўна, таму, што яны не прывыклі, што дзяўчынкі могуць займацца такім спортам. Яны лі­чаць, калі ты падымаеш штангу, то бу­дзеш шырокая, перапампаваная. Адразу мяне гэта чапляла, я думала: чаму людзі так гаво­раць? Потым вырашыла: хай гавораць, што хочуць, гэта мая справа, калі нешта не спадабаецца, я сыду. Напэўна, у іх была такая рэакцыя, таму што яны самі нічога не дасягнулі і хацелі, каб я кінула свой занятак і стала такой, як яны.

Мама Лізаветы спачатку таксама не вельмі падтрымлівала захапленне дачкі, але потым змірылася, толькі папрасіла кінуць гэты спорт, калі будзе нешта балець. Пакуль нічога не балела. Міхаіл Францавіч кажа, што пры правільным падыходзе без неабдуманых крокаў гэта не вельмі траўманебяспечныя віды спорту, паўэрліфтынг нават больш бяспечны, чым цяжкая атлетыка. Але бывае ўсялякае.

— Траўму можна атрымаць як на трэніроўцы, так і на спаборніцтвах. Вось нядаўна мы нават не зразумелі, дзе і калі Ліза траўміравалася. Проста прачнулася раніцай з болем у руцэ. Яна падлячылася, з’ездзіла на спаборніцтвы — рука зноў баліць. Далі ёй больш за месяц адпачынку, і Ліза прыйшла ў норму.

У планах ашмянскай спартсменкі паступіць у БДУФК на трэнера па цяжкай атлетыцы. Лізавета кажа, што дзесьці 1,5 года назад зразумела, што хоча, як і Міхаіл Францавіч, выхоўваць чэмпіёнаў.

— У спорце я мару перамагчы на чэмпіянаце свету і ўзяць “золата” на Алімпійскіх гульнях па цяжкай атлетыцы. Калі паўэрліфтынг стане алімпійскім відам, то перамагчы і ў ім. А проста ў жыцці хачу вырасці добрым, разумным, прыстойным чалавекам.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Лізаветы Матарас.