Сяброўства, вопыт, праца

Больш за 300 байцоў, камандзіраў і камісараў лепшых студэнцкіх атрадаў Саюзнай дзяржавы прынялі ўдзел у злёце “Моладзь будуе Саюз”, які праходзіў з 21 па 23 верасня ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці.

Месца сустрэчы было вызначана невыпадкова. Наваполацк — горад Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі, яго ўзводзілі равеснікі цяперашніх студатрадаўцаў. Сёння моладзь годна працягвае і развівае слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў: менавіта студэнцкія атрады Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта “Эўрыка” і “Дойліды” на працягу некалькіх гадоў утрымліваюць лідарства па выніках працоўнага семестра. Арганізатарам злёту выступіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і энергетыкі Рэспублікі Беларусь, акцыянернага таварыства “Інжынірынгавая кампанія “АСЭ” і маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі “Расійскія студэнцкія атрады”. Як адзначыў другі сакратар БРСМ Алег Дзікун, злёт з’яўляецца стартавым мерапрыемствам V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і неад’емнай часткай яго афіцыйнай праграмы. Яго мэты— развіццё супрацоўніцтва і працоўнае выхаванне моладзі, у гэтай сувязі праграма прадугледжвала разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне сяброўскіх адносін, абмен вопытам арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, працоўную загартоўку.

Пачаўся злёт з вечара знаёмстваў, традыцыйных спевак і вогнішча. Прычым многія ўдзельнікі з радасцю сустрэліся са сваімі даўнімі сябрамі, таварышамі па працы ў студэнцкіх атрадах і будучымі калегамі. Па словах Алега Дзікуна, у трэцім працоўным семестры—2018 у Расійскай Федэрацыі працавалі беларускія студэнцкія будаўнічыя, педагагічныя, сэрвісныя і сельскагаспадарчыя атрады. Геаграфія іх дыслакацыі шырокая: ад Санкт-Пецярбургу да Белаярскага раёна Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Югра, у тым ліку Каломенскі раён Маскоўскай вобласці, Сочы, Туапсэ. У сваю чаргу студэнты з Расіі працавалі на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — будаўніцтве аб’ектаў Беларускай АЭС у Астраўцы, Мінскай гарадской маладзёжнай будоўлі — будаўніцтве інтэрната Студэнцкай вёскі ў Мінску, які ў 2019 годзе будзе прымаць гасцей II Еўрапейскіх гульняў, а таксама ў складзе зводнага студэнцкага сельскагаспадарчага атрада аказвалі дапамогу ва ўборачнай кампаніі аграрыям ААТ “Даўгінава” Вілейскага раёна.

Другі дзень атрымаўся, напэўна, самым эмацыянальна насычаным і багатым на падзеі. Ён стартаваў з урачыстай акцыі “Памяць пакаленняў”. У мемарыяльным комплексе “Зорка” гарадскога пасёлка Баравуха адбыўся мітынг, прысвечаны памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У той час тут былі размешчаны буйны фашысцкі гарнізон, яўрэйскае гета і канцлагер Staatlag 354 для ваеннапалонных, у засценках якога загінулі больш за 29 тысяч савецкіх воінаў і мясцовых жыхароў. У 1944 годзе з 250 двароў у Баравусе засталося толькі 5 — астатнія спалілі гітлераўскія захопнікі. Аб гэтым гасцям Полаччыны расказалі ветэраны і моладзь, вучні Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка разам са сваёй настаўніцай, пераможцай рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года—2017” Святланай Румянцавай. Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі да мемарыяла. Наступнае ключавое месца злёту — мемарыяльны комплекс “Першая палатка” ў Наваполацку на месцы, дзе некалі высадзіўся працоўны дэсант першабудаўнікоў. Сённяшнія студатрадаўцы ўскладаннем кветак ушанавалі працоўны подзвіг энтузіястаў, якія за 5 гадоў узвялі адзін з буйнейшых у Савецкім Саюзе заводаў і пабудавалі Нафтаград. Урачыстая цырымонія адкрыцця злёту прайшла ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

— Дэвіз нашага форуму “Моладзь будуе Саюз” вельмі дакладна і ёміста адлюстроўвае ўсё тое, што мы з вамі робім, — звярнуўся да моладзі першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк. — Саюз — гэта сяброўства. Яно таксама, як і будынак, узводзіцца па цаглінках. У нашага сяброўства ёсць свая магутная і надзейная платформа для будаўніцтва вялікага агульнага дома — камсамол і гісторыя студатрадаўскага руху.
Пасля афіцыйнага адкрыцця ўдзельнікаў паклікала “Адкрытая трыбуна”. Юнакі і дзяўчаты абмяркоўвалі праблемы, што хвалююць студэнтаў дзвюх краін, выступалі з новымі ініцыятывамі і знаёмілі са сваімі дасягненнямі, выказвалі прапановы аб удасканаленні заканадаўчай базы і далейшым развіцці студатрадаўскага руху, задавалі пытанні і ў фармаце адкрытага мікрафона атрымлівалі на іх адказы ад прадстаўнікоў органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Затым эпіцэнтр падзей перамясціўся на адукацыйныя пляцоўкі, дзе праводзіліся майстар-класы і трэнінгі. Іх работа грунтавалася на прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

— Два гады я ўзначальваў студэнцкі будаўнічы атрад “Дойліды” ПДУ, сёлета быў камандзірам Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на БелАЭС. Зыходзячы з вопыту, праводзіў майстар-клас па тэме “Кампетэнтны камандзір”, — падзяліўся ўражаннямі Сяргей Скур’ят. — Майстар-клас праходзіў у інтэрактыўнай форме. Прысутныя байцы студатрадаў вызначалі, якога лідара яны хацелі б бачыць перад сабой, а камандзіры падзяліліся ўласнымі ідэямі, мадэлямі работы. Мне асабіста прыемна было пабачыць тых, хто працаваў з намі на БелАЭС. Падобныя сустрэчы вельмі важныя, таму што яны дапамагаюць напрамую абменьвацца вопытам, удасканальвацца, развівацца далей.

Дыялог пакаленняў “Не кожнаму дадзена так шчодра жыць — на памяць гарады дарыць!” аб’яднаў тых, хто стаяў ля вытокаў студатрадаўскага руху, і тых, хто падтрымлівае і развівае яго ў нашы дні.

— У мінулым годзе я ездзіла ў Анапу ў якасці камісара, сёлета — у якасці камандзіра сэрвіснага і педагагічнага атрада “Дзеці Нёмана”, — паведаміла Ганна Шчука (Гродна). — Студатрад — класная магчымасць зарабіць, адпачыць і правесці лета з сябрамі, удасканаліць свае прафесійныя навыкі. Злёт атрымаўся насычаным на падзеі, разнастайным, разнапланавым. Мы пазнаёміліся з рэальным вопытам фарміравання і арганізацыі работы атрадаў, некаторыя напрацоўкі будзем абмяркоўваць дома і, магчыма, запазычым. Але найбольш мне запомнілася менавіта сустрэча з ветэранамі студатрадаўскага руху. Параўнаць тое, што было дзясяткі гадоў назад, з цяперашнім — унікальны шанс, працягваць — справа гонару. Магчыма, карысна і вярнуць нешта ў практыку: нездарма кажуць, што новае — гэта добра забытае старое.

Вечар быў поўнасцю аддадзены маладзёжнай творчасці і крэатыву: студатрадаўцы паказалі клас на пляцоўках творчага фестывалю “На скрыжаваннях шляхоў і меркаванняў…”, фаер-шоу і танцавальна-конкурсную праграму “Байцоўка-паці”. Яркімі старонкамі злёту сталі конкурс прэзентацыйных відэаролікаў “Адзін рух — адна любоў!” і студатрадаўскі квест. Заключны дзень быў прысвечаны працы, спорту і экскурсіям. У ходзе працоўнай акцыі “#ЗаДело” беларусы і расіяне дружна ўзяліся за добраўпарадкаванне тэрыторыі Лядовага палаца КСУП “Хакейны клуб “Хімік” у Наваполацку і на справе пераканаўча пацвердзілі свае працоўныя ўменні і таленты.

— Знаёмства з прадстаўнікамі студэнцкіх атрадаў з розных гарадоў, гісторыяй і культурай Полацка і Наваполацка — надзвычай каштоўны вопыт, — падзялілася ўражаннямі Вікторыя Ламакіна (педагагічны атрад “Рэкорд”, Пенза). — Мы ўбачылі, як жыве іншая краіна, як працуюць нашы равеснікі, як яны вырашаюць свае студэнцкія задачы. Наш атрад летам дзейнічаў ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня”. Асабіста я ніколі не працавала на будоўлі, нават на добраўпарадкаванні. Было цікава паспрабаваць сябе ў новай ролі, прымераць каску і спяцоўку. Спадзяюся, што плён нашай працы парадуе навапалачан.

А ў сасновым бары за горадам кіпеў спартыўны азарт: на базе спартыўна-аздараўленчых лагераў “Ленінец” і “Вадналыжнік” пачалася спартакіяда. Каманды спаборнічалі ў эстафеце 4100, скачках у даўжыню, перацягванні каната, гіравым спорце, дартсе. Упершыню ў праграму спаборніцтваў быў уключаны незвычайны, азартны і вясёлы “Бульбатлон”. Працягнулася і знаёмства са славутымі мясцінамі Полацка і Наваполацка: арганізатары падрыхтавалі насычаную экскурсійную праграму з наведваннем Полацкага калегіума, Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора з праслухоўваннем канцэрта арганнай музыкі. Завяршыўся форум урачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў у розных конкурсах. Па выніках злёту студэнцкіх атрадаў было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве на пяцігодку паміж БРСМ і РСА.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.