Сябруйце з гумарам!

- 11:50Адукацыйная прастора

У Мінску прайшоў фінал VIII Рэспубліканскага чэмпіянату сярод школьных каманд КВЗ “У будучыню — з усмешкай”. Свята гумару стала вынікам творчага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга КВЗ”.

Права агучыць свае фірменныя жарты ў фінале атрымалі каманды КВЗ школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў, якія сталі пераможцамі абласных і мінскага гарадскога этапаў. Тут іх чакалі два конкурсы: першапачатковыя пазіцыі па балах расставіў “Біятлон” , а “Візітоўка” прадэманстравала інтэлектуальны і творчы патэнцыял каманд. Так, юныя артысты парадавалі гледачоў, стварыўшы атмасферу, па-майстэрску аздобленую гумарам. Тут былі трапныя жарты і пра спорт, і пра эстраду, і пра каханне, і, канечне, пра школу.

Вельмі горача ўспрыняла аўдыторыя навічкоў, асабліва каманду “Нігорад” з Баркалабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскай вобласці. Аповед пра пакарэнне імі сталіцы і стаў сюжэтам іх конкурснага выступлення. І няхай юнакі ў сланцах на шкарпэткі і ватоўках не сталі зоркамі танцпола ў сталічным клубе, у сваім Баркалабаве яны дакладна героі. Акрамя таго, гумар вывеў іх у прызёры ў гэтым турніры: за імі — 3-е месца ў фінале. Крыху вышэй ацаніла журы каманду Undeground з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля. Удзель­ніца гэтай жа каманды Валерыя Шынкарук заваявала званне лепшай актрысы. Лепшым жа акцёрам гульні быў прызнаны Ігар Цяплінскі з каманды “Пушка” са Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта “Пушка” па выніках фіналу ўжо другі год запар становіцца абсалютнай пераможцай. Зрэшты, апошнія некалькі гадоў менавіта за “Пушкай” застаюцца ўсе перамогі на самых буйных гумарыстычных спаборніцтвах у нашай краіне.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Яўген Крыжаноўскі ўжо другі раз у журы на гэтым конкурсе. Яму складана знайсці словы, каб апісаць свае ўражанні. Таму для ўсіх каманд ён падымаў таблічкі толькі з найвышэйшым балам — “шасцёркай”, праўда, для Слонімскай каманды яшчэ і дадаваў “плюс”. Дарэчы, сёлета Яўген Анатольевіч не толькі ўволю пасмяяўся, але і знайшоў новага акцёра для свайго школьнага серыяла “Гумарынка” — самага юнага гумарыста, 6-гадовага ўдзельніка каманды “Пушка” са Слоніма. А ўсіх фіналістаў запрасіў на Міжнародны фестываль дзіцячага гумару, які пройдзе на пачатку красавіка ў Мала­дзёжным тэатры эстрады.

Пакуль “Пушка” рабіла сэлфі з ужо прывычнай сцэны і з чарговым тытулам пераможцы, яе кіраўнік, Максім Мікалаевіч Антонаў, педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Слоніма, падзяліўся сваімі разважаннямі: “Гуляць у КВЗ — значыць, ніколі не сядзець на месцы. Я сам КВЗ-эншчык, прайшоў у гэтым кірунку доўгі і цярністы шлях. Мне падаецца, каб мяне рыхтавалі са школы, мне было б намнога прасцей. Калі школьнікі паступаюць ва УВА, там абавязкова будзе ўніверсітэцкі КВЗ. І калі за плячыма ў іх добрая падрыхтоўка, то праз пару гадоў яны могуць ужо гуляць у тэлегульні. А гэта ўжо амаль гарантыя, што КВЗ будзе ў іх жыцці і далей, бо інакш, як правіла, студэнты заканчваюць УВА — заканчваюць і гуляць у КВЗ. Таму мая мэта не столькі сённяшні поспех, колькі тое, каб праз гады хоць некалькі чалавек працягнулі гэты цікавы шлях. Хаця не менш важна для мяне і тое, што мае навучэнцы ўжо цяпер рэалізуюцца ў самых розных кірунках, вучацца быць майстрамі на ўсе рукі, бо мы самі шыем, вышываем, спяваем, манціруем відэа, прыдумваем жарты, прадумваем пастаноўку, робім музычнае афармленне, адточваем акцёрскую ігру, а потым загортваем усё гэта ў прыгожую абгортку і гатовую “цукерку” прапаноўваем са сцэны. Гэта можа падацца простым, але насамрэч, каб паказаць сябе са сцэны 5—6 хвілін, мы рыхтуемся па 2—3 месяцы”.

Галоўных зорак Максім Антонаў выбірае сам, бо шмат працуе з дзецьмі, у тым ліку і ў летніках, таму дзіця з пачуццём гумару ніколі не застанецца незаўважаным. Так, не засталася ўбаку і 8-класніца Паліна Крамнік. Яна з 5 гадоў прафесійна займаецца вакалам, прымае ўдзел у музычных конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.  А з Максімам Мікалаевічам яны часта перасякаліся на адных і тых жа сцэнах, і два гады назад педагог запрасіў дзяўчынку гуляць у яго камандзе.

“Без гумару жыць увогуле складана, — упэўнена Паліна. — Калі ў цябе ёсць пачуццё гумару і такія ж сябры, то вашы сустрэчы заўсёды яркія, цікавыя, насычаныя. Таму мы вельмі часта збіраемся з сябрамі. Прычым гумар аб’ядноўвае ўсіх — і ціхонь, і задзір, і надзвычай адказных”.

Фінальны вынік высока ацаніла старшыня журы Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыя­нальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі. Уручаючы ўзнагароды пераможцам, яна зазначыла: “Мне вельмі спадабалася сённяшняя гульня, бо вы ў параўнанні з мінулым годам зрабілі каласальны крок. Прыемна і тое, што здорава павялічылася колькасць каманд. І гэта не можа не радаваць. Вы сябруеце з гумарам, гумар сябруе з вамі, а гэта значыць, што вы зможаце зрабіць шчаслівым сваё жыццё. Смела ідзіце наперад!”.

Святлана НІКІФАРАВА.