Сябруюць з робатамі

Сёлета на чэмпіянаце Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прадстаўляе каманда са студэнтаў Івана Духовіча і Вадзіма Падліпскога. “Хлопцы атрымалі “золата” на нацыянальным чэмпіянаце ў мінулым годзе і цяпер выступаюць за Беларусь на міжнародным спаборніцтве”, — тлумачыць нацыянальны эксперт WorldSkills начальнік цэнтра інфармацыйных тэхналогій Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта К.М.Рынейскі.

WorldSkills аб’ядноўвае.

— Па сутнасці, мабільная робататэхніка скіравана на стварэнне механічнай канструкцыі і сістэмы кіравання робатам, — адзначыў эксперт. — У гэтай сферы спецыяліст павінен умець праектаваць, збіраць, праграмаваць, кіраваць і абслугоўваць механічныя, электрычныя сістэмы і сістэмы кіравання мабільным робатам, а таксама выяўляць і выкараняць няспраўнасці. Мабільная робататэхніка ўключае ў сябе элементы механікі і камп’ютарных тэхналогій. Камп’ютарныя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў мабільнай робататэхніцы, — гэта элементы інфармацыйных тэхналогій, праграмаванне аўтаматызаваных сістэм кіравання.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на кафедры “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” мабільнай робататэхнікай пачалі займацца ў 2015 годзе. На базе навукова-тэхнічнага гуртка кафедры была створана група з ліку студэнтаў і магістрантаў, якія з энтузіязмам узяліся за вывучэнне новага кірунку. У дапамогу творчай моладзі тады ж была набыта першая базавая робататэхнічная платформа Robotino-3. У выніку эфектыўнай працы на ІІ Нацыянальным чэмпіянаце  WorldSkillsBelarus — 2016 каманда ўніверсітэта заняла ганаровае 2-е месца. Згодна з атрыманымі вынікамі, Міністэрства адукацыі на развіццё гуртка выдаткавала пэўныя фінансавыя сродкі, што дазволіла палепшыць яго матэрыяльна-тэхнічную базу.

У 2017 годзе на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі навучальнай установы створана акадэмія сучасных тэхналогій, адным з асноўных напрамкаў якой з’яўляецца арганізацыя вучэбных курсаў для школьнікаў па кірунку “Робататэхніка”. Навучэнцы акадэміі штогод паказваюць выдатныя вынікі на алімпіядах па робататэхніцы ў нашай краіне і Расійскай Федэрацыі. З мінулага года на базе ўніверсітэта сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама праводзіцца Абласная алімпіяда па робататэхніцы і праграмаванні “Роба-айці”.

Наступным этапам развіцця робататэхнічных напрамкаў ва ўніверсітэце стала падрыхтоўка да WorldSkillsBelarus — 2018. Як ужо адзначалася, каманда ў складзе студэнтаў універсітэта Івана Духовіча і Вадзіма Падліпскога (кіраўнік Алег Замжыцкі — магістрант, прызёр WorldSkills Belarus — 2016) заняла 1-е месца. Такі падыход да падрыхтоўкі да спаборніцтваў дазваляе забяспечыць пераемнасць пакаленняў і перадачу вопыту.

У час падрыхтоўкі да чэмпіянату ў Казані хлопцы адпрацоўвалі  тэставыя заданні, праводзілі мантаж рабочай пляцоўкі, распрацоўвалі праграмнае забеспячэнне. У пачатку года Іван і Вадзім выступілі на VI Рэгіянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” WorldSkills Russia ў Новасібірску. Каманда выступала па-за конкурсам і ў агульным заліку па балах заняла 2-е месца.

— Наш універсітэт ганарыцца сваімі выхаванцамі, — расказвае Канстанцін Мікалаевіч. — І тымі, хто толькі пачынае свой шлях, і тымі, хто годна абараняе гонар нашай установы на спаборніцтвах рознага маштабу і ўзроўню. Кіраўніцтва ўніверсітэта ў асобе рэктара, доктара тэхнічных навук, прафесара Андрэя Аляксандравіча Кузняцова дапамагае ў развіцці разнастайных праектаў, у тым ліку і ў галіне робататэхнікі. За дапамогу, падтрымку і разуменне таксама хочацца падзякаваць дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі ВДТУ В.У.Мурычавай і факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі А.М.Гусараву.

Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.