Сябры і аднадумцы

- 14:45Навіны рэгіёнаў

Кажуць, кожнае дзіця таленавітае па-свойму. Мне як метадысту, які працуе з адоранымі вучнямі і іх настаўнікамі, давялося пераканацца ў гэтым не раз. Прыемна назіраць, як, дзякуючы стараннасці і ўседлівасці, захопленасці і працавітасці, школьнікі Баранавіч перамагаюць у прадметных алімпіядах, інтэлектуальных спаборніцтвах і творчых конкурсах. На ўсё ў таленавітых дзяцей хапае і сіл, і часу, і цярпення.

Работа з адоранымі вучнямі ў любой установе адукацыі пачынаецца з пошуку здольных дзяцей, якія даволі часта праяўляюць сябе ўжо ў пачатковых класах. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае алімпіядны рух. Галоўнае — накіраваць інтарэсы вучняў у карыснае рэчышча і правільна іх матываваць. Дзесяцікласніцы Таццяне Петрашэвіч з сярэдняй школы № 21 Баранавіч вельмі пашанцавала сустрэць педагога, які своечасова заўважыў і дапамог развіць здольнасці дзяўчынкі. Пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяны Віктараўны Конанавай вучаніца паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядным руху. Так, на ўсіх чатырох этапах сёлетняй Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры дзяўчына атрымала дыпломы І ступені. Акрамя таго, Таццяна была адзначана спецыяльным прызам Міністэрства адукацыі Беларусі за самы высокі бал па выніках усіх алімпіядных выпрабаванняў сярод вучняў 9—11 класаў.

У чым сакрэт поспеху здольнай школьніцы? Ужо з 5 класа яна вызначалася стараннасцю і працавітасцю. Таццяна шмат чытала, вучылася з захапленнем, актыўна ўдзельнічала ў творчых конкурсах па літаратуры, паказвала глыбокія веды ў алімпіядах па рускай і беларускай мовах і літаратуры, гісторыі і грамадазнаўстве, хіміі. У 8 класе дзяўчынка атрымала дыплом І ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Дасягнуць такога выніку было складана, але Таццяна справілася, паколькі побач з ёй быў надзейны памочнік і дарадца — творчы і таленавіты педагог Т.В.Конанава, якая любіць сваю прафесію і свой прадмет, прывівае любоў да чытання ўласным прыкладам. Таццяна Віктараўна не дазваляе сабе ленавацца, заўсёды адкрыта для дыялогу і прыслухоўваецца да меркаванняў калег. Па словах настаўніцы, яе выхаванка ўжо ў 8 класе выдатна ведала вучэбную праграму базавага ўзроўню. Асабліва Таццяна любіла выконваць заданні па самых складаных і цікавых раздзелах — сінтаксісе і словаўтварэнні.

З 9 класа вучаніца пад кіраўніцтвам Т.В.Конанавай надзвычай сур’ёзна рыхтавалася да кожнага інтэлектуальнага марафону, які ўключаў лінгвістычны, рытарскі і творчы конкурсы. Таццяна вывучала гісторыю рускай мовы і работы вядомых лінгвістаў, паглыбляла веды па гісторыі і тэорыі літаратуры, трэніравалася ў напісанні водгукаў, рыхтавала вусныя выказванні на розныя тэмы. Настаўніца і дзяўчынка працавалі натхнёна і мэтанакіравана. Было адначасова і цяжка, і цікава. Педагогу вельмі падабалася, што ёй сустрэлася не толькі адказная, добрасумленная і дасведчаная вучаніца, але і сапраўдны аднадумец, які шмат умее і здольны самастойна працаваць. Намаганні настаўніцы і дзяўчынкі прывялі да заканамернай перамогі ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Т.В.Конанава любіць дзяцей, паважае ў кожным асобу, імкнецца разгледзець у іх маленькія сонейкі. Таццяна Віктараўна лічыць, што школа дазваляе праявіць сябе праз сваіх выхаванцаў. Жыццёвым крэда педагога з’яўляюцца словы Л.М.Талстога: “Не верце словам — ні сваім, ні чужым, верце толькі справам — і сваім, і чужым”.

Дзеці растуць разам з настаўнікамі, а настаўнікі — разам з дзецьмі як педагогі. Робяць крок за крокам, узнімаючыся па прыступках і дасягаючы пэўных мэт і вышынь. Задача педагога — не толькі навучыць вучыцца, але і стаць людзьмі — удумлівымі, чулымі, гатовымі прыйсці на дапамогу.

Ад дзіцячых поспехаў вырастаюць крылы і ў настаўнікаў, якія атрымліваюць імпульс да далейшага самаразвіцця. Педагогі, не прапусціце сваіх геніяў!

Ала МАМОНЧЫК,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Баранавіч.