Сядзець без справы — не маё

- 9:58Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Ураджай на палях у гэтым годзе радуе вока. Паспяховая ўборачная кампанія для Беларусі — пытанне стратэгічнае. 

На Міншчыне сабраць ура­джай своечасова і без страт актыўна дапамага­юць школьнікі. У розных раёнах вобласці падлеткі працуюць і на зернесушыльных комплексах, і ў палях разам з камбайнерамі.

У гарачы час уборачнай кампаніі праца кіпіць не толькі на палях, дзе камбайнеры, вадзіцелі, механізатары імкнуцца аператыўна і якасна сабраць вырашчаны хлеб, але і на зернятоках, дзе ўсе намаганні работнікаў накіраваны на перапрацоўку збожжа: яго ачыстку, сушку, сартаванне, пагрузку ў сховішчы і г.д. Гэта вялікі фронт работ, які таксама патрабуе напружанай штодзённай працы.

У сельскагаспадарчым вы­творчым філіяле “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” гэтым летам у бітве за ўраджай дарослым дапамагаюць вучні Грабёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна. Хлопцы і дзяўчаты выконваюць розныя задачы: дапамагаюць механізатарам, працуюць на зернесушыльным комплексе, мехдвары, у палях, на жывёлагадоўчай ферме.

— Для школьнікаў, якія гатовы летам папрацаваць, прадугледжаны розныя формы занятасці, — звяртае ўвагу начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага раёна Ірына Змачынская. — Адны навучэнцы працуюць па 4 гадзіны ў дзень падчас адпачынку ў летніх працоўных лагерах сельскагаспадарчай накіраванасці, іншыя заключаюць індывідуальныя дагаворы з аграрнымі прадпрыемствамі напрамую і таму летам могуць працаваць амаль цэлы дзень на працягу і месяца, і двух.

У грабёнкаўскай установе адукацыі лагер працы і адпачынку ўпершыню арганізавалі летась. Тады яго выхаванцамі сталі 10 старшакласнікаў. У гэтым годзе колькасць жадаючых узрасла да 15 чалавек.

— Жаданне папрацаваць летам выказалі не толькі нашы школьнікі, але і падлеткі з найбліжэйшых вёсак і іншых школ, — заўважае дырэктар школы Алеся Гурновіч. — Думаю, зарабіўшы нядрэнныя грошы за 9 дзён знаходжання ў лагеры, старшакласнікі падзеляцца гэтай інфармацыяй з аднагодкамі і ў наступным годзе жадаючых будзе яшчэ больш.

Збожжа збіраецца ў полі камбайнамі, потым завозіцца ў зернесушыльны комплекс. Пасля працэсу сушкі, які ў сярэднім займае 6—8 гадзін, зерне паступае на склад. У абавязкі школьнікаў, якія працуюць на зернятоку, уваходзіць збор рэшткаў збожжа пасля загрузкі, прыбіранне складскіх памяшканняў.

Па словах дырэктара СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” Арцёма Анціфеева, падлеткі з гэтай задачай спраўляюцца выдатна. Змена ў іх пачынаецца каля 9 гадзін і доўжыцца да абеду. Двое хлопцаў, якія дапамагаюць камбайнерам у палях, перш чым распачаць працу, прайшлі неабходны інструктаж. У іх абавязкі увахо­дзіць ачыстка камбайна ад раслінных рэшткаў, змазка вузлоў і агрэгатаў, дапамога ў рамонце тэхнікі, кантроль за стратамі збожжа пасля камбайна. Падчас уборачнай за дзень экіпаж асвойвае каля 20 га.

Яшчэ два старшакласнікі ў індывідуальным парадку працу­юць на ферме. Прычым юнакі працаўладкоўваюцца не ўпершыню. Мікіта Лісіца, напрыклад, працуе чацвёрты год запар. Калі папярэднія 3 гады ён працаваў летам на зернятоку, то ў гэтым годзе набіраецца працоўнага вопыту на ферме. Дарэчы, у сям’і, дзе падрастаюць 5 дзяцей, малодшы брат па прыкладзе старэйшага таксама ўладкаваўся працаваць, і зараз ён — памочнік камбайнера ў полі.

Кірыл Жданок ферму ведае як свае пяць пальцаў, бо з 6 гадоў бываў тут з бабуляй-даяркай і баць­камі-жывёлаводамі. Зараз вырашыў зарабіць грошай, каб самастойна купіць усё неабходнае да школы.

— Я з дзяцінства прывык летам працаваць. Сядзець без справы — гэта не маё. Працоўны дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы: накладваю кармы каровам, а калі іх гоняць на дойку, чышчу хлеў, — расказвае Кірыл.

Прымаючы школьнікаў на працу, дырэктары аграрных прадпрыемстваў разумеюць, як важна далучаць моладзь да працы, і лічаць, што лішніх рабочых рук не бывае.

— Працы ў гаспадарцы заўсёды хапае, — адзначае Арцём Анціфееў. — Папрацаваўшы некалькі тыдняў ці месяцаў, падлеткі бліжэй знаёмяцца з тым, з чаго складаецца працоўны працэс у гаспадарцы. Яны вучацца дысцыпліне і адказнасці, хутчэй сталеюць і хутчэй вызначаюцца з выбарам прафесіі. Многія, дарэчы, вырашаюць паступаць у сельскагаспадарчыя каледжы і УВА, бо бачаць сябе ў будучыні работнікамі аграпрамысловай сферы.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.