Ларыса Васільеўна Дзярновіч — настаўніца біялогіі, якая больш за 30 гадоў свайго жыцця аддала педагагічнай прафесіі, а з 1995 года штодзень пераступае парог сярэдняй школы № 180 Мінска. Многія яе вучні, якія даўно сталі дарослымі, да гэтага часу звяртаюцца да яе па параду і дапамогу, звяраюць свае справы і ўчынкі з яе меркаваннем. І гэта выдатна!

“Калі я працавала ў маленькай вясковай школе піянерважатай, мне было даручана падрыхтаваць дзяцей да раённага конкурсу па інсцэніраванні піянерскай песні. Працуючы з дзецьмі, я бачыла, як гараць іх вочы, адчувала іх зацікаўленасць у тым, што мы робім, і самае важнае — давер дзяцей да мяне, — кажа Ларыса Васільеўна. — Мой атрад перамог у тым конкурсе. Мы дабіліся поспеху. Вось так феерычна пачаўся мой педагагічны шлях”.
І вось ужо на працягу 30 гадоў гэты цудоўны педагог ідзе поплеч з дзецьмі, ведучы іх да перамог, радуючыся кожнаму іх поспеху. Выпускнікі школы з удзячнасцю ўспамінаюць урокі біялогіі, якія былі вельмі цікавымі, заўсёды змяшчалі самыя сучасныя навукова-тэарэтычныя звесткі па прадмеце. Невыпадкова многія вучні пасля школы паспяхова паступалі ў медыцынскія ВНУ, на біяфак, станавіліся ўрачамі, настаўнікамі і вельмі дастойнымі людзьмі.
За плячыма Ларысы Васільеўны яшчэ і больш за 25 гадоў класнага кіраўніцтва! Многія яе выпускнікі ўспамінаюць: “Ад яе шмат што залежала: наша паспяховасць, зацікаўленасць у вучобе, выхаванасць, развіццё такіх якасцей, як працавітасць, мэтанакіраванасць, упартасць. Яна нас вучыла працаваць, выкладвацца да канца, і потым мы са здзіўленнем высвятлялі, што можам зрабіць значна больш, чым меркавалі”.
Максіму Горкаму належаць словы пра тое, што ў душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны, і калі крануць іх умелай рукой, яны прыгожа загучаць. Гэтыя струны ўмее знаходзіць Ларыса Васільеўна ў кожным са сваіх вучняў. Яна аддае дзецям сваю душу і сэрца, не шкадуючы сіл і часу. Выдатны педагог, сапраўдны майстар сваёй справы, яна можа падрыхтаваць іх да самастойнага дарослага жыцця.
Яе прадмет можна назваць па-сапраўднаму займальным: яна ведае ўсё пра чалавечае цела, пра цвіценне раслін і пра ўпадабаныя месцы грыбоў. Яна можа адказаць на любое пытанне і расказаць шмат цікавых рэчаў.
З самых першых сваіх урокаў настаўніца імкнецца сфарміраваць і замацаваць цікавасць вучняў да ўрокаў біялогіі. Дэманструючы пазнавальныя доследы, праводзячы назіранні за раслінамі, працуючы з дзецьмі на прышкольным участку па азеляненні, арганізоўваючы тэматычныя экскурсіі ў батанічны сад, медыцынскі ўніверсітэт, на розныя экалагічныя выставы, Ларыса Васільеўна матывуе дзяцей на самастойную пазнавальную і даследчую дзейнасць. У сваёй рабоце ўсё часцей выкарыстоўвае нестандартныя формы навучання: біялагічныя фестывалі, урокі-сітуацыі, урокі-лабараторыі, урок — поле цудаў і г.д.
“Ларыса Васільеўна з задавальненнем асвойвае новыя тэхналогіі, каб зрабіць урокі яшчэ больш якаснымі і цікавымі”, — кажа дырэктар школы Наталля Уладзіміраўна Нарбунтовіч. — Напрыклад, выкарыстоўваючы інтэрактыўную панэль на ўроках, яна паказвае вучням прэзентацыі, ролікі, сюжэты перадач, фрагменты з фільмаў, а таксама з задавальненнем можа адправіцца з дзецьмі на віртуальную экскурсію па чалавечым арганізме. А гэта не так ужо і проста, бо патрабуе вялікіх затрат часу. Настаўніца дае вучням разнастайныя незвычайныя заданні і шукае індывідуальны падыход да кожнага з іх.
На працягу многіх гадоў Ларыса Васільеўна кіруе творчай лабараторыяй па азеляненні школы і прышкольнай тэрыторыі. І неабходна адзначыць, што робіць гэта даволі паспяхова! Неаднаразова работы Ларысы Васільеўны займалі высокія месцы ў конкурсе “Формула саду”.
Біялогія — яе жыццё, школа — яе дом! Менавіта дзякуючы сур’ёзнай і мэтанакіраванай рабоце Ларысы Васільеўны з высокаматываванымі дзецьмі, наша школа ганарыцца поспехамі ў алімпіядным руху. Штогод навучэнцы ўстановы становяцца пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”. Так, у 2018/2019 навучальным годзе заваяваны дыпломы ІІ і ІІІ ступеней на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды; у 2019/2020 навучальным годзе — два дыпломы І ступені, адзін дыплом ІІІ ступені на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды; дыплом ІІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды; у 2020/2021 навучальным годзе — дыплом ІІІ ступені на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”.
У 2020 годзе за плённую працу ў сістэме адукацыі Ларыса Васільеўна ўзнагароджана граматай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
Л.В.Дзярновіч — настаўніца маладога педагога Дар’і Аляксандраўны Казак. Менавіта навучэнка Дар’і Аляксандраўны стала ўладальніцай дыплома І ступені ў гарадскім конкурсе даследчых работ навучэнцаў. Нам ёсць кім ганарыцца, а ёй ёсць каго вучыць!
Марына АКУНЯВЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 180 Мінска.