Сям’я і школа павінны быць разам

Першы званок прагучаў учора для навучэнцаў новай сталічнай сярэдняй школы № 2, што размясцілася ў мікрараёне Сухарава на вуліцы Семянякі, 38. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця навучальнай установы прынялі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, старшыня Мінгарсавета Васіль Панасюк, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Сяргей Шкруднеў.

— Сёлета ў Беларусі сядуць за парты 1,03 мільёна школьнікаў, з іх 115 тысяч — першакласнікі, — адзначыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. — Моладзі ў краіне становіцца больш, і ўлады робяць усё, каб у навучэнцаў былі годныя ўмовы для вучобы. Асобна цёплыя словы хачу адрасаваць першакласнікам. Першы дзень за партай — знакавая падзея ў жыцці кожнага чалавека. Вы можаце быць упэўнены ў тым, што атрымаеце добрыя веды і ў вашым жыцці ўсё складзецца добра.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што сям’я і школа павінна аб’яднаць намаганні і вырашаць пытанні адукацыі і выхавання маладога пакалення разам. Гэта павінна даць сінергетычны эфект.

Прымаючы сімвалічны ключ ад будынка школы з рук галоўнага інжынера ААТ “Будтрэст № 1”, дырэктар новабудоўлі Аксана Кокарава адзначыла: “Мы атрымалі сёння школу, будынак якой вельмі прыгожы і сучасны, дзякуючы лю­дзям, якіх хвалююць лёсы нашых дзяцей, лёс вялікай і малой радзімы. Хочацца сказаць словы ўдзячнасці педагогам, якія на працягу некалькіх месяцаў працавалі, рыхтуючы школу да новага навучальнага года. Ваш талент, цярпенне і адказнасць паслужаць для развіцця паспяховай асобы грама­дзяніна нашай краіны. Дарагія першакласнікі, вы ўжо школьнікі! А школа — гэта і вясёлыя перапынкі, і добрыя настаўнікі, а таксама веды і адказнасць за школу, бацькоў, краіну. Жадаю вам сіл, энергіі і здароўя ў спасціжэнні ведаў! Паважаныя бацькі, мы пастараемся стварыць усе ўмовы, каб кожны дзень вашых дзяцей праходзіў тут з сэнсам і карысцю”.

Затым Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы. Хаця ўстанова разлічана на 1020 дзяцей, тут, у сучасных вучэбных кабінетах, у адну змену будуць вучыцца 1065 вучняў, з якіх 225 — першакласнікі (адкрыты 8 першых класаў). Установа адукацыі ўмоўна падзяляецца на некалькі блокаў. Яны пафарбаваны ў розныя колеры, што надае кожнаму індывідуальны і непаўторны каларыт. Так, блок пачатковай школы мае зялёны колер, блок старшай школы — бэзавы, а адміністрацыйны блок афарбаваны ў аранжавы колер.

Для бяспекі дзяцей прадугле­джана электронная прапускная сістэма і ўстаноўлена відэаназіранне. Створана безбар’ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці (прадугледжаны ліфт, пандус, спецыяльныя месцы ў актавай зале, вучэбных кабінетах і інш.). Добра аснашчаны, тэхнічна і інфармацыйна абсталяваны вучэбныя кабінеты, у прыватнасці, для асваення замежных моў — лінгафонныя, а для вывучэння інфарматыкі і праграмавання — класы інфармацыйных тэхналогій з адпаведным абсталяваннем. У кабінетах пачатковай школы ўстаноўлены скрыні-ячэйкі, якія дазволяць вучням захоўваць асабістыя рэчы, напрыклад, спартыўную форму або канцылярскія прылады. Звяртае на сябе ўвагу і іншая мэбля: акрамя вучэбных сталоў, ёсць канторкі, за якімі маленькім гарэзам можна займацца стоячы. У класах па выяўленчым мастацтве парта пераўтвараецца ў мальберт.

Для заняткаў спортам ёсць спартыўная гульнявая зала, дзе можна будзе пагуляць у баскетбол, валейбол і іншыя спартыўныя гульні, гімнастычная і трэнажорная залы з раздзявалкамі, хол-балкон спартыўнай залы з трыбунамі для гледачоў на 64 месцы, зала харэаграфіі і рытмікі. Уражваюць і два басейны: вялікая ванна (25 м у даўжыню і 4 дарожкі), разлічаная на 50 чалавек, і малая — для 25 навучэнцаў. На тэрыторыі навучальнай установы размясціўся вялікі спарткомплекс з вулічнымі трэнажорамі. Там і футбольнае поле з бегавымі дарожкамі, і хакейная каробка, па дзве валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі з сучасным пакрыццём. Ёсць куточак з вулічнымі трэнажорамі, зона для навучання правілам дарожнага руху.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Савіцкай, ва ўстанове будуць прапанаваны факультатыўныя заняткі, інтэлектуальныя, развіццёвыя гурткі, напрыклад, заняткі школы ментальнай арыфметыкі, бальныя танцы, работа спартыўных секцый па тэквандо, каратэ, плаванні, гімнастыцы і інш. Ды і калектыў педагогаў амаль ужо сфарміраваны. Ён уключае як вопытных са стажам настаўнікаў, так і зусім маладых.

Старшыня Савета Рэспублікі пагутарыў з педагогамі і вучнямі, уручыў кнігу “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку” з электронным DVD-дадаткам.

На думку Міхаіла Мясніковіча, тое, што бацькі ўдзельнічаюць ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, — гэта нармальна. “Самае галоўнае, каб гэты працэс быў зразумелым і празрыстым”, — лі­чыць старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.