Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі — адзін са стаўпоў, на якія абапіраецца працэс адукацыі, з гэтым не паспрачаешся. І задзейнічаны яны не толькі ў школах ды іншых навучальных установах, усё больш актыўна інавацыямі карыстаюцца спецыялісты па ахове дзяцінства. Так, гэтым педагогам неабходны пастаянны кантакт з замяшчальнымі бацькамі, якія нярэдка жывуць у аддаленых населеных пунктах. Выкарыстанне сучасных камп’ютарных тэхналогій тут не мае альтэрнатыў.
Адлегласць не перашкода
У мінулым навучальным годзе ў Беларусі стартаваў першы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сацыяльна-педагагічнай падтрымкі прыёмных бацькоў (бацькоў-выхавальнікаў) на аснове выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, які рэалізоўваецца ў сацыяльна-педагагічных установах. Піянерамі гэтага напрамку дзейнасці сталі СПЦ Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, Капыльскага раёна Міншчыны, Нясвіжскі раённы СПЦ, Рагачоўскі і Рэчыцкі сацыяльна-педагагічныя цэнтры Гомельскай вобласці.
— Мэта праекта — павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, іх выхаванцаў і педагогаў на аснове сучасных тэхналогій, — гаворыць метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна Фёдараўна Папаламава. — Вывучэнне вопыту работы сацыяльна-педагагічных устаноў, СППС устаноў адукацыі паказвае, што гэта неабходна для эфектыўнай дапамогі замяшчальным сем’ям, іх якаснага суправаджэння, арганізацыі сістэмнага ўзаемадзеяння ў ланцужку “СПЦ — сям’я — установа адукацыі”.
Вынікі першага этапу работы ў рамках інавацыйнага праекта нядаўна былі падведзены ў АПА на рэспубліканскім семінары-практыкуме. А яны, першыя вынікі, на думку ўдзельнікаў праекта, пацвярджаюць: эфектыўнасць узаемадзеяння павышаецца, як і прафесійны ўзровень замяшчальных бацькоў і педагогаў, адпаведна павышаецца ступень абароненасці інтарэсаў прыёмных дзяцей, узровень адукацыі сацыяльна адаптаванай асобы выхаванца.
— Удзельнікі праекта актыўна выкарыстоўваць у практыцы анлайн-кансультаванне, e-mail-рассылкі, воблачнае сховішча, інтэрактыўнае кіраўніцтва, электронныя кнігі, віртуальныя стэнды, — працягвае Г.Ф.Папаламава. — Усе, хто ўдзельнічае ў праекце, з дапамогай такіх тэхналогій актыўна абмяркоўваюць, выкарыстоўваюць, удасканальваюць методыкі, што распрацоўваюцца, дзеляцца педагагічным вопытам. У рамках адукацыйных парталаў сацыяльных сетак адбываецца навучанне ў фармаце “роўны вучыць роўнага”, “прыёмнае дзіця — бацькі” і наадварот. Дарэчы, праект “Укараненне мадэлі сацыяльна-педагагічнай падтрымкі прыёмных бацькоў (бацькоў-выхавальнікаў) на аснове выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” будзе рэалізоўвацца да 2020 года.
Тэхналогіі пошуку
Як жа ў штодзённай практыцы рэалізоўваюцца пастаўленыя задачы? Работу сваёй установы, напрыклад, прэзентавала Алена Уладзіміраўна Фёдарава, дырэктар СПЦ Мастоўскага раёна, у якім, між іншым, пражываюць 12 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваюцца 30 дзяцей, працуюць 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Спецыялісты цэнтра правялі анлайн-апытанне наконт таго, якая форма атрымання інфармацыі найбольш зручная для іх рэспандэнтаў. Большасць апытаных (60%) выказаліся за інтэрнэт-тэхналогіі.
Такія тэхналогіі былі, напрыклад, задзейнічаны ў раённых рэкламных кампаніях па пошуку замяшчальных бацькоў разам са звычайнымі метадамі работы. Гэта аб’явы аб вакансіях замяшчальных бацькоў, што распаўсюджваліся з дапамогай e-mail-рассылкі, аб’вы ў звычайным выглядзе, якія былі расклеены па тэрыторыі ўсяго раёна. На раённым радыё прагучала інтэрв’ю з адной з замяшчальных маці, яго запіс быў размешчаны на сайце СПЦ. Ва ўстановах адукацыі на бацькоўскіх сходах быў паказаны сацыяльны рэкламны ролік, яго таксама дэманстравалі на ВК-маніторы ў паштовым аддзяленні. Працяг такой работы — дзейнасць гарачай лініі з анлайн-кансультаваннем, іншыя мерапрыемствы.
Па выніках 9 месяцаў 2018 года ў адносінах да 24 736 дзяцей у 13 262 сем’ях прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Зняты з уліку ў сувязі са стабілізацыяй сітуацыі ў сям’і 15 413 дзяцей (73% ад агульнай колькасці дзяцей, знятых з уліку). Прызнана, што патрэбна дзяржаўная абарона ў адносінах да 2212 дзяцей, якія адабраны ў бацькоў і змешчаны на дзяржзабеспячэнне (11% ад агульнай колькасці дзяцей, у адносінах да якіх вялася работа на этапе сацыяльна небяспечнага становішча). Пазбаўлены бацькоўскіх правоў бацькі 815 дзяцей. Вернуты ў сем’і пасля адабрання і рэабілітацыйнай работы 1316 дзяцей (59% ад агульнай колькасці дзяцей, знятых з уліку тых, каму неабходна абарона дзяржавы). 112 дзяцей вярнуліся да бацькоў, якія ў судовым парадку аднавіліся ў сваіх правах па выхаванні і ўтрыманні дзяцей. 62,02 — працэнт аднаўлення расходаў, панесеных на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні.
А яшчэ тэхналогіі дапамаглі мастоўскім спецыялістам арганізаваць работу праблемнай групы замяшчальных бацькоў, у рабоце якой задзейнічаны самыя актыўныя і ініцыятыўныя бацькі, якія калектыўна шукаюць шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Вынік работы — стварэнне інфармацыйных прадуктаў: буклетаў, інтэрв’ю, памятак. Створаны таксама групы самападтрымкі.
Тут правялі і анлайн-конкурс замяшчальных сем’яў “Самая арыгінальная сямейная фатаграфія”. Канкурсанты накіроўвалі свае работы на электронную пошту СПЦ, галасаванне праходзіла ў рэжыме анлайн на сайце ўстановы.
Таксама Алена Уладзіміраўна расказала пра работу школы камп’ютарнай дасведчанасці, актуалізацыю інфармацыі на сайце СПЦ, які, між іншым, заняў 1-е месца ў 2-м раённым аглядзе-конкурсе “Лепшы сайт установы адукацыі” ў намінацыі “Лепшы сайт устаноў дадатковай і спецыяльнай адукацыі”. Ёсць у запасе ў мастоўскіх спецыялістаў і вопыт арганізацыі кансультацыйнага пункта “ІТ-сучаснасць” для спецыялістаў СППС устаноў адукацыі і замяшчальных бацькоў, і правядзенне псіхолага-педагагічных кансіліумаў па рэалізацыі планаў развіцця прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу праз воблачныя тэхналогіі і электронныя табліцы, і інтэрактыўны даведнік па стварэнні “Кнігі жыцця” выхаванцаў замяшчальных сем’яў. Электронная “Кніга жыцця” прыёмных сем’яў раёна размешчана і на сайце СПЦ.
Стварылі ў цэнтры таксама віртуальны стэнд “Падары шчаслівае дзяцінства!”, які ўяўляе сабой набор інтэрактыўных стыкераў са спасылкамі на вэб-старонкі з інфармацыяй аб формах сямейнага жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Акрамя таго, на стэндзе размешчаны рэкламны відэаролік і інтэрактыўныя карцінкі з пераходамі на відэатэку, медыятэку, публікацыі аб дзеючых замяшчальных сем’ях. А інтэрактыўны алгарытм дазваляе жадаючым візуалізаваць увесь шлях стварэння замяшчальнай сям’і.
На практыцы
У Нясвіжскага СПЦ свой вопыт удзелу ў праекце. У рэгіёне, дарэчы, дзейнічае дзіцячы дом сямейнага тыпу і 8 прыёмных сем’яў, прычым толькі адна з іх жыве ў райцэнтры, астатнія — у сельскай мясцовасці, некаторыя на значнай адлегласці ад горада, аўтобус у адну з вёсак ходзіць раз у дзень. Так што, зразумела, інфармацыйныя тэхналогіі, анлайн-зносіны мясцовым спецыялістам неабходны, а замяшчальныя бацькі з іх дапамогай могуць эканоміць час і грошы.
Нясвіжскія спецыялісты правялі апытанне замяшчальных бацькоў і высветлілі, што ім патрэбны спецыяльныя веды ў галіне педагогікі, псіхалогіі, фізіялогіі дзяцей, дапамога ў складаных сітуацыях і г.д. Акрамя таго, у дарослых ёсць юрыдычныя пытанні, што тычацца забеспячэння дзяцей жыллём і сацыяльнымі дапамогамі, гарантый пры паступленні ў навучальныя ўстановы, іншыя. А што, як не сучасныя сродкі сувязі, здольны забяспечыць бацькоў аператыўным кансультаваннем? З іншага боку, несвоечасовае вырашэнне праблемы можа ўскладніць яе.
На 1 кастрычніка бягучага года 37,29% (9322) дзяцей-сірот і дзяцей, які засталіся без апекі бацькоў, знаходзіліся пад дзяржаўнай апекай; 36,46% (9115) — у апякунскіх сем’ях; 17,2% (4299) — у прыёмных сем’ях; 7,36% (1841) — у дзіцячых дамах сямейнага тыпу; 1,69% (422) — у дзіцячых вёсках.
У 2011 годзе было зарэгістравана 4399 прыёмных сем’яў, у якіх знаходзіліся на выхаванні 6995 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З 2011 года на верасень 2018 года статыстыка паказала змяншэнне агульнай колькасці дзяцей сіроцкай катэгорыі на 5000 чалавек. Штогод скарачаецца колькасць прыёмных сем’яў, але расце колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Вось так асаблівасці раёна, месцы пражывання сем’яў, іх патрэбы літаральна вымушаюць выкарыстоўваць сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі.
У сацыяльна-педагагічным цэнтры стварылі картатэку практыкаванняў, трэнінгаў, анкет, якія выкарыстоўваюцца для работы з бацькамі, каталог іх электронных адрасоў. Спецыялісты выкарыстоўваюць анлайн-кансультаванне, e-mail-рассылкі, воблачнае сховішча, інтэрактыўны дапаможнік па стварэнні “Кнігі жыцця”. Створана Viber-група для рассылкі інфармацыі. Бацькі навучыліся з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў знаходзіць неабходную інфармацыю, атрымліваць анлайн-кансультацыі. Апошняя ажыццяўляецца з дапамогай сэрвісаў Jitsi Meet і ZOOM, электроннай пошты. Для больш зручнага і рацыянальнага падыходу да кансультавання створана табліца рэгістрацыі кансультацый на Google-дыску, адкрыты доступ для сумеснага рэдагавання.
Так, Jitsi Meet — сістэма інтэрнэт-тэлефаніі і імгненнага абмену паведамленнямі, праграма таксама дазваляе здзяйсняць відэазванкі і забяспечвае перадачу файлаў, ёсць магчымасць перадаваць выяву з манітора. Jitsi Meet не патрабуе ўстаноўкі праграм ці рэгістрацыі на якіх-небудзь сэрвісах, дастаткова звычайнага браўзера, таксама няма абмежаванняў па колькасці ўдзельнікаў чата.
А канферэнц-платформа ZOOM — сэрвіс для хостынгу і запісу відэаканферэнцый у фармаце высокай выразнасці. Платформа не толькі забяспечвае відэаканферэнц-сувязь, але і дазваляе весці яе запіс да 40 мінут, колькасць відэазапісаў не абмежавана. Сэрвіс у бясплатнай версіі забяспечвае відэасувязь з 50 удзельнікамі, але для гэтага трэба зарэгістравацца, атрымаць свой акаўнт.
Адначасова нясвіжцы не хаваюць таго, што спачатку былі і цяжкасці. Напрыклад, амаль ніхто з удзельнікаў праекта не ўмеў карыстацца магчымасцямі сеткі, перашкаджала нізкая прапускная здольнасць інтэрнэт-злучэння.
Такім чынам, спецыялістам з СПЦ — удзельнікам інавацыйнага праекта, якія сабраліся на семінар-практыкум у Мінску, было чым падзяліцца адно з адным. Скажам, у Рагачоўскім раёне выкарыстоўваюць такую форму работы, як сеткавая сустрэча, на якую запрашаюцца спецыялісты СППС устаноў адукацыі, дзе вучылася дзіця, дзе вучыцца зараз, спецыялісты СПЦ, прыёмныя бацькі, біялагічныя бацькі. А ў цэлым тут лічаць, што інавацыі дапамагаюць выбудоўваць індывідуальны профіль кожнага выхаванца прыёмнай сям’і, адсочваць і карэкціраваць дынаміку змен, тым самым больш якасна выконваць асноўную задачу — падрыхтоўку дзяцей да самастойнага жыцця, іх паспяховую сацыялізацыю.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.