Сям’я: збой сістэмы

Хто дапаможа наладзіць адносіны ў сям’і ў складанай жыццёвай сітуацыі?

“Мы разглядаем сям’ю як сістэму, — пачула я ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, — і калі сям’я аказалася ў складанай жыццёвай сітуацыі, дапамагаем наладзіць гэтую сістэму”. Складаныя ж сітуацыі бываюць розныя — ад пагрозы разводу да цяжкай хваробы або смерці аднаго з яе членаў. Тутэйшыя супрацоўнікі, часцей за ўсё разам з прадстаўнікамі іншых зацікаўленых ведамстваў (у тым ліку сістэмы Міністэрства адукацыі) і грамадскіх арганізацый, працуюць па многіх гэтых кірунках і розных праграмах.

На адным з семінараў цэнтра.

Дапамога сузалежным

Адзін з такіх праектаў — “Усё пачынаецца з сям’і” — накіраваны на комплекснае суправаджэнне сям’і, што выхоўвае дзіця, якое злоўжывае наркатычнымі або псіхаактыўнымі рэчывамі, на вырашэнне псіхалагічных і юрыдычных праблем дзеля пераадолення цяжкай жыццёвай сітуацыі і папярэджання сямейнай нядобранадзейнасці. Праект пачаты ў верасні 2017 года сумесна з грамадскай арганізацыяй “Маці су­праць наркотыкаў” і мясцовым фондам “Цэнтр здаровай моладзі”.

Кол-цэнтр існуе не так даўно, але запатрабаваны многімі.

Спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання тлумачаць ініцыятыву па рабоце з сузалежнымі тым, што, нягледзячы на магчымае супрацьстаянне бацькам, сям’я застаецца для дзіцяці, маладога чалавека значнай сферай жыцця. Праблема злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі глыбока закранае пачуцці і інтарэсы ўсіх членаў сям’і, уплывае на іх псіхаэмацыянальны стан, часта — вельмі значна.

 Найбольш эфектыўным відам работы, лічаць спецыялісты, з’яўляюцца яе актыўныя віды і спецыяльна арганізаваныя зносіны. А ў выніку рэалізацыі праекта вырашаецца цэлы шэраг задач, у тым ліку забеспячэнне міжведамаснага ўзаемадзеяння па комплексным суправаджэнні сузалежных членаў сем’яў, аказанне ім сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі, павышэнне псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і некаторыя іншыя.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 39, 9 красавіка.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з сайта Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей.