У гэтым вялікім доме на ўскраіне вёскі Траскоўшчына, што ў Мінскім раёне, я ўпершыню пабывала пад самы Новы год: прадстаўніца абласнога дзіцячага фонду прывезла падарункі малым у рамках акцыі “Нашы дзеці”, а мы, журналісты, акцыю асвятлялі. Атмасфера, адносіны ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Ніны Сямёнаўны Ярмаковіч спадабаліся адразу. Было зразумела, што васьмёра дзяцей, якія называюць Ніну Сямёнаўну мамай або мамачкай, адчуваюць сябе ў гэтым доме цалкам свабодна і спакойна, бо яны сапраўды дома. Да Сняжаны, Эльвіры, двух Дзімаў, Януша, Бажэны, Святланы і Сярожы, якіх зараз выхоўвае Ніна Сямёнаўна, нярэдка прыязджаюць выхаванцы, якім ужо споўнілася 18, але родным яны па-ранейшаму лічаць менавіта гэты дом у Траскоўшчыне. Прыязджаюць сюды на святы, у выхадныя дні, тэлефануюць. А зусім хутка тут, магчыма, з’явіцца яшчэ адзін выхаванец — Максіма павінны былі прывезці ў Траскоўшчыну для знаёмства з Н.С.Ярмаковіч і дзецьмі якраз на наступны дзень пасля майго візіту.
Работа — не турбота
Дзяцей, пазбаўленых апекі родных бацькоў, мая сённяшняя гераіня выхоўвае ўжо шмат гадоў. Ніна Сямёнаўна ўзгадвае, што, калі ёй прапанавалі ўзяцца за гэтую справу, доўга не раздумвала. “Быццам нейкая сіла мяне падштурхнула”, — кажа жанчына, якой хутка споўніцца 60. “Хаця ў душы мне 16”, — смяецца яна. І гэтаму верыш, калі глядзіш у яе маладыя вочы, бачыш, колькі ў ёй аптымізму і энергіі.
Ніна Сямёнаўна нарадзілася ў малдаўскім сяле Цынцарэны, што пад Кішынёвам. Там яна і замуж выйшла за беларуса Івана, які служыў у гэтых мясцінах, і дваіх дзяцей нарадзіла. Аказалася, праўда, што аднаму з сыноў не падыходзіць тамтэйшы клімат, таму пераехалі ў Беларусь, тут нарадзіўся трэці сын.
Па прафесіі мая гераіня — кухар, але ў Траскоўшчыне працавала даяркай.
— Мне гэтая прафесія вельмі падабалася, — расказвае Ніна Сямёнаўна, — я ёй ганаруся. Рана падымешся, ідзеш на работу — салаўі спяваюць, паветра свежае, а я яшчэ і па расе басанож хадзіць люблю. Я і Бажэну з Дзімам (яны брат і сястра) расой лячыла, бо да мяне яны трапілі вельмі хворымі. А што да работы, то я кароў люблю, тым больш працавала ў радзільным аддзяленні з цялятамі. Мне падабалася іх даглядаць, карміць. Ды і кожная карова своеасаблівая, кожная любіць пяшчоту. Я і перадавіком была, перамагала ў сацыялістычных спаборніцтвах. Пазней і муж, зваршчык, па стане здароўя перайшоў працаваць на ферму.
Муж Ніны Сямёнаўны пайшоў з жыцця 16 гадоў назад, атрымалася, што прыёмныя дзеці ў яе з’явіліся, калі жанчына засталася адна. Родныя сыны выраслі: старэйшыя Валера і Коля працавалі, малодшы Дзяніс служыў у арміі.
— Прыходзіць аднойчы да мяне заатэхнік Ірына Закрэўская, — узгадвае Н.С.Ярмаковіч, — і кажа: “Цётка Ніна, я была на сходзе, дзе выступала псіхолаг з Мінска, расказвала, што ёсць праграма па выхаванні прыёмных дзяцей. Мы з настаўнікамі падумалі, што ў нашай вёсцы толькі вы дзяцей зможаце ўзяць”. І дае мне нумар тэлефона. Я патэлефанавала, мяне запрасілі прыехаць, сказалі, што якраз ёсць дзяўчынка, якую трэба аддаць на выхаванне. Спачатку я, вядома, параілася з сынамі. Яны адразу сказалі: “Канечне, мама, бяры дзіця, ты ж заўсёды дзяўчынку хацела”.
Атрымалася так, што Ніна Сямёнаўна ўзяла адразу дзвюх дзяўчынак — шасцігадовую Лену і Бажэну, якой не было і трох гадоў. Пазней аказалася, што ў Бажэны ёсць маленькі брацік Дзіма, які знаходзіўся ў Доме малюткі ў Барысаве. Дзіўна, але Бажэна, якая ніколі не бачыла браціка, нават не ведала, што ён ёсць, прыехаўшы з Нінай Сямёнаўнай і Дзянісам у Барысаў, адразу пазнала яго ў Доме малюткі. Упэўнена падышла да Дзімы.
Лена, адна з першых выхаванак Н.С.Ярмаковіч, нядаўна выйшла замуж.
— Цяпер у нас кожны месяц свята, — радуецца Ніна Сямёнаўна. — Мы кожны месяц святкуем нейкую дату, вось 14 мая Янушу споўніцца 14 гадоў. У нас толькі красавік без сямейнага свята заставаўся, але вось Лена замуж у красавіку выйшла — значыць, будзем адзначаць дзень стварэння новай сям’і.
Акрамя дзён нараджэння, ёсць у гэтай сям’і (а інакш дзіцячы дом сямейнага тыпу Н.С.Ярмаковіч не назавеш) і іншыя святы. Тут абавязкова накрываюць сталы, запрашаюць гасцей на 1 верасня і напрыканцы навучальнага года. А яшчэ ў гэтым доме збіраюцца члены клуба “Дружная сям’я” — Ніна Сямёнаўна заахвоціла трох сваіх сябровак Алену, Валю і Ірыну і іх мужоў з Траскоўшчыны і суседніх Звянячаў стаць замяшчальнымі бацькамі. Вось і клуб узнік.
Вялікі дом
Так і жылі маці-выхавальніца з трыма дзяцьмі ў сваім доме, бо ў цяперашні катэдж яны ўжо ў пашыраным складзе пераехалі ў 2009 годзе.
— Я ніколі не выбірала дзяцей, не ставіла ніякіх умоў, каго я вазьму, каго не, — кажа Ніна Сямёнаўна. — Як гэта выбіраць? Я ж не каня купляю.
Таму, калі ёй прапанавалі ўзяць на выхаванне Кацю, якой патрэбна была аперацыя (як высветлілася пазней, нават не адна), жанчына адразу пагадзілася. Узяла Кацінага брата Сашу. Каця, дарэчы, сама ўжо маці, выйшла замуж, нарадзіла дачку і сына, а Саша хутка атрымае пасведчанне трактарыста, збіраецца вучыцца далей.
Пасля дваіх гэтых дзяцей да вялікай ужо сям’і далучыліся родныя браты Алег, Дзіма і сястра Насця. З імі на нейкім свяце ў сацыяльна-педагагічным цэнтры пазнаёмілася Бажэна. Сказала новым знаёмым так: “А вы папрасіцеся да нашай мамы, яна ўсіх забірае”. Насця і Алег ужо працуюць.
Потым у вялікі дом прывезлі Свету, якая зараз вучыцца ў Мінску, набывае прафесію цырульніка. Пасля яе — Эльвіру і Сняжану, крыху пазней — Януша, які раней выхоўваўся ў іншай прыёмнай сям’і, затым — Сярожу, які раней таксама жыў у замяшчальнай сям’і. У кожнага свая гісторыя, розныя шляхі, якія ў рэшце рэшт сабралі гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак у Траскоўшчыне, пад крылом Н.С.Ярмаковіч.
Як успамінае Ніна Сямёнаўна, яна спачатку “напалохала” Януша, сказаўшы, што дзеці ў яе сям’і даглядаюць жывёлу, дапамагаюць па доме. Цяпер Януш, як і іншыя выхаванцы Ніны Сямёнаўны, шмат чаго ўмее рабіць і ў доме, і ў двары. Камусьці больш падабаецца хатняя работа, хтосьці больш працуе на вуліцы. Гаспадарка, між іншым, тут вялікая: ёсць і парсючкі, і індыкі, і гусі, і качаняты, і карова па мянушцы Прынцэса. Зразумела, што малыя з дзіцячага дома сямейнага тыпу выйдуць у самастойнае жыццё, умеючы рабіць многае, не будуць бездапаможнымі ў бытавым плане, як гэта здараецца з дзецьмі з інтэрнатаў, для якіх гатуе, мые і г.д. абслуговы персанал установы.
Так, і маці, і дзеці памятаюць, з якім задавальненнем Януш сам упершыню зрабіў амлет і як з гордасцю частаваў ім усіх дамашніх. Хлопец доўгі час назіраў за тым, як гатуюць іншыя дзеці, і, нарэшце, наважыўся паспрабаваць сам. Усё атрымалася. А адзін з Дзімаў, напрыклад, варыць на ўсіх аўсяную кашу. Бажэна сярод сваіх кулінарных дасягненняў называе запяканку, макароны.
— Мне з імі няцяжка, — гаворыць, ні на хвілінку не задумаўшыся, Ніна Сямёнаўна. — Ды я і не адна, мне старэйшыя дзеці дапамагаюць — і родныя, і прыёмныя. Алег вось машыну купіў, возіць куды трэба, напрыклад, у магазін, бо прадуктаў купляем многа, сама не прынясу. Вы ведаеце, якія яны добрыя, мае дзеці? Бывае, канечне, хтосьці не паслухаецца, нешта не тое зробіць. Але ж гэта нармальна, такое з кожным дзіцем здараецца. А пабегаць, паскакаць усім хочацца — на тое яны і дзеці. Яны ж не ў казарме.
Добрых людзей нямала
Нядаўна да Ніны Сямёнаўны, яе выхаванцаў, суседскіх дзяцей і родных унукаў прыязджала госця з Ратамкі — трэнер Кацярына Барысенка, з якой Н.С.Ярмаковіч сёлета пазнаёмілася. Новая знаёмая прывезла на спецыяльным грузавіку пародзістага каня, на якім дзеці з задавальненнем каталіся. Уражанняў атрымалі столькі, што дагэтуль наперабой расказваюць, які гэта быў цудоўны дзень.
— А добрых людзей наогул куды больш, чым дрэнных, — заўважае Ніна Сямёнаўна. — Мне, ва ўсякім разе, часцей за ўсё добрыя сустракаюцца.
Да іх, безумоўна, адносяцца і мясцовыя педагогі. Зараз у школу, што ў вёсцы Чачкава, едзе немаленькі “дэсант” траскоўшчынскіх школьнікаў. Толькі з дому Ніны Сямёнаўны адпраўляюцца вучні ад 4 да 8 класаў уключна. У дзіцячы сад у Траскоўшчыне пакуль ходзяць толькі родныя сёстры — шасцігадовая Эльвіра і пяцігадовая Сняжана.
— Я калі ў першы клас пайшоў, вучыўся ў Алены Канстанцінаўны, — захліпаючыся расказвае адзін з Дзімаў. — Яна вунь там, у суседнім доме жыве. Я раней, калі не запісваў, што на дом задалі, бегаў да яе, пытаўся. Алена Канстанцінаўна мяне і на чай запрашала, і дадому са школы праводзіла.
Ніна Сямёнаўна тлумачыць, што ў садку дзяцей да школы вельмі добра падрыхтавалі, а працаваць з імі даводзілася шмат, некаторыя спачатку і гаварыць толкам не ўмелі. А Алена Канстанцінаўна, якую так добра ўспамінае Дзіма, — гэта настаўніца пачатковых класаў А.К.Хімарада (раней у Траскоўшчыне была свая пачатковая школа). Зараз яна працуе ў Наваселлі.
— Я і пра чачкаўскіх настаўнікаў шмат добрага магу сказаць, — працягвае Н.С.Ярмаковіч. — Я, бывае, занадта ўжо дзяцей шкадую, а настаўнікі мне нагадваюць, што і дысцыпліна патрэбна, заўсёды патэлефануюць, калі хто спозніцца ці дамашняе заданне не выканае.
Гэта, па словах маёй суразмоўніцы, Ірына Канстанцінаўна Ганчарык, класны кіраўнік Януша; Аксана Мечыславаўна Сокал, якая часта возіць школьнікаў у паездкі; Наталля Анатольеўна Мірончык, класны кіраўнік Дзімы; Ніна Сяргееўна Казачонак — яна ўжо на пенсіі, але выкладае, і дзеці яе вельмі паважаюць; Святлана Аляксандраўна Ярашэвіч, якая таксама пайшла на пенсію, але якую дагэтуль з вялікай удзячнасцю ўспамінае Бажэна, іншыя настаўнікі.
— Спачатку, скажу шчыра, у вёсцы некаторыя гаварылі, што не хочуць, каб іх дзеці і ўнукі сябравалі з маімі, прыёмнымі, — заўважае Ніна Сямёнаўна Ярмаковіч. — Але гэта, магчыма, ад няведання, ад таго, што нешта новае, нязвыклае з’явілася ў вёсцы. Цяпер вось унукі аднавяскоўцаў прыбягаюць да маіх дзяцей, завуць пагуляць на вуліцу. Да нас прыязджаюць іх школьныя сябры, бывае, і начаваць застаюцца. На святы да нас аднакласнікі маіх дзяцей любяць прыходзіць, асабліва калі мы шашлыкі на вуліцы гатуем. Добра ўсё.
Марына ХІДДЖАЗ.
Р.S. Напісаўшы гэты матэрыял, я патэлефанавала Ніне Сямёнаўне і даведалася, што хутка ў яе доме будзе жыць і Максім — хлопчык, пра якога я ўзгадвала ў пачатку матэрыялу. “Прыязджаў, яму тут спадабалася, учора ўжо разоў пяць ці шэсць тэлефанаваў нам, — расказала жанчына. — Нават папрасіў Алега прывезці частку яго рэчаў сюды, каб дакладна ўжо ведаць, што будзе хутка тут жыць”.
Фота аўтара.