Сямейная эстафета 

- 10:09Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

“Ганаруся, што мой род такі багаты на настаўнікаў. І ўсе яны людзі дзіўнай сціпласці, абаяння і сардэчнай дабрыні”. Наталля Чырыца, настаўніца адаптыўнай фізкультуры для асаблівых дзяцей сталічнай школы № 111, — прадстаўнік трэцяга пакалення педагагічнай дынастыі, гісторыя якой налічвае больш за 200 гадоў.

Шэршэ ля фам

Сям’я Майсеенкавых, якая па праве лічыцца пачынальнікам педагагічнай дынастыі, была незвычайная — у ёй нара­дзіліся ажно сем дзяўчынак. Тры з іх сталі настаўніцамі і працавалі ў вясковых школах Смаленшчыны.

— На жаль, дзвюх бабуль я не застала, у тым ліку роднай, якой не стала, калі мая мама была зусім маленькай. І бабуля Вера Мацвееўна гадавала яе як сваё кроўнае дзіця. Бабулі былі вельмі дружнымі і згуртаванымі — заўсёды дапамагалі адна адной, — успамінае Наталля Уладзіміраўна. 

Жыццё ў той час было няпростае, сёстрам давялося перажыць вайну, акупацыю. Старэйшую Наталлю, якая скончыла Маскоўскі педагагічны інстытут і 10 гадоў працавала настаўніцай хіміі ў вёсцы Уласава, адправілі ў эвакуацыю ў горад Кустанай. Там яна літаральна суткамі шыла адзенне для фронту. Яшчэ адна сястра, Вольга Мацвееўна, пасля вызвалення Смаленшчыны выкладала матэматыку. Вера Мацвееўна ж пасля вайны паступіла ў Смаленскі педагагічны каледж на факультэт пачатковага навучання. Потым — на філалагічны факультэт Смаленскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Паўстагоддзя працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школе ў вёсцы Караваева. У 1978 годзе стала выдатнікам народнай асветы РСФСР, у 1991-м атрымала ганаровае званне “Ветэран працы”.

— Была яшчэ бабуля, Варвара Мацвееўна. Яна выйшла замуж за ваеннага і жыла ў Маскве. Яе муж быў уласным вадзіцелем Леаніда Брэжнева. У дзяцінстве мы з сястрой часта бывалі ў Белакаменнай, нават хадзілі на крамлёўскія ёлкі. Адным словам, дзяцінства ў нас было шчаслівае, мы ні ў чым не мелі патрэбы — ні ў цацках, ні ў любові родных людзей. Упэўнена, прыклад нашых бабуль паўплываў на наша далейшае жыццё і на выбар прафесіі, — лічыць мая суразмоўніца. 

Другое пакаленне дынастыі — дочкі бабуль. Алена Віктараўна Афанасьева, якая з 1983 года і па сённяшні дзень з’яўляецца настаўніцай пачатковых класаў у школе ў вёсцы Уласава. Таісія Рыгораўна Проннікава, якая  пасля заканчэння дашкольнага факультэта Томскага педагагічнага вучылішча амаль 20 гадоў была загадчыцай дашкольнай установы ў горадзе Хімкі Маскоўскай вобласці і стала адным з аўтараў кнігі “Чарнобыль — боль наш зямны”. Не стала выключэннем і Ірына Уладзіміраўна Мануйлава — маці Наталлі Уладзіміраўны. Пасля Смаленскага педагагічнага інстытута працавала ў дашкольнай установе, а потым у сярэдняй школе 

№ 2 Смаленска, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Уладзімір Мікалаевіч — прафесійны футбаліст, чэмпіён СССР 1978 года ў складзе футбольнага клуба “Іскра”, трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, настаўнік фізічнай культуры. У гэтай сям’і і з’явіліся на свет прадстаўніцы трэцяга пакалення — Алена і Наталля Мануйлавы.

Татавы дочкі

— Тату зараз 71 год, ён працягвае зай­мацца спортам. Ён чалавек моцны духам. Атрымаўшы траўму пазваночніка, вярнуўся ў каманду і працягнуў гуляць у футбол. Менавіта ён прывіў нам з сястрой любоў да фізічнай культуры і спорту, — дзеліцца Наталля Уладзіміраўна. 

Алена сур’ёзна займалася канькабежным спортам, Наталля  — спачатку мастацкай гімнастыкай, потым дзюдо… Калі настаў час выбіраць прафесію, малодшая вырашыла пайсці па слядах бацькі і паступіла ў Смаленскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры на педагагічны факультэт. Мікалай Уладзіміравіч быў катэгарычна суп­раць, але змяніць нічога не змог. 

— Я доўгі час не прызнавалася, што з’яўляюся дачкой таго самага футбаліста Мануйлава, партрэт якога вісіць у музеі славы ўстановы. Скончыла інстытут выдатна, атрымала чырвоны дыплом. І толькі тады тата застаўся мной задаволены, — усміхаецца настаўніца. 

Дарэчы, старэйшая сястра далучылася да малодшай. Але спачатку скончыла медыцынскае вучылішча па спецыяльнас­ці “Аперацыйная медсястра”. Потым паступіла на завочнае аддзяленне на кафедру спартыўнай медыцыны. Дыпломы сёстры атрымалі ў 1999 годзе і далей пайшлі разам па жыцці. Старэйшая выйшла замуж і пераехала ў Бабруйск, Наталля рушыла следам. У беларускім раённым горадзе яны працаўладкаваліся ў адну школу  настаўнікамі фізічнай культуры. А калі Наталля выйшла замуж і пераехала ў Мінск, Алена таксама стала сталічным жыхаром. Сёстры скончылі дашкольны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і пачалі рухацца наперад. Кожная ў сваім тэмпе, адпаведна сваім мэтам і марам. Алена з цягам часу стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 8, потым вярнулася на пасаду кіраўніка фізічнага выхавання. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. А Наталля нечакана для сябе стала настаўніцай адаптыўнай фізкультуры для асаблівых дзяцей у сталічнай школе № 111. 

Школа на ўсё жыццё 

— Калі пераехала ў Мінск, пэўны час працавала ў дзіцячым садзе, таму што не было вакансій настаўніка фізкультуры ў школе. І мне так спадабалася займацца з маленькімі дзеткамі! І сын быў побач. Называў мяне заўсёды Наталля Уладзіміраўна. (Усміхаецца.) Потым быў іншы сад, дзе мяне назначылі намеснікам загадчыка. Я ўжо не думала, што вярнуся ў школу, — разважае настаўніца. 

Сярэдняя школа № 111 была блізка ад дому, і сяброўка, якая там працавала, параіла зайсці, удакладніць, ці ёсць вакансіі. Вакансія была — настаўніка адаптыўнай фізкультуры. Наталля Ула­дзіміраўна атрымала станоўчы адказ, аднак сёння шчыра прызнаецца, што тады дакладна не разумела, якая праца яе чакае. Потым высветлілася, што заняткі з дзецьмі давядзецца праводзіць у сенсорным пакоі, дзе быў невялікі спартыўны куток. Шведская сценка, гімнастычныя палкі, некалькі мячоў — вось і ўсё абсталяванне. Хіба гэтым дапаможаш дзецям з ДЦП? Ды яшчэ прыйшлося дзяліць пакой з настаўнікамі-дэфектолагамі. А калі пазнаёмілася са сваімі вучнямі — дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, вельмі расперажывалася, нават ­спаць не магла.

— Усе дзеткі былі з захаваным інтэлектам, хто ў інваліднай калясцы, хто на мыліцах. Толькі адна дзяўчынка з затрымкай інтэлектуальнага развіцця. На першых занятках яна мяне і кусала, і шчыпала. Потым мы з ёй паладзілі. Мне таксама спатрэбіўся час, каб прывыкнуць да дзетак. Прызнаюся, глядзела на іх і ў мяне ўсё балела. Дома плакала, месца сабе не знахо­дзіла. Муж паставіў ультыматум: ці ты працуеш, ці звальняйся. Я змагла ўзяць сябе ў рукі, супакоілася і зразумела, што павінна рабіць, — расказала мая суразмоўніца. 

Крок за крокам, дзякуючы падтрымцы адміністрацыі школы, настаўніца зрабіла немагчымае. Мала таго, што ў школе ў 2017 годзе з’явілася асобная прасторная зала для заняткаў адаптыўнай фізкультурай, у мінулым годзе пачаў працаваць яшчэ адзін кабінет, абсталяваны яе аўтарскімі распрацоўкамі па развіцці дробнай маторыкі і сенсорных здольнасцей, а школа стала пляцоўкай рэспубліканскага ўзроўню па кірунку “Інтэграванае навучанне і выхаванне“. Некалькі разоў на месяц Наталля Уладзіміраўна дзеліцца вопытам і дасягненнямі са сваімі калегамі з іншых школ краіны. 

Наталля Чырыца  стала лаўрэатам гарадскога конкурсу “Жанчына года — 2018” у намінацыі “Актыўная жыццёвая пазіцыя”. Двойчы атрымлівала грант Мінгарвыканкама за распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта па спецыяльнасці “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”.
У 2020 годзе — пераможца рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Фармацыя, медыцына, медыцынская тэхніка”.
У 2021 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Мінгарвыканкам таксама не застаўся ўбаку — зрабіў шыкоўны падарунак школе: дарагія сучасныя трэнажоры і антывандальны комплекс, які размясціўся побач са школьным стадыёнам. 

— Я тут прырасла сэрцам і душой. Колькі разоў былі прапановы пайсці на павышэнне, але я адмаўлялася. Без гэтых дзяцей не ўяўляю свайго жыцця. Жаданне дапамагчы ім натхняе мяне на новыя ідэі, новыя дзеянні, — гаворыць Наталля Ула­дзіміраўна.

Менавіта гэта і падштурхнула яе зрабіць сур’ёзны крок і атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю. 

— Атрымалася ўсё выпадкова. Аднойчы, прыехаўшы да бацькоў у Смаленск, зазірнула ў родны інстытут, які стаў акадэміяй, даведалася, што на кафедры спартыўнай медыцыны і біямеханікі ёсць спецыяльнасць “Адаптыўная фізкультура з асобамі з адхіленнямі фізічнага здароўя”. Не раздумваючы падала дакументы і ў 40 гадоў атрымала трэці дыплом аб вышэйшай адукацыі, — з усмешкай расказвае Наталля Уладзіміраўна. 

Яна запісвае на тэлефон відэа сваіх заняткаў з дзецьмі. Потым дзесяць разоў яго глядзіць, каб заўважыць свае памылкі і выправіць іх. Наталля Уладзіміраўна ўпэўнена: які б ні быў стаж работы, заўсёды ёсць куды расці і развівацца. 

Класная маці

Пляменніца Наталлі Уладзіміраўны амаль 4 гады назад стала яе калегай. Ірына Мікалаеўна Кулік — настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 111.

— Гэта, відаць, мой лёс, — гаворыць маладая настаўніца. — Былі думкі пайсці па слядах бацькі — ён ваенны, але здароўе не дазволіла. Скончыла педагагічны ўніверсітэт, потым атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. Думала, знайду сябе ў гэтай сферы, але душа паклікала ў школу.

Нягледзячы на невялікі вопыт работы, Ірына Мікалаеўна ведае, як пазбег­нуць эмацыянальнага выгарання і якія рысы характару дапамагаюць настаўніку выкон­ваць свае абавязкі прафесійна.

— Мой тэмперамент не дазволіць мне спыніцца перад цяжкасцямі, я вельмі актыўны чалавек. Правесці выхадны дзень на канапе — гэта не пра мяне. Да таго ж мяне напаўняе дзіцячая любоў і шчы­расць. Прыемна ведаць, што вучні раўняюцца на цябе, у нас атрымліваецца наладзіць даверлівыя адносіны. Са свайго боку імкнуся стварыць у класе бесканфліктную атмасферу, зразумець, выслухаць і пачуць не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Калі настаўніку падабаецца яго прафесія і ён адданы ёй, людзі гэта адразу адчуваюць, — упэўнена Ірына Мікалаеўна.

Наталля Уладзіміраўна спадзяецца, што педагагічная дынастыя будзе мець працяг. І хаця яе сын вырашыў стаць журналіс­там, ёсць яшчэ дачка. Ёй усяго 13 гадоў, яна таленавіты музыкант, іграе  на саксафоне, з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. 

— Яна марыць паступіць у каледж імя Гнесіных у Маскве. А там такі вялізны конкурс! — дзеліцца Наталля Уладзіміраўна. — У Беларусі ж яна мае магчы­масць быць залічанай нават без экзаменаў. Спа­дзяюся, што яе мара ажыццявіцца, яна атрымае спецыяльнасць “Артыст. Дырыжор аркестраў і ансамбляў. Педагог па класе саксафон”. І, магчыма, стане дастойным прадстаўніком нашай дынастыі. 

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.