Сямейная педагогіка Кузьміных

Дырэктар сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Брэсцкай вобласці Алег Аляксеевіч Кузьмін з гонарам працягвае справу сваіх бацькоў. У свой час іх выбарам таксама быў няпросты і адказны шлях педагогаў, а затым і кіраўнікоў установы адукацыі. Прадстаўнікоў розных пакаленняў гэтай дружнай сям’і яшчэ больш з’ядналі агульная прафесія, любоў да школы і дзяцей.

Настаўніцкі дуэт бацькоў

Алег Аляксеевіч дзявяты год узначальвае івацэвіцкую сярэднюю школу № 3. І зараз як ніколі ён разумее, наколькі няпроста было баць­кам у свой час сумяшчаць адказную працу, выхаванне траіх дзяцей ды яшчэ клопаты па гаспадарцы. Зараз, калі мама ці тата пытаюць пра справы ў сына-дырэктара, той часта з усмешкай гаворыць у адказ: “Успомніце сябе сорак гадоў назад. Час прайшоў, але мала што змянілася ў галоўным: важна нічога не ўпусціць, знайсці падыход да педагогаў, вучняў і іх бацькоў…”

Заснавальнік сямейнай педагагічнай дынастыі — тата Аляксей Іванавіч Кузьмін. Ён нарадзіўся ў 1945 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Гічыцы Івацэвіцкага раёна. Скончыў сярэднюю школу № 1 у Івацэвічах. Затым па накіраванні райкама камсамола год працаваў піянерважатым у Малецкай школе-інтэрнаце Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэты вопыт і вызначыў прафесійны выбар. У 1964 годзе Аляксей Іванавіч паступіў у Брэсцкі педуніверсітэт імя А.С.Пушкіна на факультэт хіміі і біялогіі. Падчас вучобы год адслужыў у радах Узброеных Сіл. Нарэшце атрымаўшы дыплом, з радасцю вярнуўся на сваю малую радзіму ў Гічыцкую школу ў якасці настаўніка хіміі і біялогіі. Пазней быў насмеснікам дырэктара і на працягу некалькіх гадоў узначальваў гэтую ўстанову адукацыі.

Педагагічны стаж Аляксея Іванавіча — 36 гадоў. За гэты час у яго скарбонцы сабралася шмат важных, дарагіх яго сэрцу ўзнагарод. У іх ліку і медаль “Ветэран працы”, і знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, і ганаровыя граматы раённага і абласнога ўзроўняў… Неаднаразова А.І.Кузьміна выбіралі дэпутатам Яглевіцкага сельскага Савета народных дэпутатаў. З 1973 па 1984 год ён быў яшчэ і старшынёй гэтага сельсавета. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але яго жыццёвая пазіцыя па-ранейшаму актыўная, без справы сядзець не можа, з задавальненнем займаецца пчалярствам.

Жонка Аляксея Іванавіча заўсёды была побач з мужам, выдатна разумела ўсе радасці і цяжкасці настаўніцкага шляху, бо таксама выб­рала яго для сябе. Людміла Леанідаўна Кузьміна родам з вёскі Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Спачатку лёс прывёў яе ў школу не ў ролі педагога. Так склалася, што год яна працавала справаводам у сярэдняй школе № 1 Іванава. Тады і прыняла лёсавызначальнае рашэнне і неўзабаве адправілася на вучобу ў Пінскі педагагічны клас для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў. Удзельнічала ў розных конкурсах, была вельмі актыўнай і стараннай навучэнкай. Калі паступіла прапанова завочна працягнуць навучанне ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна, вырашыла не ўпусціць гэтую магчымасць. Каштоўнасць адукацыі, ведаў для яе ўжо тады была бясспрэчнай. Паспяхова здала экзамены і стала студэнткай-завочніцай філалагічнага факультэта, які скончыла ў 1970 годзе.

Людміла Леанідаўна пачынала свой педагагічны шлях на радзіме, у Іванаўскім раёне. У Ападышчанскай васьмігадовай школе за сем гадоў паспела папрацаваць не толькі настаўніцай рускай мовы і літаратуры, але і намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У 1972 годзе пераехала ў Івацэвіцкі раён па месцы жыхарства мужа. Спачатку выкладала ў Гічыцкай васьмігадовай школе, пазней шэсць гадоў узначальвала гэтую ўстанову адукацыі. У 1984 годзе была пераведзена ў суседнюю Яглевіцкую васьмігадовую школу намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Педагагічны стаж Людмілы Леанідаўны — 38 гадоў. За поспехі ў навучанні і выхаванні яна таксама атрымала шмат узнагарод, але для яе галоўная з іх — павага і цёплыя адносіны з былымі вучнямі і іх сваякамі.

Добры прыклад дзецям

Аляксей Іванавіч і Людміла Леанідаўна Кузьміны выхавалі траіх дзяцей. Двое з іх па прыкладзе бацькоў звязалі сваё жыццё з педагогікай. Для дачкі Вольгі Аляксееўны сям’я заўсёды была гордасцю і апорай. Ёй не прыйшлося доўга шукаць сваё прызванне, бо тата і мама з дзіцячых гадоў перадавалі ёй любоў да сваёй працы, цікавасць да школы, у якой ніколі не бывае сумна ці аднастайна. Хацелася па прыкладзе бацькоў дапамагаць дзецям здабываць веды, развівацца, спраўляцца з цяжкасцямі…

Пасля заканчэння дзевяці класаў Вольга паступіла ў Баранавіцкае педагагічнае вучылішча на аддзяленне “Беларуская мова, літаратура і пачатковыя класы”. Пасля працягнула адукацыю ў Брэсцкім педагагічным універсітэце імя А.С.Пушкіна, дзе атрымала кваліфікацыю “настаўнік беларускай мовы і літаратуры”. Пачала педагагічную дзейнасць у сярэдняй школе № 4 Івацэвіч, дзе працавала педагогам-арганізатарам і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Аднак увесь гэты час не пакідала цікавасць яшчэ і да англійскай мовы, якая заўсёды была адным з любімых прадметаў. Прыняла смелае рашэнне працягнуць сваю адукацыю, бо, дзякуючы бацькам, цяжкасцей ніколі не баялася. У выніку атрымала другую вышэйшую адукацыю і яшчэ адну кваліфікацыю — “настаўнік англійскай мовы”. Гэта дапамагло канчаткова знайсці сваю нішу ў галіне адукацыі. Вольга Аляксееўна ўжо 25 гадоў працуе на адным месцы, у івацэвіцкай сярэдняй школе № 4, дзе апошнія 15 гадоў выкладае англійскую мову. Як і вучылі баць­кі, у кожным вучні яна бачыць асобу са сваім непаўторным унутраным светам, сваімі талентамі і марамі, перажываннямі і праблемамі. Заўсёды стараецца зрабіць так, каб вучань зацікавіўся яе прадметам і вучыўся з задавальненнем. Пад кіраўніцтвам Вольгі Аляксееўны школьнікі захапіліся даследчай дзейнасцю, прымаюць удзел у разнастайных конкурсах і алімпіядах, дзе займаюць прызавыя месцы. Радуе і тое, што яе выхаванцы паступаюць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Для сына Кузьміных Алега Аляксеевіча нас­таўніцкі шлях таксама быў лагічным выбарам, тым кірункам, дзе ён бачыў прымяненне сваім уменням.

— Калі сваякі, дарагія табе людзі прысвяцілі сваё жыццё педагогіцы, ты спачатку непрыметна ўбіраеш у сябе іх адносіны, майстэрства… А затым аднойчы прыходзіць разуменне неабходнасці звязаць жыццё з гэтай прафесіяй. Цікава, што з кожным годам усё больш пераконваешся: выбар правільны, і ты на сваім месцы, — дзеліцца асабістым А.А.Кузьмін.
Алег Аляксеевіч скончыў Гічыцкую школу, дзе працавалі бацькі. Сёння прыгадвае: заўсёды адчуваў сябе нібы “пад мікраскопам”, за рэдкія чацвёркі было няёмка, а невялікія свавольніцтвы абавязкова заканчваліся тлумачэннямі, што яму “павінна быць сорамна ўдвая”… Такая павышаная адказнасць стала добрым урокам: усе ўчынкі маюць наступствы і мо­гуць як парадаваць родных, так і прынесці ім непрыемнасці. З дзяцінства ён прывык і да шматзадачнасці, і да працы, за што таксама вельмі ўдзячны бацькам. Вярнуўшыся са школы, хлопцу трэба было вывучыць урокі, абавязкова дапамагчы па гаспадарцы, тым больш што тата і мама часта затрымліваліся на працы. Пасля ж, паколькі ён быў адказным у класе за дапамогу ў падрыхтоўцы дамашняга задання, прыходзіў на выручку аднакласнікам, у якіх узнікалі праб­лемы. Можна сказаць, гэта і былі яго першыя спробы выступіць у ролі настаўніка, хаця думак аб гэтым у той час яшчэ не было.

У 1987 годзе пасля заканчэня школы Алег Аляксеевіч паступіў на аддзяленне пачатковых класаў і піянерважатых у Баранавіцкае педвучылішча. Пасля яго заканчэння быў накіраваны настаўнікам пачатковых класаў у Вулька-Аброўскую сярэднюю школу. Пачынаць працаваць было складана, не ўсё адразу атрымлівалася. Але цяжкасці не палохалі, і рукі ніколі не апускаліся. Дапамагалі маладосць і аптымізм, а найперш адчуванне радасці ад таго, што займаешся любімай і важнай справай.

Пасля службы ў арміі Алег Аляксеевіч вырашыў рэалізаваць свой намер аб атрыманні вышэйшай адукацыі. Паступіў на філалагічны факультэт Брэсц­кага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, які смела можна назваць яшчэ і сямейнай ВНУ Кузьміных. Вучыўся завочна і адначасова працаваў настаўнікам спачатку пачатковых класаў, а потым беларускай мовы і літаратуры ў Яглевіцкай сярэдняй школе. З 2007 па 2012 год узначальваў гэтую ўстанову адукацыі. Затым стаў дырэктарам сярэдняй школы № 3 Івацэвіч.

Школа — тэрыторыя жыцця

Алег Аляксеевіч Кузьмін у сферы адукацыі працуе ужо 28 гадоў. Школа — месца, з якім цесна звязана ўсё яго жыццё, і адна з галоўных і любімых тэм у сям’і. Ва ўстанове адукацыі, якую ўзначальвае А.А.Кузьмін, сярод дзяцей ёсць тыя, бацькоў ці бабуль і дзядуляў якіх вучылі яшчэ яго тата і мама. Безумоўна, прыемна чуць словы падзякі ад ужо дарослых людзей.

— Бацькі хоць і пайшлі на заслужаны адпачынак, але па-ранейшаму трымаюць руку на пульсе, — расказвае А.А.Кузьмін. — Час­та тата тэлефануе зранку і кажа: “Пра тваю школу ці вучаніцу ў раёнцы напісалі, пагля­дзі”. Ці раіць: “Учора бачыў свежы нумар “Настаўніцкай газеты”, будзеш чытаць, звярні ўвагу на тую ці іншую старонку, там якраз тое, што табе можа быць асабліва актуальна”…

Пагаварыць з бацькамі пра школу, параўнаць нейкія сітуацыі Алег Аляксеевіч любіць. Асабліва падабаецца бачыць, як адразу ажыўляюцца вочы таты і мамы, а як жа інакш: ім цікава ўсё, што тычыцца гэтай тэмы. Аднак сын даўно прытрымліваецца жалезнага правіла: расказваць выключна пра цікавае, яркае, добрае і пакідаць свае праблемы для сябе. Бацькі прымаюць кожную сітуацыю вельмі блізка да сэрца, па начах не спяць, абдумваюць, што лепш зрабіць у пэўнай сітуацыі. Што ж, як кажуць, былых педагогаў не бывае.

Алег Аляксеевіч любіць не толькі расказваць пра змены ў школе, да якой прыкіпеў душой, але і паказваць. Калі прыязджае да баць­коў у вёску, уключае ім перадачы школьнага тэлебачання ці радыё, паказвае, што новага з’явілася на сайце. Алег Аляксеевіч стараецца нічога не ўпусціць, каб у школьнікаў былі ўсе магчымасці вучыцца і развівацца, знаходзіць сваё прызначэнне.

— У нас паспяхова працуе школьнае лясніцтва, — расказвае пра школу А.А.Кузь­мін. — І вынікам працы ў гэтым кірунку становіцца тое, што некаторыя вучні не толькі атрымліваюць карысныя навыкі, але і вызначаюцца з будучай прафесіяй. Прававыя і мастацкія класы таксама дапамагаюць нашым дзецям знай­сці сябе. Сёлета некалькі адзінаццацікласніц упэўнена сказалі, што хочуць стаць ваеннымі. Мяне радуе, што ў дзяўчат ёсць канкрэтныя мэты! А не было б прававога класа, магчыма, яны б і не задумаліся аб гэтай сферы. Таму лічу неабходным даць магчымасць вучням паспраба­ваць сябе ў самых розных справах — чаму б не прымераць ваенную форму ці не паспрабаваць сябе ў ролі мастака…

Прыносіць плён супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой у рамках праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці вучняў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”. Многія дзеці з цікавасцю наведваюць факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”, аб’яднанні па інтарэсах “Праваслаўнае краязнаўства”. Дзякуючы супрацоўніцтву з Праваслаўнай царквой, традыцыйнымі сталі як школьныя мерапрыемствы, прысвечаныя галоўным праваслаўным святам, так і свята “Святло Віфлеемскай зоркі”, якое ладзіцца Івацэвіцкім благачыннем у мясцовым Доме культуры. Гледачы заўсёды з нецярпеннем чакаюць прыгожае, кранальнае выступленне, якое нікога не пакідае абыякавым.

У цэнтры ўвагі і фарміраванне экалагічнай культуры праз рэалізацыю інавацый. Акрамя таго, створаны школьны медыяцэнтр, у які ўваходзяць тэлебачанне, радыё і газета. Ёсць і свой YouTube-канал. Словам, калектыў школы на чале з ініцыятыўным дырэктарам знаходзіцца ў пастаянным пошуку таго карыснага і цікавага, што можна прапана­ваць дзецям.
— Школа закладвае важную аснову ў жыцці кожнага, — гаворыць Алег Аляксеевіч Кузьмін. — Я і сам часта ўспамінаю свае залатыя школьныя гады, настаўнікаў, якім сёння вельмі ўдзячны за веды, мудрасць, каштоўныя парады і правільныя жыццёвыя арыенціры. А яшчэ з цікавасцю назіраю за сённяшнімі педагогамі. Бывае, што пры сустрэчы чалавек доўга гаворыць пра цяжкасці, напружанне. Аднак ты слухаеш яго і разумееш: ён ніколі не сыдзе з гэтай прафесіі, бо ўсёй душой адданы сваёй справе і вучням.

Адметна, што сярод сваякоў Кузьміных, калі іх далучыць да дынастыі, налічыцца больш за 30 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі, жыццё якіх таксама звязана са сферай адукацыі. Іх агульны стаж складае больш за 800 гадоў!

Таццяна ШЫМКО.