Сямейны фотаальбом

- 13:43Сацыяльны ракурс, Соцыум

У кожнай сям’і захоўваюцца фотаальбомы. На чорна­белых, пажаўцелых ад часу здымках — партрэты нашых продкаў, імгненні жыцця мінулых пакаленняў.

Дзякуючы смартфонам, мы ў любы час можам хуценька пагартаць галерэю фота­здымкаў. А калісьці прагляд фатаграфій, іх аб­меркаванне былі сапраўдным рытуалам, неад’емнай часткай сямейных сустрэч. Хаця чаму калісьці? І сёння, хоць ужо і не так часта, мы дастаём сямейныя альбомы. Са старых фотакартак на нас гля­дзяць дзяды і прадзеды, бабулі і прабабулі — тыя, пра каго ў нашых сэрцах захоўваюцца самыя цёп­лыя ўспаміны.

З асаблівым пачуццём бяром фотаздымкі ваеннага часу, каб чарговы раз уважліва разглядзець кожную дэталь салдацкай формы дзядулі, кожную рысу твару яшчэ маладой бабулі. Мы глядзім на знаёмыя твары — і ў думках узнікаюць вобразы мінулага, узгадваем аповеды старэйшых ро­дзічаў пра вайну… Іх словы потым пераказваем сваім дзецям, тым самым захоўваем гістарычную памяць.

Вялікая Айчынная вайна стала трагедыяй для ўсяго беларускага народа, у тым ліку для сям’і Сцефаніды Іванаўны Макарэвіч, бабулі настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Навагрудка Надзеі Вайцехаўны Аўсянай. Сцефані­да Іванаўна пражывала ў вёсцы Моладава Карэліцкага раёна. У 1942 годзе немцы ўварваліся ў вёску і дзяўчыну, якой толькі споўнілася 18 гадоў, ра­зам з малодшай сястрой Вольгай гвалтоўна накіравалі ў Наваельню. Там быў зборны пункт, з якога вяскоўцаў адпраўлялі ў Аўстрыю на прымусовыя работы.

Сцефаніда Іванаўна знаходзілася ў канцлагеры, дзе людзей марылі голадам. У выпадку парушэння дысцыпліны або спробе ўцёкаў, адразу ж расстрэльвалі. Палонныя чырвонаармейцы хадзілі толькі ў салдацкай форме. На верхнім адзенні абавязкова быў адметны знак SU. Сцефаніда Іванаўна не любіла расказ­ваць пра вайну. Калі ўнукі прасілі ўзга­даць што-небудзь цікавае, яна адказвала: “На вайне нічога цікавага не было. Вайна — самае страшнае, што толькі можа быць”. Як здараліся жыццёвыя цяжкасці, заўсёды гаварыла: “Галоўнае — няма вайны, а ўсё астатняе — дробязі”.

У 1945 годзе савецкія войскі вызвалілі канц­лагер, і яго былыя вязні вярнуліся на Радзіму. Ужо ў мірны час Сцефаніда Іванаўна была ўзнагаро­джана нагрудным знакам “Вязень нацызму”, медалём “Ветэран працы”, а ў 1956 годзе нават была запрошана на ВДНГ у Маскву. Усе гэтыя ўзнагароды сёння беражліва захоўваюцца ў сям’і На­дзеі Вайцехаўны.

— Хоць бабуля асабліва і не любіла гава­рыць пра вайну, але пра тыя часы мімаходзь узгадвала ў штодзённых справах. Напрыклад, калі нешта мы рабілі не так, яна гаварыла: “А вось на вайне…” У школьныя гады я заўсёды праводзіла летнія канікулы ў бабулі. Для мяне яна была прыкладам працавітасці, жыццёвага аптымізму. Калі памёр дзядуля, яна сама і траву касіла, і дровы калола, і трымала вялікую гаспадарку: конь, карова, свінні, куры. Мы, канечне, дапамагалі, але яна старалася ўсё рабіць сама.

А яшчэ бабуля была вельмі клапатлівая. Калі ў дом прыходзілі мае сябры, то абавязкова напячэ гару бліноў, насмажыць цэлую патэльню сала з яйкамі і пакуль усіх не накорміць, то на двор не адпусціць. Гэта яна, дарэчы, навучыла мяне пячы бліны, а яшчэ сярпом жаць, правільна трымаць касу і сякеру. Яна нам, унукам, многае дазваляла.

Напрыклад, мы захацелі выкапаць на дварэ басейн. Дзед адразу супраць, а яна дазволіла. У яе было цяжкае дзяцінства, таму яна старалася, каб ва ўнукаў яно было шчаслівым. Мы заўсёды цанілі гэты клопат. Таму, калі ўжо ў старасці бабуля нас не пазнавала, магла нават выгнаць з дому, думаючы, што мы чужыя людзі, на яе не крыўдавалі, ведаючы, што ёй давялося перажыць у маладыя гады, — паведаміла ­Надзея Вайцехаўна.

У сям’і настаўніцы англійскай мовы Святланы Фёдараўны Саракапыт захоўваецца шмат ваенных фотаздымкаў свёкра Івана Васільевіча Саракапыта. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі ён быў сувязным партызанскага атрада, а пасля вызвалення роднай Навагрудчыны ваяваў артылерыстам, удзельнічаў у аперацыі “Баграціён”, з баямі прайшоў Польшчу, браў Берлін.

Фотаздымкі Івана Васільевіча, яго баявыя і працоўныя ўзнага­роды — сапраўдныя сямейныя рэліквіі. І хоць Івана Васільевіча ўжо 12 гадоў няма побач, пра ­свайго дзядулю (так ласкава называюць яго і дзеці, і ўнукі, і праўнукі) часта ўзгадваюць у сям’і. А на 9 мая і 3 ліпеня, калі сям’я збіраецца разам за святочным сталом, абавязкова даста­юць старыя фотаздымкі. І пачынаюцца ўспаміны… Праўда, тычацца яны больш мірнага жыцця, паколькі Іван Васільевіч практычна ніколі не гаварыў пра вайну. Па словах Святланы Фёдараўны, як толькі ён спра­баваў нешта ўзгадаць з франтавога жыцця, на вачах адразу ж з’яўляліся слёзы. Таму пра асобныя выпадкі расказвала яго ­жонка.

Ёсць людзі, якія могуць расказваць пра вайну доўга і прыгожа. Іван Васільевіч быў чалавекам іншага характару. Калі нават гля­дзеў ваенны фільм або слухаў песню і хацеў нешта сказаць, хутка спыняўся. Часцей за ўсё ўзгадваў даваеннае жыццё, як атрымаў прафесію краўца, як пасля вайны, калі служыў год у Берліне, шыў салдацкія шынялі. Адзінае, што запомнілася Святлане Фёдараўне з яго ваенных аповедаў, гэта такія словы: “Нават на вайне трэба заўсёды мець галаву. Загад каман­дзіра — гэта, канечне, загад, і яго трэба выканаць. Але нават выконваючы загад, трэба думаць, як застацца ўжывых”.

9 мая ў сям’і Івана Васільевіча было асаблівым днём. Як узгадвае Святлана Фёдараўна, іх дзядуля раніцай заўсёды ўключаў радыё, слухаў ваенныя песні. Пры гэтым віталі родныя яго заўсёды букетам цюльпанаў, які ўжо з раніцы стаяў на стале. А потым ветэран абавязкова ішоў на парад. Часта браў і сваю ўнучку, дачку Святланы Фё­дараўны. Пасля абеду ў дом прыходзілі брат, сястра, дзеці, унукі. Вось тады і даставалі сямейны ­фотаальбом…

Сцефаніда Іванаўна не любіла расказваць пра вайну, гаварыла, гэта — самае страшнае, што толькі можа быць. Для мяне бабуля была прыкладам працавітасці, жыццёвага аптымізму. Калі памёр дзядуля, яна сама і траву касіла, і дровы калола, трымала вялікую гаспадарку. Мы, канечне, дапамагалі, але яна старалася ўсё рабіць сама.

— Памятаю, як аднойчы пасля парада дачка дапамагала дзядулю дайсці дадому. Здароўе пагоршылася, ды і франтавая кантузія сказалася. Памёр Іван Васільевіч у 2010 годзе, а ў 2011-м на 9 мая мы з Насцяй нарвалі цюльпанаў і адвезлі на яго магілу. Тады зразумелі, што 9 мая ўжо больш ніколі не будзе такім радасным для нашай сям’і, як раней. Цяпер для нас гэта хутчэй памятная дата, добрая нагода ўзгадаць пра дзядулю, яшчэ раз паглядзець яго фотаздымкі,— падзялілася Святлана Фёдараўна.— Для Івана Васільевіча, як і для многіх прадстаўнікоў ваеннага пакалення, жыць — зна­чыць працаваць, быць у пастаянным руху. У яго нават за горадам былі дадатковыя “соткі”, на якіх вырошчваў бульбу. Сядаў на веласіпед — і наперад. Яму трэба было ўсюды паспець. Ён жа ў нас быў ударнікам сацыялістычнай працы. Шмат працаваў і на пенсіі, шыў касцюмы. Асабліва добра ў яго атрымліваліся штаны — не адрозніш ад фабрычных. Ён вельмі любіў сваю трафейную машынку “Зінгер”, якая і цяпер стаіць у нашым старым доме. Пасля вайны, праўда, купіў больш сучасную “Чайку”, але ўсё роўна лічыў, што лепшы шоў, чым старэнькая “Зінгер”, ніякая іншая машынка не зробіць.

Для Івана Васільевіча, як і для многіх прадстаўнікоў ваеннага пакалення, жыць — значыць працаваць, быць у пастаянным руху.

Настаўніца не толькі захоўвае памяць пра свайго свёкра — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, але і вучыць памятаць пра ­подзвігі продкаў школьнікаў. Разам са сваім класам кожны год ­ладзіць экскурсіі па месцах баявой славы, праводзіць урокі “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі краіны”, “Нам гэты мір завешчана берагчы”.

— Сённяшнім вучням складана ўявіць усе цяжкасці, якія выпалі на долю ваеннага пакалення. Як гэта, жыць у зямлянках, акопах, ісці ў штыкавую атаку, весці вулічныя баі? Маё пакаленне гэта больш разумее. Я родам з Бялыніцкага раёна, і школа, у якой вучылася, знаходзіцца недалёка ад месца гібелі Героя Савецкага Саюза Барыса Хігрына. Помню, з якім узрушэннем мы ішлі на 40-годдзе Перамогі садзіць бярозавую алею, як прыязджалі да нас родныя героя. Адыходзяць пакаленні ветэранаў, у сучасных дзяцей ужо няма такой магчымасці, якая была ў нас, гутарыць з непасрэднымі ўдзельнікамі баёў. У захаванні памяці вялікая роля належыць настаўнікам, таму, наколькі паспяхова мы будзем праводзіць выхаваўчую работу, ці зможам запаліць у сэрцах дзяцей цікавасць да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Патрыятычнае выхаванне — гэта інвестыцыя ў будучыню. Наколькі паспяхова мы працуем цяпер, стане вядома праз некалькі гадоў, калі сённяшнія школьнікі падрастуць, стануць дарослымі, — падзялілася настаўніца.

Кожная беларуская сям’я беражліва захоўвае старыя альбомы. На пажаўцелых ад часу фотаздымках — партрэты былых партызан, франтавікоў, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу. Сямейныя сустрэчы— выдатная нагода ўзгадаць пра гэтых людзей, пагартаць фотаальбомы, падзякаваць нашым продкам за магчымасць жыць на цудоўнай, мірнай зямлі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.