Сямейны футбольны фестываль

На гарадскім стадыёне ў Касцюковічах нядаўна разгарнуліся сапраўдныя футбольныя баталіі. У райцэнтры ўпершыню адбыўся сямейны фестываль “Тата, мама, я — футбольная сям’я!”. Спаборніцтвы прайшлі ярка і масава.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Беларуская федэрацыя футбола пры садзейнічанні Касцюковіцкага райвыканкама. А праводзіўся турнір з мэтай прапаганды спорту, папулярызацыі масавага футбола сярод дзяцей, падлеткаў і іх бацькоў.

— У нашым раёне гульня ў футбол вельмі папулярная сярод насельніц­тва. З энтузіязмам гуляюць і дзеці, і дарослыя. Перыядычна праводзяцца разнастайныя спаборніцтвы па футболе, міні-футболе сярод навучэнцаў, працоўных калектываў. Ёсць і пэўныя дасягненні. Калі казаць пра дзіцячы футбол, то каманда нашых навучэнцаў сёлета заняла 1-е месца на абласным і 5-е на заключным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў “Каласок”. Фестываль на выяўленне лепшай футбольнай сям’і таксама выклікаў вялікую цікавасць сярод жыхароў раёна. На ўдзел у турніры зарэгістраваліся 36 сем’яў, — расказаў дырэктар Касцюковіцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Міхаіл Свістуноў.

Для вызначэння лепшых каманд у рамках фестывалю адбыліся міні-турніры па футболе сярод татаў, мам і дзяцей розных узростаў. Па выніках усіх гульняў і агульнай колькасці набраных ачкоў перамогу атрымала сям’я Новік. 2-е месца — у сям’і Бясцэнных, 3-е — у сям’і Краўцовых. Усе прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі і пераможнымі кубкамі, а яшчэ атрымалі каштоўныя падарункі і футбольныя мячы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Касцюковіцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексам.