Сямейны прагляд

- 16:37Культура

20 лістапада ў сталічным кінатэатры “Піянер” пачнецца конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, які штогод выклікае асаблівую цікавасць у маленькіх беларусаў, іх бацькоў і педагогаў.

Традыцыйна “Піянер” стане галоўнай пляцоўкай “Лістападзiка”, старт якому будзе да­дзены а 12-й першым беларускім поўнаметражным анімацыйным мюзіклам “Зоркі сёмага неба” рэжысёра Алены Туравай. Таксама маленькіх гасцей конкурсу чакаюць тэатралізаваная музычна-танцавальная праграма з аніматарамі і тэматычная фотазона, прысвечаная 50-годдзю беларускай анімацыі. Паказы ж конкурсных фільмаў, якіх сёлета 14, пачнуцца адразу пасля адкрыцця “Лістападзіка”, у 14 гадзін.

— Конкурсная праграма атрымалася дастаткова разнастайнай. Я б вылучыла тут два блокі з ігравых і анімацыйных стужак, якія будуць дастаткова цікавыя і дзецям, і бацькам, таму што зараз ва ўсім свеце набірае сілу менавіта сямейны кінапрагляд. Ігравыя фільмы і анімацыя прадстаўляюць цэлую панараму жанраў і стыляў: прыгоды, фэнтэзі, сацыяльная драма, школьная меладрама. У нас дастаткова шырокая геаграфічная палітра, бо прадстаўлены не толькі еўрапейскі рэгіён (Расія, Германія, Венгрыя), дзве анімацыйныя карціны з Эстоніі і Чэхіі, але і Кітай, Іран, — паведаміла праграмны дырэктар “Лістападзіка” Антаніна Карпілава. — Пры выбары праграмных фільмаў мы арыентаваліся на жыццясцвярджальны вектар: кіно павінна пакідаць надзею і пазітыў. На нашу праграму можна ісці спакойна і дзецям разам з бацькамі, і дзецям без бацькоў, а часам і бацькам без дзяцей, калі ім захочацца паглядзець, напрыклад, іранскую сацыяльную драму або анімацыю з вектарам 12+, да якой адносяцца і дзве айчынныя анімацыйныя стужкі: “Прэлюдыя і фуга” рэжысёра Ігара Волчака і фільм Алены Пяткевіч “Я тайну ў глыбіні душы хаваю”, заснаваны на вершах і ўспамінах Максіма Багдановіча. Прыходзьце на любыя фільмы, усе будуць цікавыя, а таму кожны знойдзе кінастужку на свой густ!

Цырымонія закрыцця “Лістападзіка” з падвядзеннем вынікаў адбудзецца 23 лістапада а 12-й.

Вольга АНТОНЕНКАВА.