Сямейныя адносіны беларусаў стануць прадметам сацдаследавання

- 12:26Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Маштабнае сацыялагічнае даследаванне тэндэнцый нараджальнасці, заключэння і скасавання шлюбаў стартуе ў студзені 2017 года ў Беларусі, паведамілі ў Фондзе ААН у галіне народанасельніцтва (БНФПА) у Беларусі.

Сацдаследаванне “Фарміраванне сям’і, стабільнасць сямейных адносін і нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў” праводзіцца па праекце “Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.

Фінансаванне ажыццяўляюць урад Расійскай Федэрацыі, ЮНФПА і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ).

Паводле слоў спецыялістаў, гэта будзе адно з самых маштабных дэмаграфічных даследаванняў у найноўшай гісторыі Беларусі. Яго мэта — аналіз дынамікі сям’і, рэпрадуктыўнай арыентацыі і паводзін беларусаў, тэндэнцый нараджальнасці. Вынікі даследавання дапамогуць вызначыць напрамкі развіцця сямейных адносін, ацаніць эфектыўнасць нацыянальнай дэмаграфічнай палітыкі, у тым ліку мер дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі.

У найбліжэйшы час будзе створана рабочая група для падрыхтоўкі плана правядзення даследавання. Апытанне рэспандэнтаў пачнецца ў студзені 2017 года. Даследаванне будуць праводзіць Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальны статыстычны камітэт. Курыруюць даследаванне ЮНФПА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Даследаванне выкарыстоўвае метадалогію аўтарытэтнай міжнароднай праграмы “Пакаленне і гендар”, якая адсочвае этапы жыцця рэспандэнтаў на працягу доўгага часу праз перыяды знаёмства, шлюбу, бацькоўства, разводу, смерці, розных выпрабаванняў, з якімі сутыкаюцца людзі на працягу жыцця. Па гэтай праграме апытанні праведзены ў 19 еўрапейскіх краінах.