Сямейныя традыцыі нашчадкаў Айбаліта

- 11:30Навука і інавацыі

Бацькі ў кандыдата ветэрынарных навук асістэнта кафедры клінічнай дыягностыкі Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксандра Багамольцава ніякага дачынення да лячэння братоў нашых меншых не мелі. Затое ветэрынарамі былі любімыя дзядуля і бабуля Рыгор і Ганна Буланчыкавы, прычым дзядуля прайшоў Вялікую Айчынную вайну і атрымліваў вышэйшую адукацыю ў 40-гадовым узросце разам з учарашнімі школьнікамі — як не захапляцца прыкладам такой мэтанакіраванасці і адданасці прафесіі!

— У сярэдніх класах школы я не сумняваўся (тым больш што даў абяцанне дзядулю): абавязкова стану ветурачом, — успамінае Аляксандр Валер’евіч. — Жылі мы ў Віцебску, я вучыўся спачатку ў гімназіі № 2 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, потым перайшоў у сярэднюю школу № 13. Яна была профільная, а таму 2 дні на тыдзень заняткі ў старшых класах праводзіліся ў акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Атрымаў атэстат, паспяхова вытрымаў уступныя экзамены, быў залічаны на І курс. А далей адвучыўся тры гады і захацеў выпрабаваць сябе, паставіць эксперымент на даросласць: ці змагу пажыць самастойна? Без запазычанасцей здаў чарговую сесію і пайшоў у акадэмічны адпачынак. Год паспяхова адпрацаваў, але штосьці неадольна звала ў aльма-матар. Вярнуўся… і амаль адразу на 9 месяцаў адправіўся на стажыроўку ў Англію. Вось дзе спатрэбілася вывучанае некалі ў гімназіі! Затое магу запэўніць: нашы настаўнікі на ўроках замежнай мовы сапраўды даюць неабходныя для адаптацыі ў чужым моўным асяроддзі веды…
Пачатак біяграфіі, пагадзіцеся, нестандартны. Працяг яму адпавядае. У 2008 годзе Аляксандр Багамольцаў скончыў акадэмію ветэрынарнай медыцыны (як і абяцаў у дзяцінстве) па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” з прысваеннем кваліфікацыі “ўрач ветэрынарнай медыцыны”.
— Па размеркаванні трапіў на кафедру ўнутраных незаразных хвароб, — працягвае наш герой. — Такім чынам застаўся ў рэзерве акадэміі, год працаваў ветурачом-ардынатарам І катэгорыі. Так што Айбаліта (унікальная скульптура знакамітага добрага доктара ўпрыгожвае тэрыторыю акадэмічнага гарадка.Заўв. аўт.) штораніцы вітаю як калегу — з поўнай на тое падставай. За год нарэшце вызначыўся, што хачу вучыцца далей і займацца навукай, і ў 2009 годзе паступіў у аспірантуру пры кафедры клінічнай дыягностыкі. Як даследчыка мяне сфарміраваў мой навуковы кіраўнік Юрый Казіміравіч Кавалёнак, перад якім я знімаю капялюш. А таксама перад такімі вучонымі і выдатнымі настаўнікамі моладзі, як Антон Іванавіч Ятусевіч, Аляксандр Паўлавіч Курдэка, Аляксандр Міхайлавіч Субоцін, Міхаіл Паўлавіч Кучынскі, Альберт Фёдаравіч Трафімаў. На працягу трох гадоў мы працавалі поруч, і па выніках праведзеных даследаванняў я абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Гіпакупроз буйной рагатай жывёлы на адкорме (дыягностыка, лячэнне, прафілактыка)”.
Дзень атрымання ступені кандыдата навук —10 чэрвеня 2013 года — для Аляксандра Багамольцава і яго родных стаў сямейным святам. Дарэчы, крыху раней дысертацыю паспяхова абараніла жонка Марына. Зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а так яны калегі: Марына таксама працуе ў ветакадэміі, нават у тым жа корпусе.
— Знаёмыя часам жартуюць: “Абодва навукоўцы і выкладчыкі, у вас, напэўна, штовечар калі не навуковы кансіліум, то педсавет”, — расказвае Аляксандр Багамольцаў. — Гэта вельмі важна, калі ёсць любімая сям’я і любімая работа.
Абраны Аляксандрам навуковы напрамак мае выразныя перспектывы хаця б таму, што распрацоўка экалагічна чыстых біялагічных прэпаратаў для прафілактыкі і тэрапіі хвароб жывёл з’яўляецца надзвычай актуальнай. Варта адзначыць, што вучоны браў удзел у выкананні шэрага заданняў Дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў і рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы.
Падчас вучобы ў аспірантуры Аляксандр Багамольцаў атрымаў 4 патэнты на вынаходствы і апублікаў больш за 20 навуковых работ. Акрамя таго, ён з’яўляецца распрацоўшчыкам і сураспрацоўшчыкам нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі на 4 інавацыйныя лячэбна-прафілактычныя прэпараты.
— Гэта асаблівае, непараўнальнае адчуванне, калі ведаеш, што вынікі тваёй навуковай дзейнасці выкарыстоўваюцца на практыцы, — расказвае Аляксандр. — Увогуле на сёння мяне цікавяць усе аспекты маёй работы — ад навуковага, вучэбна-метадычнага да выхаваўчага. Падабаецца праводзіць лабараторна-практычныя заняткі па клінічнай дыягностыцы і клінічнай біяхіміі. Стараюся заахвоціць патэнцыяльных абітурыентаў да паступлення, а студэнтаў — да заняткаў даследчай дзейнасцю: установам вышэйшай адукацыі жыццёва неабходна захоўваць традыцыі навуковых школ. Патрабуюцца матываваныя і перспектыўныя маладыя спецыялісты — такія кадры мы павінны знаходзіць і рыхтаваць самі.
На пачатку мінулага года Аляксандр Багамольцаў быў прызначаны выканаўчым дырэктарам музейна-выставачнага комплексу выставы навуковых дасягненняў і распрацовак Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У сувязі з гэтым разам з калегамі многа падарожнічае, удзельнічае ў выставах і форумах самага рознага ўзроўню — ад гарадскіх і абласных да міжнародных, актыўна прапагандуе здабыткі акадэміі, расказвае пра новыя формы лекавых прэпаратаў, якія распрацоўваюць вучоныя, дэманструе выдадзеную ў акадэміі літаратуру (гэта практычна 99 працэнтаў кніг, практыкумаў, вучэбных дапаможнікаў, даведнікаў, энцыклапедый, па якіх вучацца студэнты.Заўв. аўт.).
Сёлетні студзень прайшоў для таленавітага вучонага і выкладчыка-энтузіяста пад знакам прыемнай і важнай падзеі: ён атрымаў стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2015 год. Віншуем! І няхай гэта таксама стане сямейнай традыцыяй!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.