Сям’я для кожнага дзіцяці

- 13:31Навіны рэгіёнаў

На Магілёўшчыне, прыкладваючы ўсе намаганні, імкнуцца забяспечыць дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю або засталіся без апекі бацькоў, сямейнай утульнасцю і бацькоўскім клопатам.

Лепшы доказ любога сцвярджэння — факты. І такія ёсць. 82% хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць патрэбу ў любові і клопаце, знаходзяць іх у замяшчальных сем’ях. І гэта дзякуючы таму, што на Магілёўшчыне вялікая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі праграмы па будаўніцтве дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Да нядаўняга часу такіх устаноў у вобласці налічвалася 46. Цяпер жа стала яшчэ на адну больш. У апошнія дні студзеня чарговы дзіцячы дом сямейнага тыпу пачаў функцыянаваць у Быхаве. І гэта пры тым, што папярэдняя, сорак шостая, установа была адкрыта літаральна некалькі тыдняў назад.
Як расказала начальнік аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Сімакова, новы дзіцячы дом сямейнага тыпу быў пабудаваны за кошт сродкаў ААТ “АСБ Беларусбанк”.
— За даволі кароткі тэрмін па вуліцы Гвардзейскай горада Быхава быў пабудаваны катэдж агульнай плошчай больш за 300 квадратных метраў. Там створаны неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця і паўнацэннага выхавання дзяцей, — адзначыла Алена Фёдараўна.
Навасёлам у новым доме стала сям’я Алега і Вольгі Шушлаковых. Алег Мікалаевіч і Вольга Мікалаеўна ўжо выпусцілі ў дарослы свет дваіх родных і шасцярых прыёмных дзяцей. Цяпер жа на выхаванні ў іх знаходзяцца яшчэ пяцёра прыёмных дзетак.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама.