Сярэбраны медаль у апорным скачку

- 16:49Спартыўныя падзеі

У спартыўным комплексе Pala Vesuvio завяршыўся фінал Сусветнай летняй універсіяды па спартыўнай гімнастыцы. Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Ягор Шарамкоў — уладальнік сярэбранага медаля ў апорным скачку!

Першы скачок — Цукахара два з паловай вінта назад — Ягор выканаў з ацэнкай 14.450. Менавіта гэтая камбінацыя не дазволіла беларускаму спартсмену стаць уладальнікам бронзавага медаля на чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай гімнастыцы ў Польшчы. Тады Шарамкоў спыніўся за крок ад еўрапейскага п’едэстала. На ўніверсіядзе ў Неапалі атлет прадэманстраваў чыстае выкананне.

Другі скачок — пераварот уперад, двайное з паловай сальта ўперад — прынёс спартсмену 14.250 бала.

“Мы да апошняга моманту не маглі вызначыцца са стратэгіяй, — пракаменціраваў выстуленне Я.Шарамкова трэнер-выкладчык РЦАП па гімнастычных відах спорту Віталь Эдуардавіч Рыбалтоўскі. — Узровень гімнастаў вельмі высокі і роўны, кожны мог разлічваць на перамогу. Вырашылі, што зменшым складанасць скачка і зробім стаўку на чысціню выканання. Не прагадалі!

Гэтыя скачкі Ягор робіць з напаўзаплюшчанымі вачамі. Але ўжо ў самым пачатку спаборніцтваў мы зразумелі, што ў нас будуць праблемы з гімнастычнымі прыладамі: мы не былі гатовы да работы, прылады аказаліся вельмі цвёрдымі. Такія ж былі на апошнім чэмпіянаце свету. Многія каманды спецыяльна прыехалі на ўніверсіяду загадзя, каб падрыхтавацца да работы ў гэтых умовах. Тым не менш Ягор змог справіцца з сітуацыяй і выканаць праграму на вельмі высокім узроўні”.

“Мне проста не хацелася ўпасці і траўміравацца. Прыйшлося выканаць два скачкі добра, — усміхаецца Ягор. — На самай справе я задаволены сваім выступленнем. Спачатку проста жадаў дайсці да фіналу, трапіўшы ў фінал, хацелася выступіць належна. Рады, што магу падарыць гэты медаль сваёй краіне!”

Уладальнікам залатога медаля ў апорным скачку стаў Хэнсал Кім (Карэя), зам­кнуў тройку бронзавы прызёр Луіс Порта (Бразілія).

“Якасць медалёў расце! Спадзяёмся на лепшае”, — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дэлегацыі на Сусветнай летняй універсія­дзе Віталь Стрыгельскі.

Наталля АЛЁХІНА.