Сярэдні паказчык забяспечанасці школ кіраўнікамі па ваенна­-патрыятычным выхаванні складае звыш 93%

- 12:27Уроки мужества

Патрыётамі не нараджаюцца. Патрыётаў выхоўва­юць. І ключавая роля ў гэтай справе належыць кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні. У новай рубрыцы  “Урокі мужнасці” будзем знаёміць з асобамі ваенрукоў, дзейнасцю ваенна-­патрыятычных клубаў, лепшымі напрацоўкамі ў ваен­на-патрыятычным выхаванні.

Пачнём рубрыку з тэорыі, а дакладней, з рэспубліканскага семінара-­нарады “Актуальныя аспекты работы кіраўніка па ваенна­-патрыятычным выхаванні”, які днямі прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З армейскай выпраўкай

Амаль два гады мінула з таго часу,  як ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачалі працаваць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. З гэтага навучальнага года адпаведная пасада ўведзена і ва ўстановах, якія рэалізуюць праграму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І гэта правільнае рашэнне. Узяць хаця б той факт, што мужчына з армейскай выпраўкай і вытрымкай ніколі не будзе лішнім у настаўніцкім калектыве. А для класнага кіраўніка, педагога-арганізатара, загадчыка школьнага музея ён яшчэ і добры памочнік у правядзенні ўрокаў мужнасці, экскурсій на мемарыя­лы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, вахт Памяці, у рабоце з ветэранамі, праглядзе і абмеркаванні кінафільмаў, твораў літаратуры і мастацтва на ваенную тэматыку.

Абмяняцца вопытам

Ва ўсіх рэгіёнах кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні напрацаваны станоўчы вопыт, таму галоўнай задачай нядаўняга рэспубліканскага семінара-нарады якраз і стаў абмен гэтым вопытам. Супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, метадысты інстытутаў развіцця адукацыі і, канечне, самі ваенрукі абмяркоўвалі актуальныя аспекты ваенна-патрыятычнага выхавання.

— Сярэдні паказчык забяспечанасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі названай катэгорыяй педагагічных работнікаў на 3 студзеня 2023 года склаў 93,4%. Па стане на 10 студзеня ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўведзена 200,5 стаўкі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Гэта нядрэнны паказчык, але ёсць яшчэ кропкі росту. У цэлым, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні сёння паспяхова выконваюць свае функцыі. Для гэтага з боку Міністэрства адукацыі зроблена шмат: ад нарматыўна-прававога забеспячэння іх дзейнасці да ўдасканалення працоўнага заканадаўства. Кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні неабходна разумець сваё прызначэнне ў пытаннях выхавання падрастаючага пакалення. Гэта людзі, якія павінны быць максімальна эфектыўна ўбудаваны ў сістэму выхаваўчай работы ўстаноў, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Сярэдні паказчык забяспечанасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні на 3 студзеня 2023 года склаў 93,4%.

Інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне выхаваўчага працэсу, а таксама дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні на раённым (гарадскім) узроўні ажыццяўля­юць 39 рэсурсных цэнтраў. У 2022 годзе Нацыянальны інстытут адукацыі выканаў галіновую навукова-даследчую работу, па выніках якой падрыхтаваны макет метадычнага дапаможніка для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Дапаможнік плануецца выдаць у ліпені гэтага года.

Як расказала старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем выхавання асобы Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Генадзьеўна Пішчык, дапаможнік будзе складацца з трох частак. Першая прысвечана тэарэтычным пытанням, аналізу савецкага вопыту ваенна-патрыятычнага выхавання, вопыту іншых краін, напрыклад Кітая, у гэтым напрамку. Другая частка прысвечана арганізацыйна-метадычным асновам. Значная ўвага ўдзяляецца формам і метадам работы. Выданне будзе ўключаць і дадатак з канкрэтнымі мерапрыемствамі. Тут жа прадстаўлены адзіныя падыходы да складання плана работы кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Прафесійны рост

Павышэнне кваліфікацыі — неабходны элемент прафесійнага росту ўсіх педагагічных работнікаў, у тым ліку кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Як паведаміла загадчык кафед­ры псіхалогіі, зместу і метадаў выхавання Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Наталля Андрэеўна Залыгіна, у АПА распрацаваны і рэалізуюцца праграмы павышэння кваліфікацыі, засваенне якіх дапаможа забяспечыць прафесійнае развіццё кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні: “Удасканаленне сістэмы работы па патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі” (дыстанцыйная форма, працягласць навучання — 9 тыдняў), “Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне ў працэсе арганізацыі работы музеяў ва ўстановах адукацыі” (дыстанцыйная форма, працягласць навучання — 9 тыдняў), “Фарміраванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму ў навучэнцаў” (дыстанцыйная форма, працягласць навучання — 5 тыдняў).

Праграмы павышэння квалі­фікацыі для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні рэалізуюцца таксама ў рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі. Для гэтага ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі распрацавана прыкладная праграма (модулі) павышэння кваліфікацыі “Удасканаленне сістэмы работы па ваенна-патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі”, а для дырэктараў і намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце — модуль “Арганізацыя работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”, які рэкамендуецца ўключаць у праграмы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Атрыманне кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні педагагічнай спецыяльнасці прадугледжвае засваенне праграм перападрыхтоўкі. У цяперашні час больш за 30 кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў дыстанцыйнай форме праходзяць перападрыхтоўку ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Педагагічная дзейнасць спецыялістаў” (кваліфікацыя “выкладчык у адпаведнасці з кваліфікацыяй па асноўнай адукацыі”). Некаторыя з іх завочна праходзяць перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Педагогіка дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (кваліфікацыя “педагог дадатковай адукацыі”). Гэта тыя спецыялісты, якія кіруюць аб’яднаннямі па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю.

Нацыянальным інстытутам адукацыі падрыхтаваны макет метадычнага дапаможніка для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Дапаможнік плануецца выдаць у ліпені гэтага года.

Для ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў акадэміі ажыццяўляецца навуковае кансультаванне інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў у адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”. Праект рэалізуецца ў 21 установе адукацыі.

Праводзяцца кансультацыі, метадычныя мерапрыемствы па распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту, тэматычныя семінары. У перспектыве прафесійны рост кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні будзе пацвярджацца іх атэста­цыяй. Гэтае пытанне прапрацоў­ваецца Міністэрствам адукацыі.

Плённае супрацоўніцтва

Сярод пытанняў, разгледжаных удзельнікамі семінара, і ўзаемадзеянне кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні з міжведамаснымі структурамі. Асабліва цесныя адносіны склаліся з Міністэрствам абароны і Міністэрствам унутраных спраў, у першую чаргу па лініі дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў.

Па словах Аляксандра Кадлубая, такія клубы выконваюць важную ролю ў выхаванні навучэнскай моладзі. У Беларусі па стане на пачатак сакавіка пры воінскіх часцях, падпарадкаваных Міністэрству абароны, створана 11 клубаў, у якіх займаецца 483 навучэнцы. Акрамя таго, на тэрыторыі воінскіх часцей унутраных войск МУС дзейнічае 18 ваенна-патрыятычных клубаў з агульнай колькасцю выхаванцаў больш за 1500.

З мэтай папулярызацыі дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў у адпаведныя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь унесены змяненні, якія прадугледжва­юць магчымасць ільготнага паступлення выхаванцаў такіх клубаў.

Сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 755 аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю, у якіх займаецца 10 970 навучэнцаў. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — 213 аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю з ахопам 3579 навучэнцаў. Таксама ва ўстановах адукацыі дзейнічае больш за 520 пошукавых аб’яднанняў. Намеснік міністра адукацыі акцэнтаваў увагу на тым, што работа пошукавых аб’яднанняў павінна быць актывізавана. І гэта найперш клопат кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

— Моцнае і кансалідаванае грамадства абапіраецца на адданых сваёй краіне грамадзян. 2023-і, аб’яўлены Годам міру і стварэння, перакананы, стане часам, калі мы ўсе разам выбудуем сістэму патрыятычнага выхавання, — падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.

Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА