Сярэднія гарады павінны быць цэнтрамі прамысловасці, адукацыі і культуры

Аб гэтым заявіла ў Віцебску кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў час прадстаўлення актыву рэгіёна новага памочніка прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці Віталя Воўка.

Наталля Качанава асобную ўвагу засяродзіла на задачах, якія стаяць перад кіраўнікамі мясцовых органаў улады ўсёй краіны. Сур’ёзны блок пытанняў звязаны з развіццём сярэдніх гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 80 тысяч чалавек. У Віцебскай вобласці да такіх населеных пунктаў адносяцца Полацк, Наваполацк, Орша. “Гэтыя гарады павінны быць цэнтрамі развіцця прамысловасці, культуры і адукацыі, станавіцца прыкладамі для ўсіх, — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Займацца імі трэба ўшчыльную, выдзяляючы бюджэтнае фінансаванне, прадугледжваць сродкі ў мясцовых бюджэтах”.

Закранаючы тэму прамысловасці і эканомікі, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта акцэнтавала ўвагу на неабходнасці наладжвання эфектыўнай работы кожнага прадпрыемства і арганізацыі. Ва ўсіх павінна быць дакладная стратэгія развіцця. Задачы, пастаўленыя яшчэ ў мінулым годзе, па заработнай плаце, занятасці і цэнах застаюцца актуальнымі. “Над гэтым давядзецца працаваць усім, каб усё рэалізаваць”, — адзначыла Наталля Качанава.

Яшчэ адна сур’ёзная тэма звязана з сельскай гаспадаркай. “У Віцебскай вобласці гэта сур’ёзнае пытанне. Ведаю, што вырашаеце яго за кошт стварэння інтэграцыйных структур. Разам з тым трэба разумна падыходзіць па кожным асобна ўзятым сельгаспрадпрыемстве. Трэба навесці парадак у кожнай сельгасарганізацыі, там жывуць і працуюць нашы людзі, якія павінны атрымліваць дастойную заработную плату, вырашаць свае жыллёвыя пытанні”, — сказала Наталля Качанава.

У якасці прыкладу яна прывяла СВК “Калгас “Радзіма” ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзе пабывала на мінулым тыдні. Прадпрыемства пакінула самае станоўчае ўражанне. “Я проста парадавалася. Там няма суперсучасных ферм, але яно працуе проста цудоўна. Створаны ўсе ўмовы. 292 рабочыя, з іх 90 — моладзь, 50 — у дэкрэтным водпуску. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што людзі вяртаюцца туды”, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *