Сяргей МАСКЕВІЧ: “Навучанне павінна зыходзіць знутры”

- 16:36Моя школа

З нагоды прафесійнага свята настаўнікаў мы запрасілі ў якасці госця праекта “Мая школа” кіраўніка сістэмы адукацыі нашай краіны — доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргея Аляксандравіча Маскевіча.

— Думаю, кожны з нас у дзяцінстве гуляў у школу. Некага задавальняла роля вучня, а хтосьці пагаджаўся быць толькі настаўнікам. Як вы лічыце, чаму прага вучыць з цягам часу знікае?
— Тут можна сказаць адно: не прафесія памянялася, а стаўленне да прафесіі. Ды і гульняў стала значна больш. Дзеці сёння часцей гуляюць у бізнес (салоны прыгажосці, магазіны, рэстараны і г.д.), а не ў школу. Да школы прызвычаіліся, яна стала арганічнай часткай жыцця і, на жаль, страціла недасягальнасць. Хто раней валодаў найбольшым аб’ёмам інфармацыі? Настаўнік. І менавіта ад яго мы атрымлівалі асноўную базу ведаў. Сённяшнія тэхналогіі далі магчымасць вучню самастойна атрымліваць інфармацыю і выйсці з інфармацыйнай залежнасці ад настаўніка.

— Уступныя кампаніі ў ВНУ ў апошнія гады паказалі, што статус прафесіі педагога ў грамадстве, сярод моладзі трэба падтрымліваць і ўмацоўваць. Якія крокі робяцца ў гэтым кірунку?
— Сапраўды, былі часы, калі ў педагагічныя інстытуты конкурс быў, бадай, самы высокі з усіх ВНУ. На жаль, зараз мы не можам гэтым пахваліцца. Сацыяльныя змены, якія адбыліся ў нашым грамадстве, адсунулі прафесію настаўніка ў “народным” рэйтынгу далёка назад. І не таму, што прафесія дрэнная, проста некаторы час настаўнікам не ўдзялялася столькі ўвагі, колькі патрэбна.
Безумоўна, у цэнтры ўвагі павінны быць пытанні павышэння сацыяльных гарантый і заработнай платы. Нядаўна на прэзідыуме Савета рэктараў мы разгледзелі шляхі павышэння прэстыжу самой прафесіі настаўніка, зрабілі пэўныя крокі, каб прыцягнуць у педагагічныя ВНУ таленавітую моладзь. Напрыклад, разглядаецца магчымасць павышэння стыпендыі студэнтам педагагічных спецыяльнасцей. Гэтае і многія іншыя пытанні больш грунтоўна будуць разгледжаны 14 кастрычніка на нарадзе, што адбудзецца на базе БДПУ імя Максіма Танка. На маю думку, у якасці аднаго з варыянтаў павышэння іміджу прафесіі настаўніка варта адрадзіць работу педагагічнага таварыства, а таксама прыцягнуць увагу моладзі да педагагічнай прафесіі праз конкурсы і турніры, а можа, нават стварыць профільнае аб’яднанне накшталт “Юных ратавальнікаў” ці “Юных пагранічнікаў”, якія даволі паспяхова працуюць у нашай краіне.

— Скончыўся чарговы конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Параўноўваючы з настаўнікамі, якія некалі вучылі вас, вашых дзяцей, вы заўважаеце, наколькі змяніліся сучасныя педагогі? Ці адрозніваюцца сённяшнія патрабаванні да педагогаў, якія прэтэндуюць на званне лепшых, ад патрабаванняў, якія прад’яўляліся, напрыклад, дзесяць гадоў назад?
— Патрабаванні да лепшых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці заўсёды былі аднолькавыя: педагог павінен умець знайсці шляхі і адпаведныя сродкі, каб раскрыць вучэбны матэрыял, каб сфарміраваць неабходныя веды, уменні і навыкі, абудзіць у вучняў жаданне вучыцца.
Змяніліся рэсурсы, якімі карыстаўся тагачасны і сённяшні педагог. І тэхнічных магчымасцей значна больш, і адукацыйных тэхналогій таксама сёння вельмі многа — толькі выкарыстоўвай. Але і ў тыя часы, і зараз настаўнік быў і застаецца вельмі вынаходлівым: толькі тады гэта былі, напрыклад, карткі, а зараз — тэхналогіі выкарыстання інтэрактыўнай дошкі і магчымасцей інтэрнэт-прасторы.
Сёння ад педагога патрабуецца майстэрскае выкарыстанне сучасных сродкаў навучання, віртуознае арыентаванне ў прадметным матэрыяле, валоданне аўдыторыяй. Навучанне павінна зыходзіць знутры, быць эмацыянальным і здольным запальваць дзіцячыя душы.

— Многія кажуць, што ў прафесіі педагога апрыёры перавага будзе ў мужчыны. Як, на вашу думку, павінна вырашацца гендарнае пытанне ў педагогіцы? Бо не сакрэт, што, у прыватнасці, сярод школьных настаўнікаў большасць — жанчыны.
— Сапраўды, склалася так, што большасць педагагічных калектываў школ краіны жаночыя, і наша задача зараз — стварыць такія ўмовы, каб у школу пайшлі і мужчыны. Бо не сакрэт, што “жаноцкасць” прафесіі настаўніка ў значнай ступені надумана. Паглядзіце, большасць пераможцаў конкурсу “Настаўнік года” — мужчыны. Зараз часта мужчына-настаўнік успрымаецца як дзіва. Тут у нас ёсць над чым працаваць.

— Сярод вашых настаўнікаў былі мужчыны?
— У мяне быў цудоўны настаўнік фізікі Іван Ігнатавіч Шыманскі, які вызначыў маю траекторыю прафесійнага руху, мой прафесійны лёс. Менавіта ён мне параіў выбраць спецыяльнасць, звязаную з фізікай.

— Відаць, выбар ажыццявіўся задоўга да заканчэння школы?
— Якраз-такі не. Тое, што я буду паступаць на фізіку, вырашыў у самы апошні момант: на выпускным вечары. Калі вучыўся ў школе, нават і не думаў туды паступаць. Збіраўся паступаць на спецыяльнасць, звязаную з матэматыкай.

— А якія прадметы яшчэ падабаліся?
— Яшчэ вельмі падабалася хімія. Калі б хімік тады сказаў мне: “Ідзі на хімію!”, я б, відаць, пайшоў у гэтую галіну. Калі ранжыраваць мае тагачасныя перавагі, я на першае месца паставіў бы матэматыку, потым — хімію, і толькі на трэцяе месца — фізіку.
Матэматыка падабалася больш за ўсё. Як толькі выходзілі новыя зборнікі з задачамі па матэматыцы і фізіцы, я іх купляў і самастойна рашаў усе задачы.

— Сяргей Аляксандравіч, напярэдадні Дня настаўніка каго са сваіх педагогаў вы павіншавалі б ад шчырага сэрца?
— Найперш майго навуковага кіраўніка Мікалая Леанідавіча Ківача, тых, хто дапамагаў мне на этапе навуковай дзейнасці: прафесара Анатоля Іванавіча Камяка, прафесараў Дзмітрыя Сцяпанавіча Умрэйку, Сяргея Мікалаевіча Чаранкевіча, Анатоля Мікалаевіча Рубінава.

— Сёння на пасадзе міністра адукацыі вы больш асэнсоўваеце сябе педагогам ці кіраўніком?
— Усё ж педагогам. Педагог — гэта стан душы, гэта тое, што вызначае твой стыль мыслення, яго накіраванасць. Педагог — гэта асоба, і спецыфіка яго функцыянальнай дзейнасці заключаецца ў тым, што ён павінен стварыць атмасферу, навучыць, давесці патрэбную інфармацыю. Яго задача ў тым, каб аб’ект, на які скіравана педагагічная дзейнасць, максімальна адрэагаваў на такое ўздзеянне. А кіраўніцкая дзейнасць таксама павінна ўтрымліваць гэты абавязковы элемент, бо сутнасць кіраўніцкай дзейнасці — зрабіць так, каб усе падначаленыя рабілі тое, што трэба, а ты змог даступнымі табе сродкамі і метадамі растлумачыць свае патрабаванні. Калі кіраўнік будзе дзейнічаць у рамках педагагічнай тактыкі, ён атрымае адзін вынік, але калі ён ніколі не меў уяўлення пра педагогіку, то вынікі такіх адносін будуць зусім іншыя. Ды і сродкі, уласна кажучы, у яго таксама будуць іншыя.

— Ці павінен педагог раздзяляць работу і сям’ю? Ці пераносіце вы свой педагагічны вопыт на сямейныя адносіны?
— Калі чалавек прафесійна працуе ў гэтай галіне, такая інтэрферэнцыя непазбежна. І гэта тычыцца не толькі педагогаў. Урач ці юрыст таксама будуць пераносіць пэўныя рысы прафесіі ў штодзённае жыццё. І хочам мы гэтага ці не, мысленне і алгарытмы светаўспрымання будуць заснаваны на асаблівых прафесійных катэгорыях. Хіба толькі акцёры могуць абстрагавацца ў сваіх ролях ад жыцця. Аднак усё роўна вельмі часта сыграныя ролі накладаюць адбітак на жыццё акцёра.

— Існуе меркаванне, што людзей вашага пакалення выхоўвала вуліца. Ці так гэта? І чаму яна вас навучыла?
— Відаць, так. Дзіцячых садкоў у нас у вёсцы тады не было, і я (не ведаю, на шчасце ці на жаль) з імі не быў знаёмы. Ды і потым бытавыя зносіны з сябрамі будаваліся на прынятых на той час каштоўнасцях. Безумоўна, хапала ўсяго: і добрага, і дрэннага, але, відаць, самае галоўнае, чаму мяне навучыла маё тагачаснае асяроддзе, — гэта дзейнічаць у камандзе.

— Якое было ў вас тады кола зносін?
— Як правіла, асноўныя зносіны будаваліся з аднакласнікамі: разам у школу ішлі, разам са школы, разам і ў грыбы, і на футбол. Апошнія тры гады, з 8 па 10 клас, прыходзілася хадзіць пешкі за 5 кіламетраў. Уяўляеце, колькі можна было ўсяго абмеркаваць з сябрамі за гэты час?
Цікава было зімой, калі мы з панядзелка па пятніцу знаходзіліся ў інтэрнаце пры школе. Вось там было ўжо амаль дарослае жыццё. Мы вельмі любілі дапамагаць на кухні: бульбу пачысціць, вады нанасіць, падзяжурыць па сталоўцы.

— Ці вялікая ў вас была сям’я?
— Па тым часе невялікая. Дзяцей у сям’і было трое: я і два мае браты. Розніца ва ўзросце была невялікая, таму амаль заўсёды мы трымаліся разам. Ды і прафесіі мы выбралі блізкія.
Малодшы брат Аляксандр, як і я, пайшоў у навуку, ён кандыдат фізіка-матэматычных навук, піша доктарскую дысертацыю, загадвае кафедрай агульнай фізікі ГрДУ імя Янкі Купалы. А сярэдні Міхаіл працуе электрыкам. Яго не пацягнула ў навуку, але, як бачыце, усё роўна пэўным чынам да фізікі дачыненне мае.

— Ці пайшлі вашы сыны па вашых сцяжынках? Чым яны займаюцца? Якія ў іх поспехі?
— Абодва мае сыны Ігар і Дзяніс працуюць у IT-сферы.

— А з чаго пачынаўся ваш шлях у навуку? Які быў першы дослед?
— Гэта было на першым курсе інстытута. Неяк загадчык кафедры фізікі прафесар Леў Восіпавіч Мялешка запрасіў нас паназіраць у мікраскоп за крышталізацыяй салолу пры розных умовах. Звычайная цікавасць перарасла ў першую навуковую работу, якую праз некаторы час я прадстаўляў на міжнароднай канферэнцыі ў Шаўляі.

— Хто больш займаўся вашым выхаваннем: бацька ці маці?
— Мае бацькі былі звычайнымі сялянамі, і выхаванне, безумоўна, было абсалютна традыцыйным. Яны ніколі не мелі ніякага дачынення да нашых урокаў — мы ўсё рабілі самастойна. Бацька ўмеў рашаць задачы, але, у прыватнасці, мне дапамагаць не трэба было, я сам спраўляўся амаль з любой матэматычнай задачай.
А вось у плане паводзін яго аўтарытэт адчуваўся заўсёды. Бывала, што і даставалася за нейкія свавольствы. Але мне даставалася менш, чым маім братам.

— Ці працуе зараз тая школа, у якой вы вучыліся?
— Я вучыўся ў трох школах. Першы год — у пачатковай школе, з другога па сёмы клас — у Баліцкай сямігадовай школе, а з 7 па 10 клас хадзіў у Ракавіцкую сярэднюю школу. Апошні раз я наведваў яе, яшчэ калі быў рэктарам універсітэта.

— Якімі замежнымі мовамі вы валодаеце?
— У школе і ў інстытуце я вучыў нямецкую мову, спрабаваў вучыць французскую. Потым самастойна вучыў англійскую мову. Але, на жаль, сёння я не валодаю замежнай мовай настолькі, наколькі б мне гэтага хацелася.

— Калі ласка, скажыце, вам, вучонаму-даследчыку, у сённяшняй дзейнасці больш падабаецца працэс ці вынік дзеянняў? Што вам больш цікава?
— Магу сказаць адназначна, што мне, як і любому фізіку-даследчыку, больш падабаецца працэс рэалізацыі даследавання, ці, калі гаварыць пра маю сённяшнюю дзейнасць, працэс работы. Канечне, кожны вынік акрыляе і надае сэнс працэсу. Але калі працэс не будзе прывабліваць, то нічога не атрымаецца. Бо, акрамя ўласна даследавання, ёсць шмат іншых этапаў на шляху да адкрыцця: аналіз атрыманых звестак, супастаўленне з літаратурнымі данымі, фармулёўка вывадаў і інш.

— Што незвычайнае вы хацелі б ажыццявіць у якасці кіраўніка сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь?
— Я хацеў бы правесці адзін дзень у ролі вучня ў якім-небудзь класе звычайнай школы. Прыйсці туды нечакана, каб школа асабліва не рыхтавалася. І “правучыцца” разам з дзецьмі поўны вучэбны дзень, каб знутры, як кажуць, у палявых умовах, даведацца, як функцыянуе сённяшняя школа, якія дзеці ў ёй вучацца, якія настаўнікі працуюць.

— Якія прыярытэты, на вашу думку, павінна сёння рэалізоўваць сістэма адукацыі?
— Безумоўна, гэта якасць адукацыі. Але адной з найбольш актуальных задач сённяшняй школы, ды і ўсіх сфер адукацыі, павінна стаць выхаванне патрыятызму. Школа павінна не проста даць вучням магчымасць атрымаць інфармацыю пра нейкія культурныя аб’екты краіны, а забяспечыць ім плаўнае ўваходжанне ў культуру, закцэнтаваць увагу на культурнай самаідэнтыфікацыі, у якой павінна быць мноства складнікаў — ад фальклору і помнікаў старадаўняга дойлідства да сучаснай беларускай музыкі і твораў сучаснага беларускага мастацтва.

— Сяргей Аляксандравіч, што б вы хацелі пажадаць педагогам нашай краіны з нагоды прафесійнага свята — Дня настаўніка?
— Настаўнік — гэта чалавек, праз рукі і душу якога праходзіць кожны грамадзянін нашай краіны. Гэтая прафесія заўсёды была найважнейшай у любой дзяржаве, бо ад настаўніка залежыць будучыня краіны, развіццё яе навуковага патэнцыялу, захаванне і памнажэнне традыцый, росквіт культуры і мастацтва.
Мне б вельмі хацелася, каб кожны дзень кожнага навучальнага года быў для педагогаў Беларусі Днём настаўніка і навучэнцы школ, каледжаў, ВНУ і іншых устаноў адукацыі паважалі гэтую высакародную і надзвычай важную прафесію.

Са святам вас, шаноўныя калегі!