Сярод неразгаданых таямніц

- 16:02Адукацыйная прастора, Рознае

Як зарабіць першасны капітал будучаму банкіру? Якая карысць ад крапівы? Чаму расце балабушка? Якія сакрэты хаваюць смаўжы? Ці можна ўбачыць гукі? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі дзіцячых даследаванняў, прадстаўленых на Мінскім абласным фестывалі малодшых школьнікаў і дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

На фестываль з мэтай вывучэння вопыту арганізацыі даследчай работы з дзецьмі прыбыла дэлегацыя з Літвы і Латвіі. Гэта прадстаўнікі гімназіі з беларускай мовай навучання імя Францыска Скарыны Вільнюса, Цэнтра асветы Тракая, Вільнюскай асацыяцыі настаўнікаў рускіх школ, устаноў адукацыі Марупскага краю Латвіі, а таксама грамадскай арганізацыі “S.T.A.R.S” (Рыга).
Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Жанна Аляксандраўна Варабей адзначыла, што Міншчына з’яўляецца адзінай у Беларусі, дзе падобныя мерапрыемствы абласнога ўзроўню праводзяцца з 2010 года. За параўнальна невялікую гісторыю іх правядзення прынялі ўдзел больш за 100 дашкольнікаў і каля 300 малодшых школьнікаў з Мінскай вобласці, Мінска, Магілёўскай вобласці, Расійскай Федэрацыі і Латвійскай Рэспублікі.
Сёлета ў фестывалі ўдзельнічалі 114 даследчых работ дзяцей, якія былі прадстаўлены ў 4 секцыях: “Матэматыка, фізіка, тэхніка”, “Прыродазнаў-ства (жывая прырода)”, “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”, “Гуманітарныя веды”. Юныя даследчыкі вывучалі гісторыю краіны ў лёсе сваёй сям’і, сляды Старажытнага Егіпта ў жыцці беларусаў, для чаго патрэбны жывёлам хвасты. Яны высвятлялі, ці ёсць у вады колер, як атрымаць тканіну з крапівы, ад чаго залежыць хуткасць астывання гарбаты, ці ўплываюць бактэрыі глебы на рост раслін і інш. Ацэньвала даследаванні дзяцей кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі кандыдаты і дактары навук, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, спецыялісты МАІРА.
Падчас стэндавай абароны работ, якая ўпершыню праходзіла з элементамі інтэрв’ю і субяседавання, як на многіх міжнародных конкурсах, у аўдыторыях знаходзіліся толькі члены журы і ўдзельнікі фестывалю. Пасля заканчэння работы журы адбыўся кірмаш праектаў, на якім ужо ўсе жадаючыя (дзеці, педагогі, бацькі) змаглі пазнаёміцца з даследчымі работамі навучэнцаў, задаць ім пытанні, прыняць удзел у дэманстрацыі доследаў і інш.

У секцыі “Прыродазнаўства (жывая прырода)” свае работы прадстаўлялі 26 юных даследчыкаў. Па меркаванні старшыні журы секцыі, дацэнта кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін і інфарматыкі МАІРА, кандыдата біялагічных навук Анатоля Рыгоравіча Давыдоўскага, любая з прадстаўленых работ магла б стаць нагодай для сур’ёзнай навуковай дыскусіі. Многія з іх заслугоўваюць асаблівай увагі хаця б таму, што сваімі спробамі даследаванняў дзеці дапамагаюць задумацца дарослым над сур’ёзнымі недзіцячымі пытаннямі.
Напрыклад, як зарабіць першасны капітал будучаму банкіру? Навучэнец 4 класа сярэдняй школы № 2 Беразіна Ягор Фядотаў ведае адказ на гэтае пытанне. Хлопчык прадставіў вынікі сваіх даследаванняў наконт уплыву Месяца на рост і развіццё раслін (навуковы кіраўнік — Таццяна Мікалаеўна Фядотава). Веданне ўплыву фаз Месяца на рост раслін дазваляе кіраваць ураджаем так, каб атрымаць значны прырост без вялікіх выдаткаў. Грошы, выручаныя за ўраджай, могуць пачаць “рабіць” іншыя грошы — вось і атрымаецца першасны банкаўскі капітал.
Дзівосныя ўласцівасці рускай бярозы даследавала навучэнка 2 класа Мар’інагорскай гімназіі Паліна Варвашэня (Наталля Сяргееўна Сакалко). Дзяўчынка высветліла, што нездарма нашы продкі захоўвалі хлеб у бяросце ці ў посудзе, вырабленым з бярозы, — у такіх умовах прадукты харчавання надоўга захоўваюць свае ўласцівасці і не псуюцца. Цікавае даследаванне аб карысці крапівы “Злая трава — добрая молва” прадставілі трэцякласнікі гімназіі № 1 Любані Аляксандр Дудаў і Яраслаў Шмелеў (Алена Вітальеўна Валабуева). Менавіта з крапівы можна зрабіць многія карысныя і нават камерцыйна выгадныя прадукты: мыла, шампунь і інш.

У секцыі “Прыродазнаўства (нежывая прырода)” асаблівае ўражанне на журы аказала работа трэцякласнікаў сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Максіма Абакунчыка і Максіма Манцэвіча “Дзе самае чыстае паветра ў Мар’інай Горцы?” (Ала Уладзіміраўна Баталёва). Навучэнцы з дапамогай эксперыментаў праверылі чысціню паветра ў розных частках свайго горада, параўналі ўзровень яго забруджвання і абазначылі на карце вынікі сваіх даследаванняў.
Зацікавіла як членаў журы, так і ўдзельнікаў фестывалю даследаванне навучэнкі 3 класа Крупскай раённай гімназіі Таццяны Кашэра “Сколько можно сделать дел, если есть хороший мел” (Алена Леанідаўна Моніч). Дзяўчынка задумалася, чаму запісы крэйдай не заўсёды добра відаць на школьнай дошцы. Аналіз вынікаў, атрыманых ёю падчас вывучэння розных узораў школьнай крэйды, паказаў, што якасць крэйды залежыць ад яго складу. А самым важным дасягненнем, па меркаванні Таццяны, з’яўляецца тое, што яна навучылася сама вырабляць крэйду розных колераў у дамашніх умовах.
Многія даследаванні малодшых школьнікаў уразілі журы далёка не дзіцячай заклапочанасцю праблемамі, якія сёння хвалююць усё чалавецтва. Так, у секцыі “Гуманітарныя веды” напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была прадстаўлена работа навучэнца 4 класа сярэдняй школы № 1 Лагойска Мікіты Булата на тэму “След вайны ў маёй сям’і” (Алена Аляксандраўна Булат). Хлопчык вывучыў ваенны летапіс сваёй сям’і па мацярынскай лініі, даведаўся, што яго прадзядуля Міхаіл Хоміч у 18- гадовым узросце быў вывезены ў Германію, дзе яму даводзілася працаваць па 20 гадзін у суткі, харчавацца хлебам, спечаным з мукі і драўнянага пілавіння. Мікіту стала таксама вядома, што ў 1945 годзе пры будаўніцтве лініі сувязі на замініраванай мясцовасці брат прадзядулі Фёдар Хоміч на працягу 30 хвілін абясшкодзіў ворага і, рызыкуючы ўласным жыццём, змог забяспечыць сувязь. У архівах хлопчык знайшоў копіі загадаў аб узнагароджванні сваяка ордэнам Чырвонай Зоркі. З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да гісторыі Мікіта склаў буклет “Лагойскі раён у перыяд Вялікай Айчыннай вайны”, каляндар і нават распрацаваў міні-лекцыі для правядзення інфармацыйных гадзін.
Даследаванні трэцякласніка Сароцкай сярэдняй школы Любанскага раёна Уладзіслава Хмялеўскага “Гісторыя маёй краіны ў лёсе маёй сям’і” (Наталля Міхайлаўна Хмялеўская) прывялі ў XIX стагоддзе, калі род Хмялеўскіх меў свой герб. Уладзіслаў прадставіў генеалагічнае дрэва сям’і, з успамінаў бабуль і прабабуль, сямейнага фотаальбома, старых пісем, архіўных запісаў юны даследчык устанавіў, што яго продкі былі ўдзельнікамі Каўказскай, Руска-японскай і Першай сусветнай войнаў. Паведаў хлопчык і аб нялёгкім лёсе сваіх родных у перыяд калектывізацыі, у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У Год гасціннасці Настасся Крывель, вучаніца 4 класа Залужскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна, прапанавала журы вынікі калектыўнага даследавання па тэме “Гасціннасць нашых землякоў” (Марына Вячаславаўна Пукач), якое дапамагло вучням школы пазнаёміцца з традыцыямі жыхароў вёскі. Аўтары вызначылі для сябе такія сімвалы гасціннасці землякоў, як каравай і ручнік, папоўнілі свае веды аб мясцовых абрадах сустрэчы гасцей, аб стравах, якія рыхтуюцца з даўніх часоў. Дзеці распрацавалі экскурсію на тэму “Гасціннасць нашых землякоў” у школьным музеі, зрабілі буклет і кнігу “Сем смакаў у вёсцы Залужжа”.

У рабоце секцыі “Матэматыка, фізіка, тэхніка” юныя вучоныя прадставілі членам журы вынікі сваіх даследаванняў і эксперыментаў па распрацоўцы дадатковых крыніц электраэнергіі; расказалі аб законах адлюстравання ў плоскіх люстэрках, аб гісторыі фотаапаратаў і тэлескопаў, фантанах; паведамілі аб з’яве механічнага рэзанансу, сакрэтах запамінання табліцы множання і інш. Акрамя таго, яны прадэманстравалі ўсім жадаючым створаныя сваімі рукамі мадэлі для атрымання электраэнергіі, калейдаскоп, цуда-бутэльку сіфон, самаробны рэзанатар Гельмгольца і інш.
Сваёй навуковасцю і аргументаванасцю ўразіла членаў журы работа навучэнца 3 класа Мар’інагорскай гімназіі Багдана Дзмітрука “Яго вялікасць рэзананс” (Любоў Сцяпанаўна Дзмітрук). Дарэчы, Багдана па праву можна назваць старажылам фестывалю: хлопчык удзельнічае ў мерапрыемстве ўжо чацвёрты раз, а ўпершыню прадставіў работу яшчэ ў дашкольным узросце.
Падчас кірмашу праектаў увагу дзяцей і дарослых прыцягнула работа трэцякласніка Крупскай раённай гімназіі Ягора Шпанко “Камера-абскура, ці Прывітанне з мінулага” (Алена Леанідаўна Моніч). Камера-абскура — гэта аптычнае прыстасаванне, з дапамогай якога можна атрымаць выяву аб’екта. Для яе стварэння хлопчык выкарыстаў невялікую скрынку, унутраныя сценкі якой пафарбаваў чорнай фарбай. Юны даследчык паказаў, што камера-абскура дазваляе не толькі ўбачыць выяву аб’екта, але і захаваць яе на паперы. Для гэтага неабходна спачатку атрымаць яе з дапамогай матавага шкла, а затым памяняць матавае шкло на празрыстае з калькай. У прадстаўленай рабоце вельмі паказальна тое, што за перыяд свайго даследавання Ягор прайшоў шлях, на які чалавецтва затраціла некалькі стагоддзяў.
Старшыня журы секцыі “Матэматыка, фізіка, тэхніка”, загадчык лабараторыі тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Андрэевіч Курачкін высока ацаніў работы, выкананыя дзецьмі. Спецыяльныя прызы фестывалю атрымалі навучэнка 4 класа гімназіі № 1 Барысава Арына Валасач з работай “Арына ў залюстаркоўі, ці Даследаванне адлюстравання ў плоскіх люстэрках”, чацвёртакласнік гімназіі № 10 Маладзечна Ілья Зяновіч (“Сакрэты запамінання табліцы множання”), навучэнец 4 класа Нясвіжскай гімназіі Уладзіслаў Сідаровіч (“Плавае ці тоне”).

Парадавалі сёлета сваімі выступленнямі і дашкольнікі. Іх работы адрозніваліся дзіцячай непасрэднасцю, сапраўднай зацікаўленасцю, імкненнем данесці вынікі сваіх даследаванняў дарослай аўдыторыі і пачуць іх ацэнку. Выхаванка Сноўскага ясляў-сада Нясвіжскага раёна Настасся Вішнякова, выконваючы даследчую работу “Сакрэты яйка”, высветліла, што з розных па колеры і памеры яек выводзяцца розныя птушаняты, для іх з’яўлення патрэбны пэўныя ўмовы — інкубатар і тэмпература 38оC. Дзяўчынка навучылася сартаваць яйкі з дапамогай аваскопа, закладваць іх у інкубатар, чакаць з’яўлення куранят і выходжваць іх.
Выхаванка ясляў-сада № 19 Слуцка Паліна Салагуб частавала ўсіх удзельнікаў фестывалю кексамі, якія сталі доказам яе даследавання “Сакрэты натуральных фарбавальнікаў”. Аднойчы мама адмовілася купіць дзяўчынцы рознакаляровае пячэнне, патлумачыўшы, што ў яго дабаўлены сінтэтычныя фарбавальнікі, шкодныя для здароўя. Гэта падштурхнула Паліну даведацца пра магчымасці вырабу фарбавальнікаў з натуральных прадуктаў, карысных для здароўя. Юная даследчыца практычным шляхам атрымала натуральныя фарбавальнікі: аранжавы — з морквы, чырвоны — з бурака, ружовы — з вішні, фіялетавы — з чорных парэчак, зялёны — са шпінату. Пад кіраўніцтвам мамы яна спякла рознакаляровыя кексы, якія былі і прыгожыя, і смачныя, і карысныя.
Усё аб карысці лімона высветліла выхаванка Каралёўскага дзіцячага сада — пачатковай школы Уздзенскага раёна Марыя Бадзеева падчас напісання работы “Лімон — чараўнік”. Дзяўчынка правяла доследы па выяўленні ўласцівасцей лімона і зрабіла выснову, што лісты лімоннага дрэва выдзяляюць рэчывы, якія дэзынфіцыруюць паветра і знішчаюць шматлікія бактэрыі. Ліманад, прыгатаваны ў дамашніх умовах, не ўтрым-лівае шкодных дабавак. Сок лімона дапамагае выводзіць плямы з адзення без прымянення хімічных сродкаў. Лімон можна выкарыстоўваць у якасці натуральнага асвяжальніка паветра.
У межах мерапрыемства прайшла выстава малюнкаў “Навука вачыма дзяцей”, навуковае шоу Ximikids, у якім юныя даследчыкі прынялі ўдзел у хімічных і фізічных эксперыментах. Былі праведзены круглыя сталы для педагогаў і бацькоў.
Няцяжка здагадацца, як складана было журы адабраць лепшыя дзіцячыя даследаванні. Па выніках работы фестывалю ўсе юныя даследчыкі атрымалі пасведчанні ўдзельніка, памятныя медалі, падарункі і спецыяльныя прызы. І зусім няважна, што не ўсе з гэтых дзяцей у далейшым прысвецяць сябе навуцы. Галоўнае, што яны далучыліся да таямніцы, адчулі сваю прыналежнасць да адкрыцця, зацікаўленасць ведамі, а гэта абавязкова дапаможа ім у будучыні.

 

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.