“Сярод невялікай экспазіцыі адчуваеш сябе па-хатняму ўтульна”

Стварэнне школьнага музея — заканамерны вынік пошукавай работы для многіх педагогаў-краязнаўцаў. Хтосьці стварае тры або пяць музеяў, іншы ўкладвае душу ў адзін, а нехта ганарыцца і музейным пакоем, нават невялікай экспазіцыяй у вучэбным кабінеце. Дарэчы, такія экспазіцыі можна эфектыўна выкарыстоўваць у вучэбна-выхаваўчай рабоце. Пра гэта раскажа настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Слоніма Наталля Віктараўна МІХАЛЬЧЭНЯ.

Прыкладна паўтары тысячы музеяў дзейнічае ва ўстановах адукацыі нашай краіны. Гэта сапраўдныя візітоўкі ўстаноў, цэнтры выхаваўчай работы, месца, дзе можна здзейсніць падарожжа ў мінулае, цікава і карысна правесці час. Музеі адрозніваюцца колькасцю прадметаў (гэтая лічба часам дасягае некалькіх тысяч), тэматыкай і афармленнем экспазіцыі. На вяршыні своеасаблівай музейнай іерархіі знаходзяцца музеі з пачэсным званнем “народны”. А вось самая першая прыступка — невялікія экспазіцыі, якія размяшчаюцца або на школьным калідоры, або ў вучэбным кабінеце. Загадваць такой экспазіцыяй не менш адказна, чым народным музеем, а карысць і дапамога настаўніку ў рабоце такая ж значная.

“Добры дзень, шаноўныя госці. Давайце ўявім, што мы з вамі не вучні, а сялянскія дзеці, і мы з вамі не ў пачатку ХХІ стагоддзя, а дзесьці 100—150 гадоў назад. Як жа жылося ў той час, што акружала чалавека ў штодзённай рэчаіснасці? Вось такімі словамі мы сустракаем нашых гасцей, — расказвае Наталля Віктараўна. — Дзеці слухаюць з вялікім задавальненнем і цікавасцю, і вочы ў іх свецяцца ад таго, што яны даведаліся нешта новае: як жылі беларусы ў мінулыя стагоддзі, якая ў іх была матэрыяльная культура, традыцыі, абрады”.

“Экспазіцыя, размешчаная ў вучэбным кабінеце, нягледзячы на свае невялікія памеры, дазваляе больш творча і эфектыўна праводзіць заняткі, чым экспазіцыя паўнавартаснага музея. Усе прадметы знаходзяцца ў крокавай даступнасці”.

Экспазіцыя, размешчаная ў вучэбным кабінеце, нягледзячы на свае невялікія памеры, дазваляе больш творча і эфектыўна право­дзіць заняткі, чым экспазіцыя паўнавартаснага музея. Усе прадметы знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Напрыклад, калі вывучаецца твор Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну”, то настаўніца прапануе дзецям перанесціся ў час, пра які ідзе гаворка ў апавяданні, а для гэтага вучням дастаткова толькі павярнуць галаву і паглядзець на фартух, кашулі, прадметы побыту. Экспазіцыя аформлена як сцэна, таму многія творы па беларускай літаратуры пры жаданні можна тут жа ў кабінеце інсцэніраваць. Калі вучням незразумела значэнне нейкага слова, яны не ведаюць, для чаго выкарыстоўваўся той ці іншы прадмет, звязаны з даўніной, матэрыяльнай культурай нашых продкаў, то настаўнік можа падысці і прадэманстраваць яго, расказаць пра прызначэнне, патлумачыць назву. Такім чынам у вучняў развіваецца асацыятыўна-вобразнае мысленне. Па ходу заняткаў дзецям можна даць творчыя заданні, на­прыклад, апісаць пэўны прадмет з экспазіцыі.

Рашэнне пра стварэнне этнаграфічнай экспазіцыі было прынята на самым першым педсавеце 8-й школы, які прайшоў 30 жніўня 1991 года. Літаральна за год-два пад кіраўніцтвам Ірыны Пятроўны Ганісеўскай была сабрана неабходная колькасць прадметаў для афармлення экспазіцыі, пачалі праводзіцца экскурсіі. Рукамі настаўніка працоўнага навучання Уладзіміра Аляксандравіча Ільіна быў створаны інтэр’ер музейнага пакоя, экспанаты размясцілі з улікам таго, што яны знаходзяцца ў вучэбным кабінеце, настаўнік пастараўся, каб экспазіцыя была гарманічнай з эстэтычнага пункту гледжання і гістарычна праўдзівай. А ў 2005 годзе загадам дырэктара школы ва ўстанове быў створаны этнаграфічны музейны пакой.

Памяшканне № 217, якое з’яўляецца адначасова і вучэбным кабінетам, і музейным пакоем, і месцам правядзення вучнямі вольнага часу, добра вядома многім пакаленням выпускнікоў 8-й слонімскай школы. Напрыклад, Павел Кісляк, сённяшні дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мінскага раёна, у кнізе водгукаў прызнаўся, што кожны раз з асаблівым задавальненнем уваходзіць у пакой. Тут яму заўсёды ўтульна, вольна дыхаецца. Асабліва прыемна адчуваць, што і ён ствараў гэтую экспазіцыю, прынёс, напрыклад, ільняную ку­дзелю і вышываную кашулю.

Сярод калаўротаў, збаноў, глечыкаў, біклаг, ручнікоў, вышываных кашуль праводзяцца заняткі па беларускай і рускай мове і літаратуры, працоўным навучанні, гісторыі, выяўленчым мастацтве. Экспанаты з’яўляюцца неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу, спрыяюць павышэнню матывацыі, цікавасці дзяцей да навучання, дапамагаюць павысіць якасць ведаў. “У мяне ёсць любімы прыём, калі я паказваю вучням прадмет з нашай экспазіцыі і прапаную ім адказаць, ці можа гэты прадмет асацыіравацца з вобразам героя твора або пісьменніка. Паказваю той жа сноп, серп, бо большасць нашых пісьменнікаў сялянскага паходжання. Напрыклад, сноп каласоў вучні параўноўваюць з Якубам Коласам і г.д. Экспазіцыя жыве, папаўняецца, вывучаецца. Усяго больш за 200 экспанатаў. Можа, гэта і не так шмат у параўнанні з паўнавартаснымі музеямі, але гэтыя 200 прадметаў робяць любыя заняткі і выхаваўчыя мерапрыемствы ў 200 разоў больш цікавымі і захапляючымі”, — адзначыла настаўніца.

“Усяго больш за 200 экспанатаў. Можа, гэта і не так шмат у параўнанні з паўнавартаснымі музеямі, але гэтыя 200 прадметаў робяць любыя заняткі і выхаваўчыя мерапрыемствы ў 200 разоў больш цікавымі і захапляючымі”.

У дзейнасці любой экспазіцыі, незалежна ад яе тэматыкі, колькасці ўнікальных прадметаў, важным з’яўляецца пытанне захавання музейнага фонду. “У першыя гады пасля афармлення экспазіцыі мы з калегамі вешалі чырвоныя стужкі, каб дзеці не заходзілі за іх, перажывалі за захаванасць экспанатаў, думалі, што вучні могуць нават у калыску ўскочыць. Як высветлілася, мы дарэмна перажывалі. Калі экспазіцыя невялікая, адкрытая, то дзеці адчуваюць адказнасць за яе захаванасць, разумеюць, што прадметы даўніны чапаць можна, але сваволіць з імі нельга. Стараемся не забараняць, а проста тлумачым вучням, наколькі важна беражліва ставіцца да прадметаў, якімі калісьці карысталіся іх продкі”. Шмат пакаленняў вучняў займалася сярод гэтай экспазіцыі, але ні разу не было такога, каб нейкі прадмет быў пашкоджаны або знік. Выпускнікі заўсёды з задавальненнем прыхо­дзяць у музейны пакой і бачаць, што прынесеныя імі рэчы захоўваюцца.

Экспанаты знаёмяць наведвальнікаў з інтэр’ерам сялянскай хаты, народным адзеннем і народным мастацтвам. Пра ўсё гэта расказваецца падчас аглядных і тэматычных экскурсій “Традыцыі і побыт беларус­кага селяніна”, “Мой край, мой рай, бульбяна-жытні”, “Традыцыі сямейнага выхавання ў беларус­кай вёсцы”, “Святы і абрады беларусаў”, “Беларускае нацыянальнае адзенне”. Ужо стала традыцыяй правядзенне ў музейным пакоі конкурсу чытальнікаў вершаў “Жывая класіка”, святкаванне Каляд, Масленіцы, Юр’я, вучні пачатковых класаў удзельнічаюць

“У сузор’і народных свят”, шасцікласнікі — у вусным часопісе “Беларуская міфалогія”, “Свяце восені”. А нядаўна для дзевяцікласнікаў быў праведзены этнаграфічны турнір. Дарэчы, пры музейным пакоі праходзяць заняткі гуртка “Юны этнограф”, ­удзельнікі якога вывучаюць этнаграфію, сіс­тэматызуюць экспанаты, займаюцца пошукавай і даследчай дзейнасцю.

“Калі экспазіцыя невялікая, адкрытая, то дзеці адчуваюць адказнасць за яе захаванасць, разумеюць, што прадметы даўніны чапаць можна, але сваволіць з імі нельга. Стараемся не забараняць, а проста тлумачым вучням, наколькі важна беражліва ставіцца да прадметаў, якімі калісьці карысталіся іх продкі”.

Кожны год экспазіцыя папаўняецца новымі прадметамі. Музейны пакой адыгрывае важную ролю ў выхаваўчым працэсе. “Мае родныя і сваякі ведаюць, што я апантаны этнаграфіяй і краязнаўствам чалавек, таму часта перадаюць мне розныя прадметы. Нядаўна сяброўка прыехала да мяне з падарункам, прывезла народную ляльку. Калі я, напрыклад, бачу, што наш музейны сноп ужо непрывабны з выгляду, то на Ганненскім кірмашы абавязкова куплю новы. Стараюся, каб у наш музейны пакой было прыемна прыходзіць. Сярод невялікай экспазіцыі адчуваеш сябе па-хатняму ўтульна”, — дзеліцца настаўніца.

Шчыра, з любоўю, нават трапятаннем у сэрцы расказвала Наталля Віктараўна пра экспазіцыю. Кожны прадмет для яе — гэта не проста часцінка мінулых эпох. Яны перадаюць цяпло рук сваіх стваральнікаў, якія жылі многія дзесяцігоддзі назад. Біклагі, глечыкі, кошыкі, ручнікі, кашулі за многія гады сталі неад’емнай часткай жыцця нашай гераіні, часцінкай яе душы. Цікава наведваць музеі з прасторнымі заламі, з тысячамі экспанатаў пад сучаснымі бліскучымі вітрынамі, але куды ўтульней адчуваеш сябе сярод вось такіх, невялікіх экспазіцый.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.