Сярод “Першых” — Бэль і Шэрлак Холмс

Рэспубліканскі конкурс ідэй кампаніі А1 “Першыя” другі год запар натхнёна дапамагае ўвасабленню мар таленавітых школьнікаў. Сёлета фіналістамі праекта сталі 10 чалавек, якія выступяць на канферэнцыі [email protected] у верасні. Некаторыя з маладых людзей не спыняюць работу над уласнымі ініцыятывамі і зараз. Сярод такіх школьнікаў — прадстаўнікі экалагічнага напрамку Кацярына Янголь і Канстанцін Муліца.

Калі б я ведала, што мяне пачуе цэлы свет, я сказала б, што ўсё вялікае складаецца з малога. Трэба рабіць тое, што любіш, на тым месцы, дзе ты ёсць.

Адзінаццацікласніца з лагодным характарам і павышанай адказнасцю да таго, што робіць, Кацярына Янголь жыве ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёна. Сама школьніца атаясамлівае сябе з гераіняй мультфільма “Прыгажуня і пачвара” Бэль: яна пераканана, што знешнасць не мае значэння без прыгожага ўнутранага свету.

У Беларусь дзяўчына пераехала ў 2015 годзе, і з гэтага часу добра вывучыла гісторыю гарадка. Нямала паспрыяла гэтаму і захапленне школьніцы: Каця амаль не расстаецца з указкай, бо цікавіцца края­знаўствам і часта расказвае гісторыю Крэва гасцям школьнага музея.

— 12 гадоў  (да моманту, калі мая сям’я пераехала з Данецкай вобласці) я жыла ў горадзе, але ў дзяцінстве марыла жыць у вялікім доме сярод пшанічнага поля.  Мае мары ажыццявіліся часткова: цяпер я жыву ў маляўнічым мястэчку, — дзеліцца фіналістка.

Спасылку пра “Першыя” з прапановай паўдзельні­чаць Кацярыне даслаў сябар. Школьніца разумела, што чыр­воны круг TED — выдатная пляцоўка, каб гава­рыць пра важныя рэчы, таму ваганняў не было. Тым больш яна ведала, пра што мусіць ска­заць. І нарадзілася ідэя — “Танцы на Крыўлянцы”.

— Тэма адказнага стаўлення да прыроды вельмі блізкая для мяне. На ўроках геаграфіі я даведалася, што мясцовая рака Крыўлянка праз сістэму іншых рэк нясе воды ў Балтыйскае мора. Крэўскія старажылы расказвалі, як некалі рукамі лавілі ў рацэ вялізных карасёў. Сёння ж акрамя бытавога смецця там больш нічога не плавае. Праз густыя кусты мясцовыя і турысты не заўважаюць сапраўднай прыгажосці тутэйшай прыроды. Гуляючы па мястэчку, ля Юравай гары я заўважыла невялікую частку берага, якую ўжо ачысцілі ад хмызняку мясцовыя жыхары. Там для сябе я адкрыла крынічку — месца, дзе пачынаецца Балтыка! Стала відавочна, што, каб зберагчы вялікае, надзвычай важна заха­ваць у чысціні малое. З аповедаў я ведаю, што паўстагоддзя назад масты праз крэўскую раку па вечарах ператвараліся ў сапраўдныя танцпляцоўкі. Было б добра адрадзіць гэтую традыцыю і з дапамогай танцаў раскрыць хараство Крыўлянкі, заклі­каць шанаваць яе. Праект бу­дзе добрай нагодай для мясцовых і шматлікіх турыстаў выдатна правесці час у Крэве: моладзь зможа развучыць традыцыйныя танцы, а дзядулі і бабулі — прыгадаць часы маладосці. Разам з гэтым, кожны атрымае магчымасць далучыцца да захавання экасістэмы. Праблема забрудж­вання рэк існуе не толькі ў Крэве. Наш праект можа стаць прыкладам для іншых гарадоў і мястэчак. Менавіта ў гэтым бачу адну з ключавых каштоўнасцей ініцыятывы.

Каця глядзіць на свой праект вачыма прафесіянала: на радзіме яна доўгі час займалася сучаснымі танцамі, а пераехаўшы ў Крэва, паступіла ў музычную школу, якую, дарэчы, на “выдатна” скончыла некалькі тыдняў назад (школьніца добра валодае баянам).

— Магчымасць данесці свае думкі са сцэны TEDx — добры стымул перайсці да практычнай рэалізацыі задуманага, — пераканана фіналістка.

— ХХІ стагоддзе — пераходны час, дзе старыя спосабы вырашэння праблем ужо не працуюць, а новыя яшчэ не паспелі сфарміравацца. Менавіта таму сучасны чалавек павінен не пасіўна слухаць іншых і капіраваць іх меркаванне, а фарміраваць і выказваць уласны пункт гледжання, — перакананы Косця.

Канстанцін Муліца з Іўя лічыць сябе незвычайным чалавекам. Юнак тлума­чыць гэта адметнасцямі ў светапоглядзе, але найбольш яго “іншасць” заўважаецца ў нетыповых для падлетка захапленнях: хлопец цікавіцца вэб-дызайнам, любіць філасофію і неабыякавы да прадпрымальніцтва. Ды і найбліжэйшая мара ў яго адмысловая — увесці ў моду экаактывізм.

Ён не параўноўвае сябе ні з кім, і разам з тым знахо­дзіць падабенствы з Шэрлакам Холмсам. Маўляў, дэтэктыў геніяльны ў сваёй галіне (да чаго хлопец таксама імкнецца) і думае нефарматна — як чалавек з акрэсленай мэтай і смелым уяўленнем пра ўласную дзейнасць.

Дзесяцікласнік расказвае, што ў дзяцінстве ён быў вялікім летуценнікам, што дапамагло яму глядзець на свет навокал пад іншым вуглом. Дзякуючы гэтаму, юнак зразумеў, што прыходзіць час, які шмат зменіць, але самае галоўнае, што ён сам можа на гэта паўплываць.

Да таго як школьнік пачуў пра праект “Першыя” на Yandex-музыцы, яму пачалі расказваць пра яго знаёмыя: людзі адразу ўспаміналі хлопца, бо ў кампаніях ён часта быў самым прадпрымальным. А паколькі Косця даўно марыў паўдзельні­чаць у нечым падобным, “паўпрадпрымальніцкі свет адкрыўся перад ім”. Так захапленні хлопца злучыліся ў яго праек­це Grassy (ад англійскай — “травяністы”).

— Колькі сябе памятаю, я быў генератарам ідэй. Але асноўнай праблемай, з якой прыйшлося змагацца, стала тое, што, прыдумваючы новае, не любіў займацца яго ажыццяўленнем. Але як толькі прачытаў усю інфармацыю пра “Першыя”, пачаў думаць, якім чынам можна дапамагчы краіне. Важна было, каб ідэя не проста стала цікавай, а прыносіла карысць. Я выбраў напрамак “Экалогія”, бо лічу, што праблемныя пытанні ў гэтай галіне зараз стаяць найбольш востра. Я прыхільнік прынцыпу “ад “знутры” — да “звонку” і думаю, што экалагічная праблема акумулюецца ў адсутнасці экакультуры сярод людзей, — тлумачыць Канстанцін.

Па словах школьніка, яго ідэя не проста конкурсная работа. Grassy — гэта вэб-сэрвіс-дапаможнік, што дазваляе зацікаўленым пашыраць экалагічную культуру, шу­каць аднадумцаў. Ён уяўляе сабой тэматычную сацыяльную сетку, якая дапамагае людзям камунікаваць, ства­раць мерапрыемствы, раздзяляць меркаванні і вучыцца адно ў аднаго. Косця гаворыць, што лю­дзей, якія хочуць змен да лепшага ў сферы экалогіі, значна больш, чым здаецца. Але многія з іх губляюцца ў плынях непатрэбнай інфармацыі і сутыкаюцца з пагрозай кінуць захапленне экалогіяй. Гэтую праблему і павінна выра­шыць яго ініцыятыва, якая ўбачыць свет у канцы ліпеня — жніўні бягучага года.

— Я значна змяніўся. Не магу пераконваць, што гэта стапрацэнтны ўплыў праекта, але ён адыграў у маім жыцці не апошнюю ролю, — падагульняе юнак. — Дзякуючы “Першым”, я зразумеў, што прадпрымальніцтва — гэта маё, шмат даведаўся і развіў некаторыя  асабістыя якасці. Але ж шмат чароўнага яшчэ наперадзе: выступленне на Тedх — сапраўдная мара любога прамоўцы.

Каманда “Першых” не пакідае сваіх гадаванцаў. Некалькі дзён назад маладыя людзі атрымалі невялікія сюрпрызы — пасылкі з кнігамі, якія могуць быць карыснымі пры падрыхтоўцы да выступлення ці дапамогуць фіналістам лепш пазнаёміцца з сабой. Спецыялісты гавораць, што гэтыя выданні могуць прыносіць карысць любому чалавеку, які шукае матывацыю:

1. Крыс Андэрсан. “TED TALKS Слова меняют мир. Первое официальное руководство по публичным выступле­ниям”. Гэтую кнігу называюць інструкцыяй ХХІ стагоддзя па эфектыўным выбудоўванням  камунікацыі. “Мурашы вызна­чаюць паводзіны адно аднаго, абменьваюся хімічнымі рэчывамі. Мы робім гэта, становячыся насупраць, гледзячы ў вочы адно аднаму, памахваючы рукамі і выдаючы адмысловыя гукі. Зносіны лю­дзей — сапраўдны цуд свету. Мы робім гэта неўсвядомлена і пастаянна. І найбольш эфектыўная форма такіх зносін — публічнае выступленне”, — перакананы аўтар кнігі. А што скажаце вы?

2. Джуліян Трэжэр. “Выступление в стиле TED. Говорю. Слушаю. Слышу”. Прамовы гэтага чалавека на канферэнцыях TED запатрабаваны сярод гледачоў  і слухачоў рознага ўзросту. Магчыма, сакрэт хаваецца ў тым, што ён тлумачыць эфектыўнасць ці правал прамоў з пункту гледжання гукаў.

“Раней мы слухалі ўважліва, паколькі гукі мелі сэнс. Калі б вы дзялілі пячору з мядзведзямі ці тыграмі, вам бы прыйшлося прыслухоўвацца да ўсяго! Зараз жа асноўная частка шумаў бессэнсоўная, таму мы выпрацавалі звычку не звяртаць на іх увагу”, — піша аўтар.

3. Кніга Стывена Кові “Семь навыков высокоэфективных людей. Мощные инструменты развития личности” неаднаразова ўваходзіла ў рэйтынг часопіса Тime “25 самых значных кніг па менеджменце” (яе зараз якраз чытае Косця). Кажуць, што яна паўплывала на светапогляды журналіста Лары Кінга, 42-га Прэзідэнта ЗША Біла Клінтана і галоўнага рэдактара часопіса Forbes Стывена Форбса. Пацвердзіць ці аспрэ­чыць гэтае меркаванне, зрэшты, можна толькі  прачытаўшы гэтую кнігу.

4. Рада Агравал. “Вместе: как найти единомышленников, создать сообщество и ощутить связь со всеми”. Адна з ключавых думак аўтара ў тым, што прыналежнасць да пэўнай супольнасці — неабходнасць для чалавека. Кніга падыдзе для тых, хто любіць не проста чытаць, а засвойваць і асэнсоўваць інфармацыю праз схемы і малюнкі.

5. Барбара Шэр. “О чем мечтать. Как понять чего хочешь на самом деле, и как этого добиться”.

“Добрае жыццё — калі ты ўстаеш зранку і табе не церпіцца пачаць усё спачатку”, — гаворыць аўтар і методыкамі з кнігі стараецца ўвасобіць гэтую думку ў жыцці чытачоў.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістых архіваў герояў.