Сёлета на конкурсах “Славянскага базару ў Віцебску” нашу краіну прадставяць мінчане

Імёны прадстаўнікоў Беларусі на конкурсах XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сталі вядомы 16 сакавіка. Упершыню фінальныя нацыянальныя адборы на дарослы і дзіцячы музычныя конкурсы віцебскага форуму прайшлі ў Аршанскім гарадскім цэнтры культуры “Перамога” і былі арганізаваны ў фармаце гала-канцэртаў. За права прадставіць Беларусь у Віцебску спаборнічалі два дзясяткі фіналістаў, якія ва ўсіх абласцях краіны прайшлі два папярэднія адборы на дзіцячы і дарослы музычныя конкурсы.

Выступае Ксенія Галецкая.

Выступленні фіналістаў ацэньвала прафесійнае журы: вядучыя спецыялісты ў галіне эстраднага мастацтва, папулярныя артысты, музычныя прадзюсары, кампазітары і рэжысёры, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і ўстаноў культуры. Судзейскую калегію дзіцячага конкурсу ўзначальвала старшыня камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, дарослага — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг. Удзельнікі выконвалі па два вакальныя творы.

У выніку права прадставіць Беларусь на дарослым музычным конкурсе заваяваў з адрывам у адзін бал ад найбліжэйшага канкурэнта 19-гадовы студэнт 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў мінчанін Іван Зданюк. “Зараз проста неверагодныя эмоцыі… Ты чакаеш перамогі, але ўсё роўна адчуваеш неверагодныя эмоцыі, калі цябе аб’яўляюць пераможцам — гэта вельмі крута”, — не хаваў сваёй эйфарыі Іван, калі даведаўся пра перамогу. На адборы ён выканаў папулярны хіт Уладзіміра Праснякова “Слухаючы цішыню” і свежы хіт Natural амерыканскага гурта Imagine Dragons.

Спаборнічаць за перамогу ў дзіцячым конкурсе ад Беларусі будзе таксама прадстаўніца сталіцы — адзінаццацігадовая Ксенія Галецкая. Цікава, што ў дзіцячым фінальным адборы ўдзельнічалі выключна дзяўчынкі — усе як на падбор мілыя, звонкія і ўжо з харызмай. Але менавіта Ксеніі лепей за ўсіх удалося пакарыць сэрцы журы і гледачоў кампазіцыямі “Усім настрой нясі” і Run to you.

Ксенія Галецкая не навічок на міжнародных дзіцячых песенных конкурсах. За яе плячыма перамогі на многіх прэстыжных творчых спаборніцтвах, у тым ліку гран-пры ў Маскве і Кіеве. Яна ўмее спяваць у розных танальнасцях і тэмбрах, лёгка адчувае сябе ў розных песенных жанрах. Але, несумненна, у ліпені на сцэне ў Віцебску Ксеніі давядзецца спаборнічаць з такімі ж моцнымі сапернікамі з розных куткоў свету, якія перад гэтым прайшлі свае нацыянальныя адборы. І таму нашу дзяўчынку цяпер чакае некалькі месяцаў напружанай падрыхтоўкі ўжо непасрэдна да конкурснага выступлення на “Славянскім базары”.

Нагадаем, што сёлета XXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Дарослы і дзіцячы міжнародныя вакальныя конкурсы традыцыйна складаюць галоўную інтрыгу віцебскага форуму. Як правіла, удзел і тым больш перамогі на гэтых творчых спаборніцтвах запальваюць зялёнае святло перад выканаўцамі на іх шляху ў вялікі музычны свет.

Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.